Склад
From Wikipedia, the free encyclopedia
Склад — мінімальная фанэтыка-фаналягічная адзінка, якая характарызуецца найбольшай акустыка-артыкуляцыйнай зьлітнасьцю сваіх кампанэнтаў, уваходных у ягоны склад гукаў. Склад ня мае сувязі з фармаваньнем і выказваньнем сэнсавых стасункаў, ён зьяўляецца выключна вымаўленчай адзінкай. У складзе групуюцца гукі рознай ступені гучнасьці, найбольш гучныя — складаўтваральныя, астатнія — нескладовыя. Склад, як правіла, складаецца зь ядра складу, часьцей за ўсё галоснага, з дадатковым пачатковым ці канчатковым полем, часьцей за ўсё зычных. Склад зьяўляецца фаналягічнай арганізацыяй, якая займае прамежкавы ўзровень паміж сэгмэнтарнай і несэгмэнтарнай фаналёгіяй, паміж фанэмай і словам. Склады часьцяком лічацца фаналягічнымі «будаўнічымі блёкамі» словаў. Яны могуць уплываць на рытм мовы, ейную прасодыю й паэтычны мэтар.
Складовая пісьменнасьць пачалася на некалькі сотняў гадоў раней за зьяўленьне першых літараў. Раньнія запісы складоў на дошчачках, напісаныя каля 2800 году да н. э., былі знойдзены ля старажытнага шумэрскага гораду Ур. Гэты пераход ад піктаграмаў да складоў быў названы «найважнейшым дасягненьнем у гісторыі пісьменства»[1]. Слова, якое складаецца з аднаго склада называецца аднаскладовым, двух — двухскладовым, трох — троххскладовым, а больш за тры — шматскладовымі, нягледзячы на тое, што гэты тэрмін часта выкарыстоўваецца, каб апісаць слова з двух складоў і больш.