Далучэнне Прыбалтыкі да СССР

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Далучэнне Прыбалтыкі да СССР — уваходжанне прыбалтыйскіх дзяржаў — Эстоніі, Латвіі і Літвы — у СССР у 1940 годзе.

Гісторыя

У жніўні 1939 года быў падпісаны Дагавор пра ненапад паміж Германіяй і СССР, вядомы як Пакт Молатава — Рыбентропа, з сакрэтным пратаколам пра падзел сфер інтарэсаў ва Усходняй Еўропе. Згодна з пратаколам, краіны Прыбалтыкі былі аднесены да сферы савецкіх дзяржаўных інтарэсаў, але афіцыйна пра гэта не толькі не заяўлялася, але ўсяляк адмаўлялася сама магчымасць такога пагаднення.

1 верасня 1939 года Германія ўварвалася ў Польшчу і пачалася вайна. Паколькі ваенныя дзеянні адбываліся недалёка ад Прыбалтыкі, занепакоеныя прыбалтыйскія краіны спяшаліся заручыцца падтрымкай СССР на выпадак ўварвання Германіі: 28 верасня 1939 года Эстонія падпісала з СССР пакт пра ўзаемадапамогу, 5 кастрычніка 1939 года падобны пакт падпісала Латвія, а 10 кастрычніка 1939 года — Літва. Бакі абавязваліся аказваць адзін аднаму ўсялякую дапамогу, у тым ліку і ваенную. Адначасова падпісваліся гандлёвыя пагадненні пра пастаўкі сыравіны з СССР, што кампенсавала Прыбалтыцы страту сувязяў з Захадам ва ўмовах распачатай вайны. Таксама СССР атрымаў права размясціць у Эстоніі і Латвіі 25—тысячныя, а ў Літве — 20-тысячныя групоўкі сваіх войскаў і стварыць у Прыбалтыцы ваенна-марскія і ваенна-паветраныя базы.

Увод кантынгенту савецкіх войскаў у Прыбалтыку прывёў да актывізацыі антысавецкіх сіл. 14 чэрвеня 1940 года СССР абвінаваціў Літву, Латвію і Эстонію ў парушэнні дагавораў пра ўзаемадапамогу і ва ўльтыматыўнай форме запатрабаваў неадкладна сфармаваць новыя ўрады, «здольныя сумленна выконваць» гэтыя дагаворы, а таксама допуску на тэрыторыю трох краін дадатковых буйных частак Чырвонай арміі.

Адначасова дыпламатычным прадстаўнікам трох краін было заяўлена, што ў фарміраванні новых урадаў прымуць удзел савецкія прадстаўнікі. Умовы былі прынятыя. 15 чэрвеня дадатковыя кантынгенты савецкіх войскаў увайшлі ў Літву, а 17 чэрвеня — у Эстонію і Латвію. Для фарміравання новых урадаў і наступнага кіраўніцтва іх дзейнасцю ў Літву прыбыў намеснік наркама замежных спраў Уладзімір Дзеканозаў, у Латвію — намеснік старшыні Саўнаркама Андрэй Вышынскі, у Эстонію — сакратар ЦК ВКП(б) Андрэй Жданаў.

Крызіс завяршыўся стварэннем савецкіх урадаў, якія дзейнічалі на аснове дырэктыў Масквы і яе прадстаўнікоў на месцах. Новыя ўрады знялі забароны на дзейнасць камуністычных партый і прызначылі пазачарговыя парламенцкія выбары. На выбарах ва ўсіх трох дзяржавах перамогу атрымалі пракамуністычныя блокі (саюзы) працоўнага народа (фактычна адзіныя выбарчыя спісы, дапушчаныя да выбараў). Новаабраныя парламенты 21—22 ліпеня абвясцілі стварэнне Эстонскай ССР, Латвійскай ССР і Літоўскай ССР і прынялі Дэкларацыі пра уваходжанне ў СССР. 3—6 жніўня 1940 года, у адпаведнасці з рашэннямі, гэтыя рэспублікі былі прыняты ў склад Савецкага Саюза[1].

Remove ads

Ацэнка

Дзеянні СССР ацэньваюцца як акупацыя з наступнай анексіяй[2][3][4][5][6][7][8][9][10].

Савет Еўропы ў сваіх рэзалюцыях ахарактарызаваў працэс уваходжання прыбалтыйскіх дзяржаў у склад СССР як акупацыю, гвалтоўную інкарпарацыю і анексію[11]. У 1983 годзе Еўрапейскі парламент засудзіў яго як акупацыю, і надалей (2007) выкарыстаў у гэтым дачыненні такія паняцці як «акупацыя» і «незаконная інкарпарацыя»[12][13][14]..

Тэкст прэамбулы Дагавора пра асновы міждзяржаўных адносін паміж Расійскай Савецкай Федэрацыйнай Сацыялістычнай Рэспублікай і Літоўскай Рэспублікай 1991 года[15] ўтрымлівае радкі: «адносячы да мінулага падзеі і дзеянні, якія перашкаджалі поўнай і свабоднай рэалізацыі кожным Высокім Дамоўным Бокам свайго дзяржаўнага суверэнітэту, быўшы ўпэўненымі, што знішчэнне Саюзам ССР наступстваў анексіі 1940 года, якія парушаюць суверэнітэт Літвы, створыць дадатковыя ўмовы даверу паміж Высокімі Дамоўнымі Бакамі і іх народамі».

Нягледзячы на тое што РСФСР у 1991 годзе прызнала дзеянні 1940 года як анексію суверэнных дзяржаў[16], афіцыйная пазіцыя МЗС Расіі палягае ў тым, што далучэнне краін Прыбалтыкі да СССР не супярэчыла нормам міжнароднага права па стане на 1940 год, а таксама што ўваходжанне гэтых краін у склад СССР атрымала афіцыйнае міжнароднае прызнанне. Гэта пазіцыя засноўваецца на прызнанні дэ-факта цэласці меж СССР на чэрвень 1941 года на Ялцінскай і Патсдамскай канферэнцыях дзяржавамі-ўдзельнікамі, а таксама на прызнанні ў 1975 годзе непарушнасці еўрапейскіх меж удзельнікамі Нарады па бяспецы і супрацы ў Еўропе[17].

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading content...

Спасылкі

Loading content...
Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads