Джон Рональд Руэл Толкін
From Wikipedia, the free encyclopedia
Джон Ро́нальд Ру́эл То́лкін (англ.: John Ronald Reuel Tolkien; 3 студзеня 1892, Блумфантэйн — 2 верасня 1973, Борнмут) — англійскі пісьменнік, паэт, перакладчык, лінгвіст, філолаг. Адзін з найбольш уплывовых пісьменнікаў XX стагоддзя, адзін са стваральнікаў жанру фэнтэзі. Найбольш вядомы як аўтар класічных твораў «высокага фэнтэзі»: «Хобіт, або Туды і назад», «Уладар Пярсцёнкаў» і «Сільмарыліян». Гэтыя кнігі спарадзілі сотні перакладаў, перайманняў, працягаў і адаптацый і сталі прыкметнай з’явай культуры XX стагоддзя.
Толкін займаў пасаду прафесара Кафедры англасаксонскай мовы імя Роўлінсана і Босварта[en] ў Пембрак-каледжы[en] Оксфардскага ўніверсітэта (1925—1945), затым быў прафесарам Кафедры англійскай мовы і літаратуры імя Мертана[en] ў Мертан-каледжы[en] Оксфардскага ўніверсітэта (1945—1959). Разам з блізкім сябрам К. С. Льюісам належаў да нефармальнага літаратурнага таварыства «Інклінгі». 28 сакавіка 1972 года каралева Лізавета II надала яму чын Камандора Ордэна Брытанскай імперыі.
Пасля смерці Толкіна яго сын Крыстафер[en] выпусціў некалькі твораў, заснаваных на шырокім корпусе нататак і нявыдадзеных рукапісаў бацькі, у тым ліку «Сільмарыліян». Гэтая кніга разам з «Хобітам» і «Уладаром Пярсцёнкаў» складае адзіны збор казак, вершаў, гісторый, штучных моў і літаратурных эсэ пра выдуманы свет пад назвай Арда і яго частку Міжзем’е. У 1951—1955 гадах для абазначэння большай часткі гэтага збору Толкін выкарыстоўваў слова «легендарыум» (англ.: Legendarium). Многія аўтары пісалі творы ў жанры фэнтэзі і да Толкіна, аднак з-за вялікай папулярнасці і моцнага ўплыву на жанр многія называюць Толкіна «бацькам» сучаснай фэнтэзі-літаратуры, маючы на ўвазе, галоўным чынам, «высокае фэнтэзі».
Брытанская газета «Таймс» адвяла яму 6-е месца ў спісе «50 найвялікшых брытанскіх пісьменнікаў з 1945 года»[12]. У 2009 г. амерыканскі часопіс «Форбс» назваў яго 5-м у ліку памерлых вядомых людзей з найвялікшым прыбыткам.