From Wikipedia, the free encyclopedia
54-ы Масачусецкі пяхотны добраахвотніцкі полк (англ.: 54th Massachusetts Infantry Regiment) — першае рэгулярнае воінскае фарміраванне ў гісторыі ЗША, якое складалася цалкам з афраамерыканцаў, акрамя афіцэраў[1]. 54-ы полк быў створаны ў 1863 годзе і прымаў удзел у Грамадзянскай вайне паміж паўночнымі і паўднёвымі штатамі.
Пасля заканчэння баявых дзеянняў у арміі ЗША былі створаны рэгулярныя падраздзяленні, якія складаліся з чарнаскурых кавалерыстаў (гл. салдаты-буфала ). У 2008 годзе падраздзяленне было адноўлена як частка нацыянальнай гвардыі штата Масачусетс, якая выконвае цырыманіяльныя функцыі (54th Massachusetts Volunteer Regiment).
Дазвол на фармаванне палка быў дадзены ў сакавіку 1863 года губернатарам штата Масачусетс Джонам Эндру пасля прыняцця «Пракламацыі аб вызваленні рабоў»[2] . Ваенны міністр ЗША Эдвін Стэнтан паклапаціўся, каб усімі «каляровымі» часткамі кіравалі белыя афіцэры[3] . Камандзірам палка быў прызначаны палкоўнік Роберт Гулд Шоу, а яго намеснікам — падпалкоўнік Норвуд Пенроўз Хэлоўэл[2][4]. Для гэтай мэты Шоу і Хэлоўэл, якія раней мелі званне капітанаў, былі, як і многія афіцэры афраамерыканскіх частак, адразу павышаны да адпаведных чыноў, абыходзячы прамежкавыя званні[2] . Астатні афіцэрскі склад набіралі яны самі. У лік афіцэраў увайшлі Луіс Эміліа[5] і Гарт Уілкінсан Джэймс, брат пісьменніка Генры Джэймса. Многія афіцэры выраслі ў сем’ях абаліцыяністаў, і частка з іх прыйшла з рэкамендацыяй ад губернатара Эндру. Таксама ў склад афіцэраў увайшоў малодшы брат падпалкоўніка Хэлоўэла, Эдвард, які пасля смерці Шоу быў павышаны да палкоўніка і камандаваў 54-м палком да канца вайны. 24 з 29 афіцэраў палка ўжо паспелі паваяваць, але толькі шасцёра з іх раней мелі афіцэрскае званне[2] .
Вярбоўкай салдат займаліся белыя абаліцыяністы (у тым ліку бацькі палкоўніка Шоу). Лейтэнант Дж. Эплтан[2] , першы афіцэр, якога залічылі ў полк, апублікаваў аб’яву ў газеце Boston Journal[6]. Уэндэл Філіпс і Эдвард Пірс выступілі перад чарнаскурымі ў царкве на Джой-стрыт, заклікаючы слухачоў запісвацца ў полк. Усяго вярбоўкай актыўна займаліся каля сотні чалавек, у тым ліку прыхаджане царквы на Джой-стрыт і члены спецыяльнага камітэта, створанага губернатарам Эндру[2] .
Ваеннай падрыхтоўкай 54-ы полк займаўся ў лагеры Мэйгс, размешчаным у горадзе Рыдвіл недалёка ад Бостана. Падчас навучання значную падтрымку асабоваму складу аказвалі абаліцыяністы штата Масачусетс, уключаючы Ральфа Уолда Эмерсана[2] . Матэрыяльная дапамога ўключала ў сябе цёплую вопратку, баявыя сцягі і 500 долараў, ахвяраваных на навучанне палкавога аркестра і набыццё музычных інструментаў. Калі стала відавочна, што колькасць навабранцаў нашмат перавышае патрэбы, лішніх сталі адсейваць праз медагляд, які кіраўнік аховы здароўя штата Масачусетс апісваў як «жорсткі і пільны». У выніку залічаныя на службу былі самай «дужай, моцнай і здаровай групай мужчын», калі-небудзь прызваных на службу ў Злучаных Штатах[2] . Аднак, як гэта часта здаралася падчас Грамадзянскай вайны, некалькі навабранцаў памерлі ад хвароб, перш чым 54-ы полк пакінуў навучальны лагер.
