Хвароба Альцгаймэра
нэўрадэгенэратыўнае захворваньне / From Wikipedia, the free encyclopedia
Хвароба Альцгаймэра (таксама сэнільная дэмэнцыя альцгаймэраўскага тыпу) — найбольш распаўсюджаная форма дэмэнцыі, невылечнае дэгенэратыўнае захворваньне, упершыню было апісана ў 1906 годзе нямецкім псыхіятрам Аляісам Альцгаймэрам. Як правіла, яно выяўляецца ў людзей старэйшых за 65 год[1], але існуе і раньняя хвароба Альцгаймэра — рэдкая форма захворваньня. Агульнасусьветная захворваемасьць на 2006 год ацэньвалася ў 26,6 млн чалавек, да 2050 году колькасьць хворых можа вырасьці ў чатыры разы[2]. Ад хваробы пакутуюць 20% асобаў ва ўзросьце пасьля 85 гадоў[3].
У кожнага чалавека хвароба працякае па-свойму, але пры гэтым назіраецца шэраг агульных сымптомаў[4]. Першыя прыкметныя праявы звычайна па памылцы зьвязваюць з старэчым узростам ці тлумачаць уплывам стрэсу[5].
Найбольш часта на раньніх стадыях распазнаецца засмучэньне памяці, гэты сымптом можа выяўляцца, напрыклад, няздольнасьцю ўспомніць нядаўна завучаную інфармацыю. Пры звароце да лекара й падазрэньні на хваробу Альцгаймэра для ўдакладненьня дыягназу звычайна аналізуюць паводзіны, праводзяць сэрыю кагнітыўных тэстаў, калі магчыма, праводзіцца магнітна-рэзанансная тамаграфія[6].
З разьвіцьцём хваробы выяўляюцца такія сымптомы, як блытлівасьць, раздражняльнасьць і агрэсіўнасьць, ваганьне настрою, парушэньне здольнасьці гаварыць і разумець сказанае (афазія), адбываецца страта доўгачасовай памяці й агульнае самаліквідаваньне хворага ад справаў па меры згасаньня сьвядомасьці[5][7]. Паступовая страта функцыяў арганізма вядзе да сьмерці[8]. Індывідуальны прагноз абцяжараны з-за варыяцыяў у працягласьці плыні хваробы, якая можа разьвівацца падспудна на працягу доўгага часу, перш чым стануць прыкметныя сымптомы й будзе пастаўлены дыягназ. Сярэдняя працягласьць жыцьця пасьля ўстанаўленьня дыягназу складае каля сямі гадоў[9], менш трох адсоткаў хворых жывуць больш чатырнаццаці гадоў[10].
У цяперашні час не дасягнута поўнага разуменьня чыньнікаў і ходу хваробы Альцгаймэра. Дасьледаваньні кажуць аб асацыяцыяваньні хваробы з назапашваньнем бляшак і нэўрафібрылярных клубкоў у тканінках мозгу[11]. Сучасныя мэтады тэрапіі толькі некалькі зьмякчаюць сымптомы, але пакуль не дазваляюць ні спыніць, ні запаволіць разьвіцьцё захворваньня. Мноства пэрспэктыўных мэтадаў тэрапіі дасягнулі этапу клінічных выпрабаваньняў, колькасьць якіх на 2008 год складала больш за пяцьсот, аднак незразумела, ці будзе даказаная іхная эфэктыўнасьць. У 2012 годзе ЗША спынілі пошукі лекаў ад хваробы Альцгаймэра. Дзьве амэрыканскія кампаніі спынілі распрацоўку некалі пэрспэктыўнага прэпарата для палягчэньня наступстваў страты памяці пры хваробы Альцгаймэра пасьля двух клінічных дасьледаваньняў, падчас якіх сродак ня здолеў дапамагчы хворым.
Хвароба Альцгаймэра належыць да захворваньняў, якія накладваюць самы цяжкі фінансавы груз на грамадзтва ў разьвітых краінах[12][13].