Эндакрынная сыстэма
From Wikipedia, the free encyclopedia
Эндакрынная сыстэма — сыстэма рэгуляцыі дзейнасьці ўнутраных органаў пры дапамозе гармонаў, якія вылучаюцца эндакрыннымі вузамі непасрэдна ў кроў, альбо дыфундыруючых празь міжвузаваю прастору ў суседнія вузы. Эндакрынная сыстэма падзяляецца на завалкавую эндакрынную сыстэму, у якой эндакрынныя вузы злучаныя разам утвараюць залозу ўнутранага вытвору, і дыфузную эндакрынную сыстэму. У адрозьненьне ад залозаў зьнешняга вытвору, у складзе эндакрынных залозаў адсутнічаюць вывадныя пратокі, яны маюць добра разьвітую судзінкавую сетку, асабліва мікрацыркуляванага рэчышча, у які вылучаюць свой вытвор. Вузы эндакрынных органаў утвараюць характэрныя навалы ў выглядзе фалікулаў або трабэкулаў. Эндакрынацыты характарызуюцца высокай вытворнай актыўнасьцю і значным разьвіцьцём сынтэтычнага апарату. Іхная цытаплязма ўтрымлівае спэцыфічныя гранулы, у якіх назапашваюцца біялягічна актыўныя рэчывы.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/d/da/Illu_endocrine_system.png)
Падтрыманьне сталасьці ўнутранага асяродзьдзя і ажыцьцяўленьне асноўных жыцьцёвых функцыяў адбываецца пры ўдзеле біялягічна актыўных рэчываў. Зьвязваючыся з рэцэптарамі вузаў, гармоны зьмяняюць функцыянальную актыўнасьць розных тканак, падладкоўваючы яе пад запыты арганізма. Акрамя таго, ныркі, лёгкія, страўнік і іншыя органы ўдзельнічаюць у выпрацоўцы гармонаў, якія аказваюць ня толькі мясцовае ўзьдзеяньне, але і ініцыююць утварэньне гармонаў у іншых органах і залозах. Гэтак залоза ўнутранага вытвору ўтварае завалкавыя гармоны, да якіх адносяць усе стэроістыя гармоны, гармоны шчытаватай залозы й многія пэптыдныя гармоны. Дыфузная эндакрынная сыстэма прадстаўлена расьсеянымі па ўсім арганізьме эндакрыннымі вузамі, якія прадуцыруюць гармоны. Практычна ў кожнай тканке арганізму зьмяшчаюцца эндакрынныя вузы.
У вузах мазгавога прывеску (гіпофізу) выпрацоўваюцца гармоны, якія ўплываюць на нэрвовую сыстэму, кантралююць дзейнасьць іншых залозаў унутранага вытвору, узьдзейнічаюць на функцыі тканак і органаў. Некаторыя гармоны сынтэзуюцца ў арганізьме незалежна ад уплыву гіпофіза. Да іх адносяцца інсулін і глюкагон — гармоны падстраўнікавай залозы. Яны кантралююць узровень глюкозы ў крыві. Адрэналін і норадрэналін — гармоны мазгавога рэчыва наднырачнікаў — павышаюць крывяны ціск і стымулююць вугляводны абмен.
Вышэйшым цэнтрам рэгуляцыі дзейнасьці эндакрыннай сыстэмы зьяўляецца гіпаталямус — аддзел прамежкавага мозгу, цесна зьвязаны з мазгавым прывескам. Разам зь ім істотную ролю ў падтрыманьні на аптымальным узроўні розных парамэтраў унутранага асяродзьдзя арганізма адыгрываюць і некаторыя прадукты абмену рэчываў.