Прыск
From Wikipedia, the free encyclopedia
Прыск Панійскі (стар.-грэч.: Πρίσκος, Πανίτης) — візантыйскі дыпламат, гісторык і пісьменнік V стагоддзя.
Прыск | |
---|---|
Дата нараджэння | магчыма 410[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | магчыма 471[1] |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | дыпламат, гісторык, аратар, пісьменнік, філосаф |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Меркавана нарадзіўся ў першай чвэрці V стагоддзя ў фракійскім мястэчку Паніян (Panium), ад назвы якога атрымаў па звычаі таго часу мянушку «Панійскага»[2]. Паніян — невялікі гарадок на паўночным узбярэжжы Мармуровага мора.
Прыск паходзіў з заможнай сям'і, якая дала яму выдатную філасофскую і рытарычную адукацыю. Пасля заканчэння навучання ў школе рыторыкі Канстанцінопаля паступіў на дзяржаўную службу. Выконваў дыпламатычныя даручэнні візантыйскіх імператараў. Аўтар сачынення «Візантыйская гісторыя і дзеянні Атылы» ў 5 кнігах.
Прыск быў сакратаром пры Максіміне, які займаў высокія пасады пры імператары Усходняй Рымскай імперыі Феадосіі II. Здольнасці Прыска былі заўважаны і ў 448 годзе Максіміну было даручана ўзначаліць візантыйскае пасольства да правадыра гунаў Атыле, у складзе якога знаходзіўся і Прыск. Падчас падарожжа за Дунай і знаходжання ў стаўцы Атылы Прыск меркавана вёў падрабязны дзённік. Запісы з яго ляглі ў аснову сачынення «Візантыйская гісторыя і дзеянні Атылы», з якога да нашага часу дайшлі фрагменты ў пераказе іншых аўтараў. Этнаграфічныя заметкі Прыска з'яўляюцца каштоўным і рэдкім назіраннем сведкі пра ўнутранае жыццё варварскіх народаў эпохі Вялікага перасялення народаў.
Змена імператара на візантыйскім прастоле не перашкодзіла кар'еры Прыска. Ужо напачатку кіравання Маркіяна ў 450 годзе Прыск знаходзіўся ў Рыме, дзе вёў тайныя перамовы з сынам франкскага караля Хільдэрыка I з мэтай перашкодзіць заключэнню сепаратнага пагаднення Рыма з Франкскім каралеўствам, далей прыняў удзел у місіях у Аравію і Егіпет. Пасля смерці Максіміна Прыск перайшоў на службу ў якасці саветніка па юрыдычных пытаннях да Яўфімія, магістра афіцый пры імператары Марцыяне.
Сярод дыпламатычных місій Прыска найбольш важнай можа лічыцца наведванне імперыі Атылам. Апісанне гунаў і іх правадыра прынесла яму вядомасць сярод гісторыкаў. Меркавана тэкстамі Прыска карыстаўся Іардан.