Паводле большасці крыніц, 54-ы полк выступіў з Бостана з высокім баявым духам. На ім не адбілася нават тое, што, паводле выдадзенага 23 снежня 1862 года Джэферсанам Дэвісам маніфеста[7], і афраамерыканскіх вайскоўцаў, і белых афіцэраў у выпадку трапляння ў палон чакала смяротнае пакаранне. У студзені 1863 года маніфест быў зацверджаны Кангрэсам Канфедэрацыі. У адпаведнасці з ім, і радавых салдат, і іх белых афіцэраў патрэбна было перадаваць уладам штатаў, дзе салдаты былі рабамі. Паколькі пасля паўстання Нэта Тэрнера ў большасці паўднёвых штатаў «паўстанні рабоў» душыліся з дапамогай драконаўскіх мер, прысуд, хутчэй за ўсё, аказаўся б смяротным.
54-ы полк урачыста пакінуў Бостан 28 мая 1863 года і быў урачыста сустрэты ў горадзе Б’юфорт, Паўднёвая Караліна. Чарнаскурых салдат віталі мясцовыя афраамерыканцы і абаліцыяністы (некаторыя з іх прыбылі з Бостана год таму назад, каб у якасці місіянераў прыняць удзел у Порт-Раяльскім эксперыменце[8] ). У Б’юфорце 54-ы полк далучыўся да 2-га палка добраахвотнікаў Паўднёвай Караліны — часткі, набранай з вызваленых рабоў, пад камандаваннем палкоўніка Джэймса Мантгомеры[8] . Пасля паспяховага нападу 2-га палка на паром Камбахі Мантгомеры ўзначаліў напад абодвух палкоў на горад Дарыен у штаце Джорджыя[8] . Насельніцтва бегла, і Мантгомеры загадаў сваім салдатам разрабаваць і спаліць апусцелы горад[8] . Шоу запярэчыў супраць падобных дзеянняў і падаў вышэйшаму кіраўніцтву скаргу, у якой паказаў, што падпалы і рабаванне — ганебныя дзеянні для яго ўзорнага палка[8] .
Першым удзелам у сапраўдным баі для 54-га палка стала перастрэлка з канфедэратамі 16 ліпеня на востраве Джэймс у Паўднёвай Караліне. Полк спыніў атаку праціўніка[2] , страціўшы ад 42 да 45 чалавек.
23 снежня 1863 года ў газеце New York Tribune быў надрукаваны ліст першага сяржанта Роберта Джона Сіманса, былога салдата брытанскай арміі родам з Бермудскіх астравоў, які служыў у роце B. Ліст быў напісаны незадоўга да атакі на форт Вагнер[9]:
Востраў Фолі, Паўднёвая Караліна
18 ліпеня 1863 года Мы рухаемся да форта Вагнер, каб яго штурмаваць. Мы толькі што скончылі паспяховае адступленне з вострава Джэймс; мы вялі там адчайны бой у чацвер раніцай. Нашыя тры роты, B, H, і K, знаходзіліся на вартаўнічай ахове на адлегласці, большай за мілю, наперад ад палка. Нас атакавалі рана ранкам. Наша рота знаходзілася ў рэзерве, калі пяхота і кавалерыя мяцежнікаў атакавала аванпосты. Наш капітан паслаў мяне на чале ўзвода ўмацаваць левы фланг. Кулі сыпаліся вакол нас практычна дажджом; калі я прыбыў на месца, мае няшчасныя таварышы валіліся вакол мяне з жаласнымі стогнамі. Наша ахова ўсяго налічвала каля 250 чалавек, а нападаючых было каля 900. Мяркуючы па лініі, якая выстраілася ўдалечыні, атакуючых падтрымліваў рэзерв колькасцю 3000 чалавек. Нам прыйшлося страляць і адступаць да лагера. Побач са