From Wikipedia, the free encyclopedia
Тавары́ства стары́х бальшавіко́ў[1][2], Усесаюзнае Таварыства старых бальшавікоў — грамадская арганізацыя ў РСФСР і СССР.
Створана па ініцыятыве членаў РКП (б) з дарэвалюцыйным стажам[3] пастановай Цэнтральнага камітэта РКП (б) ад 13 лютага 1922 года[4] ў Маскве пры Гістпарце (з 1931 года Усесаюзнае Таварыства старых бальшавікоў пры Інстытуце Маркса — Энгельса — Леніна). Старшынямі таварыства былі М. С. Альмінскі (да 1931 года) і Е. М. Яраслаўскі[1][4]. Дзейнасць таварыства фінансавалася ЦК РКП(б) — ВКП(б)[4].
Мэтамі таварыства з’яўляліся выкарыстанне вопыту старых бальшавікоў для выхавання моладзі на рэвалюцыйных традыцыях, збор матэрыялаў і ўспамінаў па гісторыі партыі і рэвалюцыйнага руху. Сваю дзейнасць каардынавала з Таварыствам былых паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў[1].
Членамі таварыства старых бальшавікоў маглі стаць члены партыі з бесперапынным партыйным стажам не менш за 18 гадоў[3]. У 1922 годзе ў складзе таварыства налічвалася 64 членаў, у студзені 1934 года — больш за 2000 членаў[3][4]. Кіруючыя органы: бюро (1922—1931), Цэнтральны савет (1931—1935), які абіраў пастаянна дзеючы прэзідыум[4]. У склад кіруючых органаў у розны час уваходзілі А. С. Енукідзэ, Ф. В. Ленгнік, П. М. Лепяшынскі, М. М. Лядаў, П. М. Нікіфараў, В. П. Нагін, А. М. Стапані, С. В. Малышаў, С. І. Міцкевіч, Б. З. Шумяцкі і іншыя. Фармальна членамі Таварыства старых бальшавікоў лічыліся ўсе вышэйшыя кіраўнікі РКП(б) — ВКП (б): М. І. Бухарын, К. Я. Варашылаў, Л. Б. Каменеў, А. І. Рыкаў, Р. Я. Зіноўеў, І. В. Сталін, М. П. Томскі і іншыя[4].
У структуры таварыства дзейнічалі камісіі і сектары: культурна-прапагандысцкі і агітацыйна-масавы, арганізацыйна-планавы, мясцовых аддзяленняў, літаратурна-выдавецкі, тэхнічны, бытавы. Дзейнічала выдавецтва «Старый большевик» з тыпаграфіяй[4]. У рэспубліках, краях, абласцях і буйных гарадах дзейнічалі філіялы (аддзяленні). Выпускаўся гісторыка-рэвалюцыйны зборнік «Старый большевик» (1930—1934) і «Бюллетень Общества старых большевиков» (1931—1933), «Информационные листки…» (1933—1935).
Па ўказанні кіраўніцтва ВКП(б) Пленум цэнтральнага савета Таварыства старых бальшавікоў 16 мая 1935 года прыняў рашэнне аб самаліквідацыі, грунтуючы гэта тым, што яно выканала свае задачы (рашэнне пацверджана пастановай ЦК ВКП(б) ад 2 жніўня 1935 года[4].
Беларускае аддзяленне Таварыства старых бальшавікоў пачало дзейнічаць у 1931 годзе[1][2]. Старшыня прэзідыума А. Я. Балцін, члены прэзідыума М. П. Гнілякевіч, Л. М. Спалінскі, Кеніг, Дамброўскі і інш. З 1933 года філіялы беларускага аддзялення дзейнічалі ў Віцебску, Гомелі, Магілёве[1][2]. Члены аддзялення выступалі з дакладамі і ўспамінамі па гісторыі рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года, пытаннях нацыянальнай палітыкі, займаліся збіраннем матэрыялаў і дакументаў, у тым ліку пра Грамадзянскую вайну і ваенную інтэрвенцыю.
Самаліквідавалася Беларускае аддзяленне Таварыства старых бальшавікоў у маі 1935 года[1][2].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.