Гродзенскі піўзавод
беларуская кампанія From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Гродзенскі піўзавод — колішняя беларуская кампанія па вытворчасці піва, якая была размешчана ў Гродна[1]. З 2020 года комплекс будынкаў знаходзіцца на рэканструкцыі пад шматфункцыянальны комплекс з музеем, рэстарацыяй і міні-броварам[2]. Праектам прадугледжваецца выяўленне рэшткаў надрэчнага фасада палаца Сапегаў канца XVII ст.[3].
Remove ads
Гісторыя
Палац у XVII—XVIII стст.
Архітэктурны помнік XVII ст., першапачаткова палац Сапегаў, потым Агінскіх на тэрыторыі гістарычнага раёна Падол (Ніжні горад). Будынак пазначаны на карце Гродна 1665 года[4].
У 1706 годзе палац належаў троцкаму ваяводзе Юзафу Агінскаму, у 1750-1770-я — польнаму пісару літоўскаму, будучаму вялікаму гетману літоўскаму Міхалу Казіміру Агінскаму. У 1779 годзе будынак набыў гродзенскі маршалак Казімір Вольмер, у 1789 годзе ўладальнікам стаў літоўскі канцлер Аляксандр Сапега, у 1801 годзе купіў граф Міхал Дзяконскі[5].
XIX ст.: Перабудова пад бровар дынастыі Кунцаў

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай будынкам як складам тавараў карысталіся гродзенскія купцы. У пачатку 1860-х гадоў будынкам валодаў Ошар Вільнер, які заснаваў тут бровар[6]. З 1868 года ўладальнікам будынка стаў аўстрыйскі купец Юзаф Кунц (Восіп Кунц на расійскі манер) і трымаў там невялікі піваварны завод. Актыўная вытворчасць піва пачалася пасля ўстаноўкі соладавай вежы ў 1877 годзе. У падзямеллях былога палаца адбываўся працэс ферментацыі піва, там жа яно захоўвалася ў дубовых бочках. На бровары Кунца працавала 18 чалавек — гэта быў самы буйны піўзавод Гродна ў 1870-я[7].
Юзаф Кунц у 1897 годзе перадаў кіраванне заводам сваім сынам Ігнацію і Францу. Пад іх кіраўніцтвам якасць піва пагоршылася. У 1911 годзе расследаванне паказала, што Ігнацій Кунц у кожную варку дадаваў 18 пудоў цукру, што павялічвала канчатковы выхад прадукту, але пагаршала яго якасць[7].
XX ст.: Перапродажы, нацыяналізацыя і банкруцтва
У 1912 годзе Ігнацій Кунц памёр і бровар выставілі на продаж. Яго набыў Браніслаў Краткоўскі, які хутка здолеў выправіць рэпутацыю завода і павялічыць аб’ём вытворчасці. Аднак прадпрыемства Краткоўскага не перажыло Першай сусветнай вайны. Нямецкая адміністрацыя вывезла частку абсталявання ў Германію.
З 1918 года завод належыць Юдалю Марголісу. Прадукцыя бровара ў 1920-я гады ацэньвалася, калі верыць тагачасным газетам, вельмі нізка. Сітуацыя выправілася пасля банкруцтва сям’і Марголісаў і выкупу завода варшаўскім гандлёва-прамысловым таварыствам «Horacy Heller» у 1933 годзе[4].
Пасля далучэння Гродна да БССР завод нацыяналізавалі. У 1950-я гады правялі яго рэканструкцыю. З часам абсталяванне і тэхналогіі састарэлі. Да 1990-х гадоў якасць гродзенскага піва знізілася, завод пачаў губляць пазіцыі. Часткова ратавалі яго загараджальныя пошліны, піўзавод быў манапалістам рынку. Аднак, па вяртанні на рынак Беларусі піўных гігантаў, практычна адразу аказаўся ў даўгах. У 2007 годзе расійская «Балтыка » разглядала куплю піўзавода пад рэканструкцыю, аднак урэшце адмовілася ад ідэі.
Летам 2007 года Гродзенскі піўзавод зварыў апошняе сваё піва. Адной з прычын закрыцця было, між іншым, патрабаванне вынесці вытворчасць за межы горада, замацаванае ў планах рэканструкцыі цэнтра Гродна[8]. Справу аб банкруцтве прадпрыемства завялі ў лістападзе 2010 года, на той момант у прадпрыемства было каля 40 крэдытораў і пазыкі ў памеры каля 1 млрд недэнамінаваных рублёў. Ліквідацыя прадпрыемства расцягнулася, канчаткова яго ліквідавалі і выкраслілі з Адзінага дзяржаўнага рэестру 27 сакавіка 2014 года[9].
Remove ads
Спробы адраджэння і рэканструкцыя

