Пыха і перадузятасць (міні-серыял, 1995)
міні-серыял, 1995 / From Wikipedia, the free encyclopedia
«Пы́ха і перадузя́тасць» (англ.: Pride and Prejudice) — шасцісерыйны брытанскі міні-серыял 1995 года, пастаўлены па аднайменным рамане англійскай пісьменніцы Джэйн Осцін. Адаптацыяй кнігі займаўся сцэнарыст Эндру Дэвіс[en], рэжысёрскае крэсла заняў Сайман Лэнгтан, а спрадзюсіравала карціну Сью Біртвістл[en]. Ролі Элізабэт Бэнэт і містэра Дарсі выканалі Джэніфер Эль і Колін Фёрт. Вытворчасцю міні-серыяла займалася карпарацыя BBC пры дадатковай фінансавай падтрымцы амерыканскай тэлесеткі A&E.
Міні-серыял 1995 года стаў сёмай экранізацыяй раману. Папярэднія адаптацыі для кіно і тэлебачання выходзілі ў 1938, 1940, 1952, 1958, 1967 і 1980 гадах. Восьмай стала пастаноўка 2005 года.
Прэм’ера міні-серыяла адбылася на канале BBC One, дзе ён трансліраваўся з 24 верасня па 29 кастрычніка 1995 года (па адной 55-хвіліннай серыі ў тыдзень). Сетка A&E ўпершыню паказала серыял з 14 па 16 студзеня 1996 года (тры дні па дзве серыі запар)[5].
Фільм атрымаў прызнанне крытыкаў і папулярнасць сярод гледачоў, а таксама быў адзначаны шэрагам узнагарод, сярод якіх тэлевізійная прэмія BAFTA за найлепшую жаночую ролю (Джэніфер Эль) і прэмія Эмі за найлепшыя касцюмы. Роля містэра Дарсі ўзвяла Коліна Фёрта ў статус зоркі. Сцэна з Дарсі ў мокрай пасля купання ў возеры рубашцы была прызнана «адным з самых незабыўных момантаў у гісторыі тэлебачання Брытаніі»[6]. Серыял натхніў Хелен Філдынг напісаць серыю кніг пра Брыджыт Джонс. Колін Фёрт зыграў ролю Марка Дарсі, каханага галоўнай гераіні, у фільмах серыі «Дзённік Брыджыт Джонс[en]», «Брыджыт Джонс: Межы разумнага[en]» і «Дзіцё Брыджыт Джонс[en]».