![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/d3/Phenakistoscope_3g07690d.gif/640px-Phenakistoscope_3g07690d.gif&w=640&q=50)
Вальс
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вальс (фр.: valse) — парны танец, заснаваны на плаўным кружэнні ў спалучэнні з паступальным рухам. Музычны памер 3/4, радзей 3/8, 6/8. Тэмп — ад павольнага да ўмерана хуткага. Паходзіць ад нямецкіх, аўстрыйскіх, чэшскіх народных танцаў тыпу лендлера. Узнік у другой палове XVIII стагоддзя, у пачатку XIX стагоддзя пашырыўся па ўсёй Еўропе, стаў адным з самых папулярных танцаў. Найбольш вядомы венскі вальс (І. Ланер, І. Штраус-бацька, І. Штраўс-сын). Разнавіднасць вальса — павольны вальс-бастон. Як сцэнічная форма выкарыстоўваецца ў оперы, балеце, аперэце, музыцы для драматычных спектакляў, стаў самастойнай формай фартэпіяннай музыкі, асновай песень, рамансаў, цыклічных твораў (сюіты, сімфоніі). На Беларусі вядомы з другой паловы XIX стагоддзя ў гарадскім і сялянскім побыце. У наш час — неад’емная частка народнага танцавальнага і музычна-інструментальнага рэпертуару. У жанры вальса значны ўклад зрабілі беларускія кампазітары М. Аладаў, А. Багатыроў, Р. Бутвілоўскі, Я. Глебаў, В. Залатароў, І. Лучанок, С. Картэс, Р. Пукст, Дз. Смольскі, Э. Ханок і інш.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/d3/Phenakistoscope_3g07690d.gif/640px-Phenakistoscope_3g07690d.gif)