From Wikipedia, the free encyclopedia
Ірана-саудаўскія адносіны — міжнародныя адносіны (двухбаковыя кантакты) паміж Ісламскай Рэспублікай Іран і Каралеўствам Саудаўская Аравія. Адносіны, асабліва пасля Ісламскай рэвалюцыі ў Іране (1979), развіваліся вельмі цяжка, так як Эр-Рыяд абвінавачваў Тэгеран у падтрымцы шыіцкай апазіцыі, а Іран у адказ папракаў Саудаўскую Аравію ў парушэнні правоў шыіцкай меншасці. Таксама меліся праблемы з хаджам іранскіх паломнікаў у Меку і Медыну. Двухбаковыя адносіны двойчы (у 1988 і ў 2016 гадах) разрываліся па ініцыятыве Саудаўскай Аравіі.
Ірана-саудаўскія адносіны | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Адносіны дзвюх краін у перыяд праўлення шаха развіваліся безканфліктна. Ісламская рэвалюцыя прывяла да ўлады ў Іране радыкальнае шыіцкае духавенства. У Эр-Рыядзе гэта было сустрэта з трывогай, так як шыіты складаюць там значную частку насельніцтва (у тым ліку нафтаноснага ўзбярэжжа), але не валодаюць усімі правамі як суніцкая большасць. Ісламская рэвалюцыя выклікала ў саудаўскіх шыітаў натхненне. Ужо ў снежні 1979 года ў Саудаўскай Аравіі прайшлі дэманстрацыі шыітаў з патрабаваннямі спыніць экспарт нафты ў ЗША, спыніць дыскрымінацыю шыітаў, а таксама падтрымаць ісламскую рэвалюцыю[1]. У наступным годзе ў Саудаўскай Аравіі прайшло каля 60 праіранскіх пратэстаў, хоць пацвердзіць удзел у іх афіцыйнага Тэгерана не ўдалося[2].
Двухбаковыя адносіны абвастрыліся яшчэ больш у сувязі са спрэчкай вакол агульных святых месцаў сунітаў і шыітаў, размешчаных у Саудаўскай Аравіі — Мекі і Медыны. У 1983 годзе міністр Ірана Махамед Хатамі заявіў, што яны належаць усім мусульманам і што хадж — найлепшая платформа для дыялогу[3]. Тым не менш спрэчка вакол святых месцаў стаў каменем перапоны. 31 ліпеня 1987 года падчас пілігрымкі адбыліся сутыкненні з паліцыяй, падчас якіх загінулі 402 чалавекі, пераважная большасць з іх (375 чалавек) былі іранскімі паломнікамі[4]. Саудаўская Аравія і большасць арабскіх краін усклалі адказнасць за здарэнне на Іран. У адказ Тэгеран ва ўсім абвінаваціў саудаўскія ўлады. У сакавіку 1988 года канфлікт вакол хаджу атрымаў працяг — Саудаўская Аравія сумесна з АІС вызначыла квоту на штогадовую колькасць паломнікаў з Ірана — 55 тыс. чалавек[4]. Іран жа запатрабаваў квоту ў 150 тыс. пілігрымаў. У красавіку 1988 года Саудаўская Аравія разарвала адносіны з Іранам, а Тэгеран прыняў рашэнне байкатаваць хадж.
У 1990-я—2000-я гады адносіны прыкметна палепшыліся. У сакавіку 1991 года дыпламатычныя сувязі былі адноўлены, а Іран атрымаў квоту на 105 тыс. чалавек для ўдзелу у хаджы[4]. Міністр замежных спраў Ірана і прэзідэнт Ірана ў 1991 і 1998 гадах наведалі Саудаўскую Аравію, а саудаўская дэлегацыя прыняла ўдзел у сесіі АІС у Тэгеране ў 1997 годзе[5]. Хоць падазрэнні Эр-Рыяда, што Тэгеран падтрымліваў шыіцкую апазіцыю захаваліся, але 1990-я і пачатак 2000-х гадоў сталі часам паляпшэння становішча шыітаў у Саудаўскай Аравіі.
У 1993 годзе, неўзабаве пасля аднаўлення двухбаковых адносін, тры шыіты былі ўключаны ў склад Меджліса аш-Шуры[6]. У 2005 годзе ў Саудаўскай Аравіі былі прыняты меры па паляпшэнню становішча шыітаў: зняты многія абмежаванні для правядзення цырымоній у шыіцкія памятныя даты (напрыклад, на Ашуру), на муніцыпальных выбарах былі абраны дэпутатамі некалькі шыітаў (у Эль-Катыфе яны атрымалі ўсе 6 дэпутацкіх месцаў, а ў Эль-Ахсаа 5 мандатаў з 6)[6].
Сітуацыя змянілася з пачаткам Арабскай вясны, калі ў сакавіку і лістападзе 2011 года шыіты Саудаўскай Аравіі правялі мітынгі, жорстка разагнаныя ўладамі[6]. У 2012 годзе ў Саудаўскай Аравіі быў затрыманы шыіцкі прапаведнік Німр аль-Німр. У студзені 2016 года ён і 46 яго прыхільнікаў былі пакараны смерцю[7], што выклікала новае абвастрэнне ірана-саудаўскіх адносін. Духоўны лідар Ірана Алі Хаменеі асудзіў інцыдэнт[7]. Натоўп мясцовых жыхароў у ноч на 3 студзеня таго ж года разграміў саудаўскую дыпмісію ў Тэгеране[8], а ў горадзе Мешхед было атакавана саудаўскае консульства[9]. У адказ Саудаўская Аравія разарвала адносіны з Іранам, абвінаваціўшы яго ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы[9].
10 сакавіка 2023 года, па выніках перамоў у Пекіне, краіны падпісалі пагадненне аб аднаўленні дыпламатычных адносін і адкрыцці пасольстваў на працягу двух месяцаў[10].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.