У 2012 годзе завод прададзены зарэгістраванай у Барысаве сумеснай расійска-беларускай кампаніі «Экапрамэнерга», якая планавала адрэстаўрыраваць і мадэрнізаваць стары бровар, адкрыць музей піва. Аднак працы не праводзіліся, з завода была вывезена большая частка металічнага абсталявання і канструкцый, якія можна было спілаваць — бочкі для сусла, трубы, лесвіцы. Пасля завод перадалі новастворанай фірме «ЖаВаС-Інвест», у якой былі фактычна тыя ж уладальнікі, што і ў папярэдняга пакупніка. Але новы ўладальнік ужо не нёс абавязацельстваў па ахове гістарычнай каштоўнасці і ўцягванні яе ў камерцыйную дзейнасць. У выніку завод быў пакінуты інвестарам. У лютым 2017 года эканамічны суд Гродзенскай вобласці вярнуў завод дзяржаве[10]. Будынак зноў выставілі на продаж. 21 мая 2017 года на піўзаводзе здарыўся пажар[11].

У 2020 годзе комплекс будынкаў піўзавода купіла з аўкцыёну фірма ТАА «МБА Інвестмент» — рэзідэнт СЭЗ «Гроднаінвест» з польскім капіталам[12]. Пасля рэканструкцыю комплекс мусіць пераўтварыцца ў бізнес-цэнтр з гатэлем, музеем гісторыі гродзенскага піва, мініброварам, фудкортам і гандлёвымі кропкамі[13].
Першапачатковыя візуалізацыі праекту паказвалі ідэю рэканструкцыі галоўнага будынка ў абліччы піўзавода XIX стагоддзя з фрагментарным раскрыццём зандажамі захаваных элементаў першапачатковых фасадаў[14]. Пасля правядзення даследаванняў было прынята рашэнне аб неабходнасці максімальнага выяўлення рэстаўрацыйнымі прыёмамі фасада магнацкай рэзідэнцыі XVII ст., які захаваўся ў аб’ёме будынка піўзавода Кунца ХІХ ст. Навуковы кіраўнік праекта архітэктар-рэстаўратар Забела Раман[15].
Да сярэдзіны чэрвеня 2023 года на тэрыторыі комплексу знеслі ўсе будынкі савецкай эпохі[16]. Падчас рэстаўрацыйных работ адкрыты аркі палацавых лоджый з боку Нёмана, адноўлены часткова страчаныя пілястры першапачатковага фасада, раскапаныя раней недаследаваныя падвалы. Адноўленыя таксама архітэктурныя элементы ХІХ ст., дададзеныя ў працэсе будаўніцтва піўзавода, але якія адсутнічалі да моманту пачатку рэканструкцыі.
Аб’ект плануецца здаць у трэцім квартале 2026 года[3].
Remove ads
Зноскі
- Пивзавод в Гродно (руск.)(недаступная спасылка). Grodno.in. Архівавана з першакрыніцы 13 мая 2021. Праверана 25 верасня 2018.
- Завадская, Виктория. В Гродно модернизируют бывший пивзавод. Что появится на его месте и когда планируется открытие? - Недвижимость Onlíner (руск.). Onlíner (23 мая 2024). Праверана 30 студзеня 2025.
- Нагапетян, Лора. «Когда реконструкция закончится, это будет вау!» Гродненский пивзавод превращают в уникальный комплекс Brovar Hrodna - Недвижимость Onlíner (руск.). Onlíner (23 красавіка 2025). Праверана 6 ліпеня 2025.
- На гродзенскім бруку / Андрэй Вашкевіч. — Гродна: «ЮрСаПринт», 2012. — С. 27—33. — 100 с.: іл. ISBN 978-985-90264-10-12
- МБА-ИНВЕСТМЕНТ — История. grodnobrowar.by
- Гродзенскі Бровар. Harodnia.com
- На месте гродненского пивзавода может появиться развлекательный центр (руск.) . Новости — Новости и события Гродно. Вечерний Гродно (30 верасня 2011). Праверана 17 ліпеня 2023.
- УДП "Гродненский пивзавод" ГОУПП "Гроднопищепром" - ИС ЕГРСБ . bankrot.gov.by. Праверана 17 ліпеня 2023.
- МБА-ИНВЕСТМЕНТ — О нас. grodnobrowar.by
- В Гродно реконструируют пивзавод – и вот каким он будет (руск.). tochka.by (8 лістапада 2022). Праверана 21 ліпеня 2025.
- На месте обгоревшего пивзавода в Гродно откроют мини-пивоварню, музей и гостиницу (руск.). Grodno24.com (11 мая 2022). Праверана 6 ліпеня 2025.
- На гродзенскім піўзаводзе знеслі ўсе савецкія пабудовы . Hrodna.life (15 чэрвеня 2023). Праверана 17 ліпеня 2023.
Remove ads
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads