Вялікія дзяржавы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вялікая дзяржава — умоўнае, неюрыдычнае абазначэнне дзяржаў, якія дзякуючы свайму ваеннаму і эканамічнаму патэнцыялу аказваюць вызначальны палітычны ўплыў на сістэму міжнародных і міжнародна-прававых адносін.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/a5/CongressVienna.jpg/320px-CongressVienna.jpg)
Паняцце «вялікая дзяржава» ўпершыню аформілася пасля Венскага кангрэса, калі ім сталі зваць пяць еўрапейскіх дзяржаў: Вялікабрытанію (адзіная звышдзяржава), Францыю, Расію, Аўстрыю (пазней Аўстра-Венгрыя), Прусію (пазней Германія). Досыць доўгі час гэтыя краіны выступалі як адзіныя паўнапраўныя суб'екты міжнароднай палітыкі, якія валодаюць дастатковай ваенна-палітычнай моцай для правядзення незалежнай ні ад каго знешняй палітыкі.
Пасля Еўрапейскіх рэвалюцый 1848—1849 гадоў баланс сіл у сістэме стаў змяняцца. Аб'яднанная ў сярэдзіне XIX стагоддзя Італія прэтэндавала на ўваходжанне ў клуб вялікіх дзяржаў. А напачатку XX стагоддзя з клуба вялікіх дзяржаў фактычна выйшла Аўстра-Венгрыя, якая распалася. Да пазаеўрапейскіх вялікіх дзяржаў у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя сталі прылічаць новую першую эканоміку свету Злучаныя Штаты Амерыкі (якія, зрэшты, вялікага ўплыву на міжнародную палітыку да Першай сусветнай вайны не аказвалі) і мадэрнізаваную Японію.
Да сярэдзіны XX стагоддзя звышдзяржавамі былі ЗША, Вялікабрытанія, СССР. Падчас Другой сусветнай вайны нацысцкая Германія і мілітарысцкая Японія зрабілі спробу стаць новымі звышдзяржавамі, а Італія — замацавацца як вялікая дзяржава, але пацярпелі паражэнне.
Пасля Другой сусветнай вайны вялікімі дзяржавамі сталі лічыцца сталыя члены Савета Бяспекі ААН: ЗША, СССР, Вялікабрытанія, Францыя і Кітай. Гэтыя ж дзяржавы набылі дадатковы ўплыў дзякуючы валоданню ядзернай зброяй. Вялікабрытанія страціла статус звышдзяржавы з прычыны распаду Брытанскай імперыі; ЗША і СССР у эпоху Халоднай вайны сталі звышдзяржавамі, якія ўзначальвалі наймагутнейшыя ваенна-палітычныя блокі (НАТА і АВД адпаведна) і мелі ваенна-стратэгічны парытэт. Статутам ААН на вялікія дзяржавы ўскладаецца галоўная адказнасць за падтрыманне міру і ўсеагульнай бяспекі.
У першыя часы пасля заканчэння халоднай вайны і распаду Савецкага Саюза, нягледзячы на прызнаную паўнапраўную правапераемнасць ад СССР (у т.л. у ААН) і перанятыя савецкія ядзерныя сілы, рэзка зменшылася значэнне і сусветны ўплыў як вялікай дзяржавы постсавецкай Расіі, якая зведала сістэмны эканамічны, унутрыпалітычны і ваенны крызіс. Звязаныя са спрыяльнай сусветнай кан'юнктурай эканамічныя поспехі і палітычная стабільнасць Расіі з пачатку XXI стагоддзя дазволілі ёй узмацніць сваё становішча ў свеце (і асабліва ў СНД), а таксама прэтэндаваць на статус патэнцыйнай звышдзяржавы.
У сучасным свеце Кітай наблізіўся да статусу звышдзяржавы і актыўна абмяркоўваецца неабходнасць рэформы Савета Бяспекі ААН. Германія, Японія, Індыя, Бразілія і радзей ПАР, Італія, Мексіка разглядаюцца як кандыдаты ў лік сталых членаў пашыранага складу Савета Бяспекі. Аднак з іх толькі Японія (як эканамічна-тэхналагічна-фінансава другая ключавая краіна Захаду з канца XX стагоддзя) і Германія (як лідар Еўрапейскага саюза), а таксама званыя часам патэнцыйнымі звышдзяржавамі Індыя (як ядзерная дзяржава і другая мільярдная паводле насельніцтва краіна з эканомікай і навукай, якія бурна развіваюццца з пачатку XXI стагоддзя) і Бразілія (як лідар развіцця Лацінскай Амерыкі) могуць кансенсусна лічыцца ў якасці новых фактычных вялікіх дзяржаў сучаснасці.