From Wikipedia, the free encyclopedia
Уселатвійскае свята песні і танца (лат.: Vispārējie latviešu Dziesmu un Deju svētki) — традыцыйнае культурнае мерапрыемства ў Латвіі, фестываль народных хораў і калектываў народнага танца.
Свята праводзіцца кожныя тры-пяць гадоў[1] у Рызе, усяго з 1873 года свята праводзіўся 25 разоў. У фестывалі ўдзельнічаюць каля 30 000 чалавек — хоры, танцавальныя калектывы, духавыя аркестры, фальклорныя групы, этнаграфічныя ансамблі з Латвіі і іншых краін.
У рамках мерапрыемства таксама вызначаюцца лепшыя выканаўцы, узнагароджваюцца лаўрэаты фестывалю.
У Літве і Эстоніі праводзяцца аналагічныя святы — Dainų šventė і Laulupidu .
У пачатку XIX стагоддзя ў гарадах Латвіі па нямецкім узоры сталі фармавацца хоры і песенныя калектывы. У 1857 годзе ў Таліне і 1861 годзе ў Рызе прайшлі маштабныя фестывалі нямецка-балтыйскіх хораў. У 1864 годзе святар і літаратар Юрыс Нейкенс, прытрымліваючыся прыкладу астзейскіх немцаў, арганізаваў фестываль мужчынскіх латышскіх хораў у Дзіклі , у якім прынялі ўдзел 6 хораў і 120 удзельнікаў. За ім адбыліся яшчэ некалькі падобных мерапрыемстваў, у тым ліку Курземскае свята песні ў Добэлэ, у якім прынялі ўдзел 400 чалавек[2].
Летам 1873 года наваяўленае Рыжскае латышскае таварыства арганізавала I Уселатвійскае свята спеваў (лат.: I Vispārīgie latviešu Dziedāšanas svētki). За ім адбыліся II, III, IV (у Елґаве) і V Святы.
Падчас Першай сусветнай вайны фестываль не праводзіўся. У незалежнай Латвіі прайшлі VI, VII, VIII і IX Святы. Падчас Другой сусветнай вайны фестывалі таксама не праводзіліся[2].
Пасля далучэння Латвіі да СССР арганізацыя Святаў аднавілася. З 1948 па 1985 год прайшлі дзесяць фестываляў (X—XIX).
Першыя два Святы песні Савецкай Латвіі (1948 і 1950 гадоў), праходзілі ў цэнтры Рыгі, на месцы сучаснага парку Эспланада . Шматтысячны хор размяшчаўся на часовай эстрадзе, спецыяльна пабудаванай для гэтай падзеі.
У 1955 годзе была пабудавана Вялікая эстрада Рыжскага парку культуры і адпачынку «Мэжапаркс» , спецыяльна прызначаная для правядзення Святаў песні. Архітэктары У. В. Шнітнікаў і Г. П. Ірбітэ. Эстрада размяшчала 10 тысяч спевакоў і 30 тысяч гледачоў у амфітэатры.
У савецкі перыяд святы мелі альтэрнатыўную нумарацыю і нярэдка прысвячаліся камуністычным святам, напрыклад, стагоддзю з дня нараджэння У. І. Леніна ў 1970 годзе і 60-годдзю Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1973 годзе. З 1960 года паралельна асноўнаму фестывалю праводзілася таксама Школьнае і юнацкае свята песні і танца[2].
Пачынаючы з 1950 года за мяжой праводзіліся святы песні і танца ў цэнтрах эміграцыі латышоў — ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Германіі і іншых краінах. Гэтыя святы праводзяцца і ў наш час, з'яўляючыся своеасаблівымі днямі латышскай культуры[3][4].
XX Свята песні і танца (лат.: XX Vispārējie latviešu Dziesmu un X Deju svētki) адбылося летам 1990 года, неўзабаве пасля аднаўлення незалежнасці Латвіі.
Прыбалтыйскія святы песні і танца ў 2008 годзе ўключаны ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА[5]. У 2013 годзе прайшло XXV Свята песні і танца[6].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.