мной быў забіты адзін наш няшчасны сяржант; яшчэ некалькі чалавек каля мяне былі параненыя. Бог збярог мяне ў гэтым першым выпрабаванні агнём і свінцом, і я слаўлю Яго і ўзношу хвалу Яго святому імені. Майму беднаму сябру [сяржанту Петэру] Фогельсангу прастрэлілі лёгкія; ён у крытычным стане, але доктар кажа, што ён, магчыма, выжыве. Яго рота панесла вельмі вялікія страты. Няшчасны добры і храбры сяржант [Джозэф Д.] Уілсан з яго роты [H] закалоў сваім штыком чацвярых мяцежнікаў, пасля чаго пяты прастрэліў яму галаву. Бядак! Няхай супакоіцца яго высакародны дух з мірам! Генерал павіншаваў палкоўніка з адвагай і храбрасцю яго палка. |
Полк атрымаў славу 18 ліпеня 1863 года, калі ўзначаліў напад на форт Вагнер каля горада Чарльстан, Паўднёвая Караліна. 272 чалавекі з 600 атакуючых былі «забітыя, параненыя або ўзятыя ў палон»[10]. У гэтым баі загінулі палкоўнік Шоу і 29 яго падначаленых; яшчэ 24 чалавекі памерлі ад ран, 15 былі ўзятыя ў палон, 52 прапалі без вестак, і 149 былі параненыя. Больш сур’ёзных страт у адным баі 54-ы полк не меў за ўсю вайну. Хоць федэральныя войскі так і не змаглі ўзяць і ўтрымаць форт (нягледзячы на тое, што захапілі ўчастак сцяны падчас першага штурму), 54-ы стаў шырока вядомы дзякуючы праяўленай адвазе, і гэта падзея спрыяла фарміраванню новых афраамерыканскіх палкоў, што, па словах прэзідэнта Лінкальна, адыграла важную ролю ў перамозе Поўначы. Праз шмат дзесяцігоддзяў сяржант Уільям Харві Кэрні быў узнагароджаны Медалём Пашаны за тое, што ён выхапіў амерыканскі сцяг з рук забітага сцяганосца і пранёс яго да варожых пазіцый і назад. Хоць да таго моманту гэтай узнагароды былі ўдастоены іншыя афраамерыканцы, подзвіг Кэрні быў першым па часе, за які чарнаскуры быў узнагароджаны Медалём Пашаны.
У той час, пакуль 54-ы полк удзельнічаў у штурме Чарльстана, у Нью-Ёрку тлеючыя расавыя забабоны выліліся ў бунт[8] . На набярэжнай і ў Ніжнім Іст-Сайдзе афраамерыканцаў збівалі, катавалі і лінчавалі белыя натоўпы, раззлаваныя спробай заклікаць іх на вайну; бунтаўшчыкі смяротна паранілі пляменніка сяржанта Роберта Сіманса[5] , смяротна параненага і ўзятага ў палон пры штурме форта Вагнер[5] . Натоўп абрынуў свой гнеў на чарнаскурых з-за ўпэўненасці, што менавіта яны паслужылі прычынай вайны. Аднак гераізм 54-га палка дапамог уціхамірыць гнеў такога кшталту.
Пад камандаваннем палкоўніка Эдварда Хэлоўэла 54-ы полк прыкрываў адступленне сіл Поўначы ў баі пры Олусці. У лістападзе 1864 года ў складзе негрыцянскай брыгады, якой камандаваў палкоўнік Альфрэд Хартуэл, 54-ы полк беспаспяхова атакаваў апалчэнне канфедэратаў у баі пры Хані-Хіл. У сярэдзіне красавіка 1865 года полк удзельнічаў у баі каля млына Бойкіна — невялікай сутычцы ў Паўднёвай Караліне, якая аказалася адным з апошніх баявых сутыкненняў грамадзянскай вайны.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.