Расейская Вікіпэдыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Расейская Вікіпэдыя (па-расейску: Русская Википедия) — разьдзел Вікіпэдыі на расейскай мове, заснаваны 20 траўня 2001 году.
На сёньняшні дзень зьмяшчае 1 981 884 артыкулы[1]. Разьдзел знаходзіцца на сёмым месцы па ліку артыкулаў сярод усіх Вікіпэдыяў і першым сярод славянскіх. На 18 сакавіка 2010 году разьдзел займаў шостае месца па якасьці артыкулаў, саступаючы толькі ангельскаму, нямецкаму, францускаму, гішпанскаму і італьянскаму разьдзелам.
Назва «расейская» (як і іншыя аналягічныя назвы — ангельская Вікіпэдыя, француская Вікіпэдыя і т. п.) азначае не прыналежнасьць да этнаса або дзяржавы, а толькі мову, на якой напісаныя артыкулы.
На сярэдзіну сакавіка 2010 году ТАЦ Вікіпэдыі ў Яндэкс.Каталёгу роўны 36 000, і яна знаходзіцца на 7-м месцы сярод сайтаў рунэту[2].
Колькасьць артыкулаў у расейскай Вікіпэдыі значна павялічылася дзякуючы ботам. Робаты загрузілі, напрыклад, тысячы артыкулаў пра астэроіды. Таксама выкарыстана мноства матэрыялаў з расейскамоўных энцыкляпэдыяў, якія перайшлі ў грамадзкую ўласнасьць.