Жанна Мартэн Сісэ
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Жанна Мартэн Сісэ (фр.: Jeanne Martin Cissé; 6 красавіка 1926, Канкан, Французская Гвінея — 21 лютага 2017, Конакры, Гвінея) — грамадская і палітычная дзяячка Гвінеі, педагог. Прадстаўляла краіну ў ААН, у 1972 годзе стала першай жанчынай на пасадзе старшыні Савета Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Ва ўрадзе Гвінеі займала пасаду міністра сацыяльных спраў (1976—1984) да ваеннага перавароту 1984 года.
Remove ads
Біяграфія
Была старэйшай з сямі дзяцей у сям’і[3] Яе бацька, Дарыка Мартэн Сісэ, супрацоўнік французскай службы пошты і тэлеграфа, быў з народа мандзінка з каранямі санінкэ, а яе маці, акушэрка Дамае Сума — з народа сусу[4]. Скончыла вышэйшую педагагічную вучэльню ў Руфіску каля Дакара, Сенегал, каб працаваць настаўніцай[5][6].
Кар’ера
Стала адной з першых жанчын-настаўніц у Гвінеі. Сваю педагагічную кар’еру пачала ў школе для дзяўчынак у Канкане ў 1944 годзе, у 1954—1958 гадах працавала дырэктарам школы. У 1946 годзе ўступіла ў Саюз мандзінка. Пасля знаёмства з на той момант прафсаюзным актывістам і будучым першым прэзідэнтам Ахмедам Секу Турэ, яна ў снежні 1947 года далучылася да партыі Афрыканскае дэмакратычнае аб’яднанне. У 1950-х гадах жыла са сваім мужам у Сенегале, прадстаўляла сенегальскі дэмакратычны саюз на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі жанчын у Францыі ў кастрычніку 1954 года[7]. Пасля рэферэндуму і абвяшчэння незалежнасці Гвінеі ў 1958 годзе яна вярнулася на радзіму, дзе яе муж стаў кіраўніком апарата Міністэрства аховы здароўя ў новай Рэспубліцы Гвінея, а яна сама актыўна ўдзельнічала ў прафсаюзным і жаночым руху.
У 1959 годзе была абраная дэлегатам на з’ездзе Саюза заходнеафрыканскіх жанчын у Бамако, які падтрымліваў жаночы панафрыканскі рух. З 1962 па 1972 год — генеральны сакратар Канферэнцыі афрыканскіх жанчын[7][6]. Член Дэмакратычнай партыі Гвінеі (ДПГ) з 1958 года, член ЦК ДПГ пасля смерці мужа ў 1971 годзе[5]. У 1968 годзе абраная ў парламент (Нацыянальны сход Гвінеі), са снежня 1974 года была першым намеснікам старшыні Заканадаўчага сходу, стаўшы першай жанчынай на гэтай пасадзе[8]. Таксама была прадстаўніком краіны ў Камісіі ААН па становішчы жанчын у Жэневе (1963—1969) і Камісіі ААН па правах чалавека.
У 1972 годзе Мартэн Сісэ была прызначаная пастаянным прадстаўніком Гвінеі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гвінея была непастаянным членам Савета Бяспекі ААН, і такім чынам Сісэ стала першай жанчынай, якая ўзначаліла савет[8]. Яна таксама была абраная старшынёй Спецыяльнага камітэта Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць апартэіду[9].
Вярнулася ў Гвінею ў 1976 годзе па просьбе прэзідэнта Турэ, які прызначыў яе міністрам сацыяльных спраў і членам Палітбюро Дэмакратычнай партыі Гвінеі[5][6]. Пасля смерці Турэ ў 1984 годзе была арыштавана разам з іншымі палітычнымі лідарамі і ўтрымлівалася пад вартай на працягу 13 месяцаў, але затым была вызвалена без прад’яўлення абвінавачванняў[10]. Пасля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту Дыяры Траорэ ў ліпені 1985 года яна пакінула Гвінею, пераехаўшы спачатку ў Сенегал, а затым у Злучаныя Штаты. У 1988 годзе яна далучылася да Міжнароднага камітэта салідарнасці з жанчынамі і дзецьмі ў Паўднёвай Афрыцы. У 2004 годзе стала членам Міжнароднай асацыяцыі франкамоўных жанчын[7]. У 2006 годзе з 80-годдзем Мартэн Сісэ павіншавалі многія замежныя палітыкі, у тым ліку і прэзідэнт ЗША Джордж Буш, які адзначыў «яе мужнасць і працу»[11].
Біяграфія Мартэн Сісэ, «Дачка Прыемна», была апублікавана ў 2008 годзе[12]. У 1975 годзе ёй была ўручана Міжнародная Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі». У 2014 годзе прэзідэнт ПАР Джэйкаб Зума ўзнагародзіў яе ордэнам Олівера Тамбо ў якасці прызнання яе ролі як лідара і ролевай мадэлі ў барацьбе за правы жанчын у Афрыцы[13].
Remove ads
Асабістае жыццё
У 1946 годзе Мартэн Сісэ выдалі замуж за паліцэйскага інспектара Махамеда Камара, якога яна не ведала. Той загінуў у аўтамабільнай аварыі ў тым жа годзе, калі яна была на трэцім месяцы цяжарнасці[7]. У 1948 годзе яна выйшла замуж за Ансумана Турэ, аднаго з заснавальнікаў Дэмакратычнай партыі Гвінеі. