Перабудова
рэфармаваньне грамадзка-гаспадарчага і дзяржаўнага ладу Савецкага Саюзу ў 1985—1991 гадах / From Wikipedia, the free encyclopedia
Перабудо́ва — рэфармаваньне грамадзка-гаспадарчага і дзяржаўнага ладу Савецкага Саюзу ў 1985—1991 гадах, якое распачаў генэральны сакратар Камуністычнай партыі Міхаіл Гарбачоў.
Асноўным зьместам абвяшчаліся дэмакратычны сацыялізм і гаспадарчыя пераўтварэньні, якія зацьвердзілі: 27-ы зьезд Камуністычнай партыі ў лютым-сакавіку 1986 году, студзеньскі і чэрвеньскі пленумы Цэнтральнага камітэту Кампартыі ў 1987 годзе, 19-я Ўсесаюзная партыйная канфэрэнцыя ў чэрвені 1988 году і 28-ы зьезд Кампартыі ў ліпені 1990 году. У выніку Савет міністраў СССР паступова страціў кіраваньне ў саюзных рэспубліках, зь якімі ўзьніклі міжнародныя супярэчнасьці, а таксама ў Расейскай СФСР. 28 чэрвеня 1991 году распаўся Савет эканамічнай узаемадапамогі, які ад 1949 году дзейнічаў з сацыялістычнымі дзяржавамі Эўропы. 1 ліпеня 1991 году зь імі скасавалі Варшаўскую дамову 1955 году «Аб сяброўстве, супрацы і ўзаемадапамозе». 6 лістапада 1991 году ў Савецкім Саюзе распусьцілі Камуністычнай партыю. 25 сьнежня 1991 году прэзыдэнт СССР Гарбачоў падаў у адстаўку, пасьля чаго Савецкі Саюз спыніў існаваньне. Былыя саюзныя рэспублікі сталі сувэрэннымі дзяржавамі, у тым ліку Беларуская ССР — Рэспублікай Беларусь. 12 з 15 тых рэспублік утварылі Садружнасьць незалежных дзяржаваў (Менск)[1].