Атмасферная электрычнасць
From Wikipedia, the free encyclopedia
Атмасферная электрычнасць — сукупнасць электрычных з’яў у зямной атмасферы (электрычнае поле, іанізацыя і праводнасць атмасферы, электрычныя токі ў паветры, электрычныя зарады ў аблоках, навальніца, палярныя ззянні, агні Эльма і да таго падобнае).
Сутнасць некаторых з гэтых з’яў упершыню патлумачыў М. В. Ламаносаў, які даказаў тоеснасць маланкі і электрычнай іскры, паказаў прычыны ўзнікнення атмасфернай электрычнасці, патлумачыў прыроду палярных ззянняў.
Атмасферы ўласціва электраправоднасць, што абумоўлена наяўнасцю ў ей станоўчых і адмоўных зарадаў — іонаў. Іанізатарамі атмасферы выступаюць касмічныя прамяні, радыеактыўнае выпраменьванне зямных парод, ультрафіялетавае і іншае выпраменьванне Сонца, маланкі і г. д.
Электраправоднасць атмасферы змяняецца з вышынёй і ў часе: яна максімальная летам, мінімальная зімой; на працягу сутак — найбуйнейшая раніцай, найменшая — каля поўдня. Напружанасць электрычнага поля пры ясным надвор’і ў сярэднім роўная 130 в/м і памяншаецца з вышынёй.