Гісторыя Японіі
From Wikipedia, the free encyclopedia
У сярэдзіне 1-га тысячагоддзя да н.э. з поўдня Карэйскага паўвострава на Японскія астравы праніклі т.зв. протаяпонскія плямёны. З іх прыходам тут з'явіліся свойскія жывёлы — конь, карова; узнікла культура паліўнога рысу. На востраве Хакайда з айнамі змешваліся выхадцы з усходняга ўзбярэжжа мацерыка Азіі. На астравах Кюсю і Сікоку і на поўдні Хансю айнскае насельніцтва асімілявалася з аўстранезійскімі плямёнамі. Працэс развіцця прышлых плямён, іх узаемадзеянне з мясцовым аўстранезійска-айнскім насельніцтвам адбываліся да 5 стагоддзя да н.э. Раннія пасяленцы жылі вясковымі абшчынамі, якія аб'ядноўваліся ў невялікія тэрытарыяльныя або племянныя саюзы на чале з правадырамі. У 2-3 стагоддзях да н.э. яны вялі войны за пашырэнне сваіх тэрыторый. Пашырыліся паселішчы, умацаваныя насыпамі і равамі.
Паводле кітайскіх хронік легендарны імператар Дзіму-Тэно — нашчадак багіні Аматэрасу; у 660 годзе да н.э. ён стаў родапачынальнікам няспыннай дынастыі японскіх імператараў. На стадыі афармлення дзяржавы грамадства складалася кроўнароднасных кланаў. У канцы 3 стагоддзя н.э. цэнтр улады размяшчаўся на месцы сучаснага горада Нара на раўніне Ямата. У другой палове 4 стагоддзя імператары Ямата здзейснілі экспансіў на поўдзень, што паспрыяла кантактам з высокаразвітай цывілізацыяй Кітая. Развіццё японскай цывілізацыі стымулявалі імпарт жалеза, кітайская мова, літаратура, філасофія. Найбольш значная падзея гэтага часу — пранікненне ў Японію будызму і канфуцыянства. У канцы 6 стагоддзя пры імператарах дынастыі Сога будызм зрабіўся нацыянальнай рэлігіяй. Сінтаізм захаваў цырыманіяльнае значэнне. Працэс далучэння да кітайскай культуры далучыўся і на палітычныя інстытуты. Унутраная палітыка імператараў Ямата была накіравана на аб'яднанне краіны і афармленне ідэалогіі адзінаўладдзя. Важную ролю ў гэтым працэсе адыгралі ўведзеныя ў 604 годзе прынцам Сётоку Тайсі «Законапалажэнні з 17 артыкулаў», дзе ў якасці галоўнага палітычнага прынцыпу сфармуляваны вышэйшы суверэнітэт і строгае падпарадкаванне малодшых старэйшым; усталявалася сістэма чыноўніцкіх рангаў і прыдворнага цырыманіялу.
Для гісторыі фарміравання японскай дзяржаўнасці вялікае значэнне мела эпоха Фудзівара (645—1192). Пачатак ёй паклаў «пераварот Тайка» (ад назвы года, калі ён адбыўся), у час якога прынц Наканаоэ скінуў уладу дынастыі Сога (645). 2-я палова 7 стагоддзя прайшла пад знакам «рэформ Тайка», у выніку якіх рэарганізаваны ўсе сферы адносін у краіне і ўмацавана імператарская ўлада кітайскай танскай мадэлі. Усе землі перайшлі ва ўласнасць дзяржавы, краіна падзелена на правінцыі і паветы на чале з губернатарамі і павятовымі начальнікамі. У 694 годзе пабудаваны першы сталічны горад Фудзівара-к'ё. Працэс афармлення сярэднявечнай японскай дзяржавы завершаны ў 8 стагоддзі, на працягу якога тройчы пераносілася сталіца: у 710 годзе ў Нара, у 784 годзе ў Нагаока і ў 794 годзе ў Кіёта. Станаўленне грамадства суправаджалася адыходам ад класічнага ўзору дзяржаўнага ўладкавання, абазначылася тэндэнцыя да дэцэнтралізацыі ўлады. У канцы 9 стагоддзя ўлада належала прадстаўнікам роду Фудзівара, якія з 858 года кіравалі краінай у якасці рэгентаў пры малалетніх імператарах, а з 888 года — у якасці канцлераў пры паўналетніх. Характэрнай рысай сацыяльнага жыцця стала фарміраванне саслоўя самураяў.