Ядзерная энэргетыка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ядзерная энэргетыка — галіна энэргетыкі, у якой выкарыстоўваюць ядзерную энэргію для вытворчасьці цеплавой і электрычнай энэргіі. Таксама галіна навукі і тэхнікі, у якой распрацоўваюць спосабы і сродкі пераўтварэньня ядзернай энэргіі ў цеплавую і электрычную. Аснова — атамныя электрастанцыі (АЭС). Ядзерную энэргію таксама пераўтвараюць у карысную на атамных цеплаэлектрацэнтралях (ЦЭЦ), атамных станцыях цеплазабесьпячэньня і ядзерных сілавых устаноўках на ледаколах і падлодках[1].
Крыніцай энэргіі на АЭС служыць ядзерны рэактар, у якім ажыцьцяўляюць кіраваную ланцуговую ядзерную рэакцыю дзяленьня цяжкіх ядраў урану, плютону і тору. У ходзе дзяленьня вылучаецца значная колькасьць цяпла. Звыш 90% цяпла вылучаецца пры тармажэньні аскепкаў дзяленьня ядраў у матэрыяле ядзернага паліва. Адвод і ператварэньне атрыманага цяпла ў карысную энэргію ажыцьцяўляюць спосабамі прамысловай цеплаэнэргетыкі. Для атрыманьня электраэнэргіі выкарыстоўваюць паратурбіну. Для атрыманьня вадзяной пары (працоўнага цела) — ядзерны рэактар[1].