Тор (фільм)
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Тор» (англ.: Thor) — мастацкі фільм рэжысёра Кенета Браны, заснаваны на аднайменных коміксах выдавецтва «Marvel Comics». Стварэннем карціны займалася кампанія «Marvel Studios», а распаўсюджваннем «Paramount Pictures». Галоўны герой фільма — Тор, пагардлівы і горды бог грому, — быў пазбаўлены сваёй сілы і выгнаны з Асгарда — аднаго з дзевяці светаў. Апынуўшыся на Зямлі, ён знаёміцца з маладым астрафізікам Джэйн Фостэр, да якой у яго ўзнікаюць нейкія пачуцці. Акрамя таго, Тор павінен спыніць свайго брата Локі, які мае намер стаць новым царом Асгарда. Карціна стала часткай кінематаграфічнага сусвету «Marvel», фільмы якой аб’ядноўваюцца ў агульную сюжэтную лінію.
Рэжысёр Сэм Рэймі ўпершыню задумаўся над канцэпцыяй фільма пра Тора ў канцы 1990-х і ў 2001 годзе нават прадставіў сцэнарый на разгляд, але праект быў замарожаны, і Рэймі пакінуў яго. На працягу некалькіх гадоў правы на экранізацыю пераходзілі ад адной студыі да іншай аж да 2006 года, калі «Marvel Studios» падпісала кантракт са сцэнарыстам Маркам Пратасевічам, які пачаткаў працу над ідэяй фільма для «Paramount Pictures». Першапачаткова рэжысёрам быў прызначаны Мэцью Вон, і рэліз фільма планаваўся на 2010 год. Аднак у 2008 годзе Вон пакінуў праект, і рэжысёрскае крэсла заняў Кенет Брана, а выпуск фільма быў перанесены на 2011 год. У 2009 годзе прайшоў кастынг, а здымкі стартавалі ў пачатку 2010 года ў Каліфорніі і Нью-Мексіка.
Сусветная прэм’ера фільма адбылася 17 красавіка 2011 года ў Сіднеі, а пракат стартаваў чатырма днямі пазней. У амерыканскім пракаце фільм выйшаў 6 мая, а ў беларускім — 28 красавіка[16] ў фарматах 3D і IMAX. Карціна мела фінансавы поспех, сабраўшы больш за 448 млн долараў па ўсім свеце, а таксама атрымала станоўчыя водгукі крытыкаў.