Біёка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Біё́ка (Bioko; да 1973 г. — Ферна́нда-По, у 1973—1979 гг. — Масі́яс-Нге́ма-Біё́га) — вулканічны востраў у заліве Біяфра (састаўная частка Гвінейскага заліва) Атлантычнага акіяна, самы буйны з астравоў, якія належаць Экватарыяльнай Гвінеі; на ім размешчана сталіца гэтай дзяржавы — горад Малаба. Востраў падзелены на 2 правінцыі — Паўночны Біёка і Паўднёвы Біёка. Насельніцтва — 260 тыс. чал. (2001 г.).
Remove ads
Прырода
Востраў Біёка размешчаны на шэльфе Заходняй Афрыкі, аддалены ад узбярэжжа Камеруна ўсяго на 32 км. Даўжыня 70 км, шырыня 30 км, плошча 2017 км². Узнік пры зліцці некалькіх старажытных вулканічных конусаў вышынёй да 3011,4 м (гара Піка-Басіле, найвышэйшы пункт усёй краіны).
Мяркуюць, што ў мінулым ён быў часткай Афрыканскага мацерыка, аднак адасобіўся прыкладна 100 — 20 тыс. гадоў таму.
Клімат экватарыяльны, вільготны: ападкаў да 2500 (2000—4000[1]) мм у год. На востраве густая рачная сетка[1].
Флора і фаўна вострава пераважна блізкія да афрыканскіх, аднак маюцца эндэмікі. Усяго налічваецца 1200 відаў раслін, 43 віды рыб, 33 віды амфібій, 52 віды рэптылій, 143 віды птушак і 65 відаў сысуноў. Найбольшую цікавасць уяўляюць эндэмічныя віды папараці, птушак, а таксама чарапахі, антылопы, пітоны, малпы і г. д. Да пачатку ХХ ст. на востраве меліся дзікія буйвалы.
Для абароны прыроды вострава былі створаны 2 запаведныя зоны.

Remove ads
Гісторыя
Да прыходу еўрапейцаў востраў насялялі карэнныя жыхары бубі афрыканскага паходжання. Яны называлі сваю радзіму Отча (Otcho).
У 1471 г. востраў быў адкрыты партугальскім мараплаўцам Фернанда По і названы ім Фармоза-Флора (літаральна «прыгожая кветка»). Пазней географы далі яму назву Фернанда-По (Fernando Pó) у гонар першаадкрывальніка. Падчас кампаніі па змене еўрапейскіх геаграфічных назваў на афрыканскія востраў у 1973 годзе быў пераназваны ў Масіяс-Нгема-Біёга (Macias Nguema Bijogo) у гонар першага прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Масіяса Нгемы, пасля звяржэння якога быў пераназваны ў Біёка (у 1979).
Партугальцамі на востраве былі створаны плантацыі цукровага трыснягу, на якіх працавалі негры-рабы. У выніку іх бегства з плантацый і караблёў, што заходзілі на Біёка, у горнай мясцовасці ўзніклі паселішчы свабодных неграў. Адносіны паміж імі і еўрапейскімі каланістамі мелі варожы характар. У выніку падзення коштаў на цукар у Еўропе калонія на востраве была часова закінута. У 1642—1648 гг. галандская Ост-Індская кампанія без дазволу Партугаліі ўтрымоўвала на Біёка свае гандлёвыя базы.
У 1778 г. востраў быў перададзены ў валоданне Іспаніі ў абмен на тэрытарыяльныя саступкі ў Паўднёвай Амерыцы. Аднак у 1780 г. іспанцы фактычна пакінулі Біёка, а ў XIX ст. заключылі дагавор з Вялікабрытаніяй, паводле якога на ім маглі спыняцца брытанскія караблі, што змагаліся з гандлем рабамі. Брытанцы заснавалі на ўзбярэжжы паселішча Порт-Кларэнс (сучасны горад Малаба), які заставаўся ў 1827—1855 гг. галоўнай базай іх флота ў Гвінейскім заліве.
У 1843 г. іспанцы зноў вярнуліся на востраў. Для папаўнення калоніі насельніцтвам яны заахвочвалі іміграцыю з Кубы і іншых сваіх калоній, а таксама зняволеных з самой Іспаніі. Былі створаны плантацыі алейнай пальмы і какава. Але ў 1920-х гг. Ліга Нацый даследавала становішча на Біёка і прыйшла да высновы, што іспанскія адміністрацыя і плантатары злоўжываюць паднявольнай працай.
З 1968 г. востраў у складзе Экватарыяльнай Гвінеі.
Remove ads
Эканоміка і транспарт
Перапрацоўка нафты. Вытворчасць какава. Вырошчванне арахісу, какавы, маніёку і інш.[1] Галоўны порт — Малаба. На востраве маецца кальцавая аўтамабільная дарога даўжынёй 160 км[1].
Насельніцтва
Насельніцтва вострава ў 1977 годзе складала 81,3 тыс.[1] чал., у 2001 — 260 тыс. чалавек.
Этнічны склад даволі складаны. Большасць фарміруюць карэнныя жыхары бубі (58 %) і фернандынас (12 %). Бубі традыцыйна займаюць узгорыстыя цэнтральныя раёны, хаця ў апошнія дзесяцігоддзі многія з іх пераехалі жыць у гарады.
Фернандынас — нашчадкі афрыканскіх рабоў і часткова еўрапейцаў (партугальцаў, галандцаў, іспанцаў, англічан), якія размаўляюць на некалькіх крэольскіх дыялектах іспанскай, французскай і англійскай моў. З іх складу вылучаецца група крыа, якая насяляе раён вакол Малаба і паходзіць ад вызваленых у XIX ст. рабоў. У адрозненне ад іншых фернандынас, крыа памятаюць аб сваёй гістарычнай радзіме ў Заходняй Афрыцы і захоўваюць многія афрыканскія рысы культуры.
Астатнія жыхары Біёка — мігранты або іх нашчадкі з Афрыкі, еўрапейцы і азіяты.
Remove ads
Зноскі
- Африка: энциклопедический справочник. Т. 1. А—К / Гл. ред. А. Громыко. Ред. колл. В. М. Власов, Н. И. Гаврилов и др. — М.: Советская энциклопедия, 1986. — С. 351. — 672 с. с илл. (руск.)
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads