Спіс самых касавых фільмаў
спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
Фільмы прыносяць даход з некалькіх крыніц, уключаючы кінапракат[en], продаж і арэнду на лічбавых носьбітах, мерчандайзінг, а таксама правы на тэлевізійныя трансляцыі і стрымінг[en]. Тым не менш асноўным паказчыкам камерцыйнага поспеху фільма лічацца тэатральныя касавыя зборы, галоўным чынам з-за даступнасці даных у параўнанні з іншымі паказчыкамі, а таксама з-за гістарычнай практыкі. У артыкуле прадстаўлены спіс самых касавых фільмаў за ўсю гісторыю кінематографа (як па намінальным кошце, так і з улікам інфляцыі), касавых лідараў па гадах і храналогія самых касавых фільмаў, а таксама спіс самых касавых серый фільмаў і кінафраншыз[ru]. Усе табліцы складаюцца на аснове міжнароднага пракату па даных сайта «Box Office Mojo», калі не пазначана іншая крыніца.
Традыцыйна мюзіклы, ваенныя фільмы[en] і гістарычныя драмы былі самымі папулярнымі жанрамі, але ў XXI стагоддзі па касавых зборах сталі пераважаць кінафраншызы. Лідзіруючыя пазіцыі сярод іх на цяперашні момант займаюць фільмы аб супергероях. Сумарныя зборы фільмаў медыяфраншызы[ru] «Кінематаграфічны сусвет „Marvel“[en]» перавышаюць 29 млрд $, а карціна «Мсціўцы: Фінал», чацвёртая частка сагі пра «Мсціўцаў[en]» і 22-і фільм серыі, займае другое месца ў спісе. Таксама прыкметнае месца займаюць франшызы «Гары Потэр» Дж. К. Роўлінг, «Міжзем’е[en]» Джона Р. Р. Толкіна, «Фарсаж[en]» і «Піраты Карыбскага мора[en]». Хоць большасць фільмаў у спісе з’яўляюцца рэмейкамі ці сіквеламі, узначальвае спіс арыгінальная кінастужка «Аватар» (2009). Нязменна добрымі паказчыкамі адзначаюцца мультфільмы, сярод якіх найбольшы поспех маюць карціны «Walt Disney Animation Studios», «Pixar», «DreamWorks Animation[en]» і «Illumination».
Нягледзячы на тое, што інфляцыя падарвала дасягненні большасці фільмаў першай паловы XX стагоддзя і 1960—1970-х гадоў, ёсць кінафраншызы таго перыяду, якія ўсё яшчэ актыўныя. Акрамя франшыз «Зорныя войны» і «Супермэн», франшызы «Джэймс Бонд[en]» і «Зорны шлях» перыядычна выходзяць у свет; усе чатыры з’яўляюцца аднымі з самых касавых серый. Некаторыя са старых фільмаў, якія раней лічыліся самымі касавымі, дзякуючы паўторным пракатам усё яшчэ канкуруюць з сучаснымі лідарамі, але большасць з прычыны больш высокіх сённяшніх коштаў на квіткі — ужо не. Аднак пры правільным разліку ўзроўню інфляцыі самы касавы фільм таго часу «Знесеныя ветрам» (1939) па-ранейшаму застаецца самым касавым фільмам усіх часоў. Усе зборы ў спісе паказаныя ў доларах ЗША па актуальным курсе на момант выхаду фільма, калі не пазначана іншая валюта.