Еўрапейскае мастацтва
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гісторыя еўрапейскага мастацтва ахоплівае гісторыю выяўленчага мастацтва ў Еўропе. Еўрапейскае дагістарычнае мастацтва пачалося з мастацтва размалёўвання пячор і рухомых камянёў і было характэрным для перыяду паміж Палеалітам і Жалезным векам.
Апісанні гісторыі еўрапейскага мастацтва часта пачынаюцца са Старажытнага Блізкага Усходу і старажытных эгейскіх цывілізацый, з 3 тысячагоддзя да н. э. Паралельна з гэтымі значнымі культурамі, мастацтва ў той ці іншай форме існавала ва ўсёй Еўропе, дзе жылі людзі, пакідаючы такія сляды, як разьба, арнаментаваныя артэфакты і вялікія стаячыя камяні. Аднак пастаянная тэндэнцыя мастацкага развіцця ў Еўропе становіцца бачнай толькі з мастацтвам Старажытнай Грэцыі, прынятага і трансфармаванага Рымам і разнесенага па ўсёй імперыі. якая уключала значную частку Еўропы.
Уплыў мастацтва Класічнай эпохі рос і памяншаўся наступныя 2000 гадоў, амаль непрыкметны ў часы сярэднявечча, павялічыўшыся ў эпоху Адраджэння, будучы «занядбаным» (на думку некаторых ранніх гісторыкаў мастацтва) у эпоху барока, каб зноў з'явіцца ў вытанчанай форме ў неакласіцызме і адрадзіцца ў постмадэрнізме.
Да 19-га стагоддзя хрысціянская царква аказвала значны ўплыў на еўрапейскае мастацтва, з'яўляючыся асноўным заказчыкам архітэктуры, скульптуры і палотнаў. У той жа перыяд аднавілася цікавасць да герояў і гераінь, апавяданняў пра міфалагічных багоў і багінь, вялікія войны і дзіўныя істоты, не звязаныя з рэлігіяй.
Секулярызм меў уплыў на еўрапейскае мастацтва яшчэ з класічнай эпохі, а ў апошнія 200 гадоў пераважная частка мастацтва стваралася без спасылкі на рэлігію і часта наогул без якой-небудзь ідэалогіі. З іншага боку, на еўрапейскае мастацтва часта ўплывалі тыя ці іншыя палітычныя погляды дзяржавы, апекуна або самога мастака.
Еўрапейскае мастацтва падзяляецца на шэраг стылістычных перыядаў, якія гістарычна перакрыжоўваюцца адзін з адным, паколькі розныя стылі развіваліся ў розных месцах. Калі шырока вызначыць, то перыяды былі такімі: класічная эпоха, візантыйскае, сярэднявечнае мастацтва, готыка, Адраджэнне, барока, ракако, неакласіцызм, мадэрн і постмадэрнізм.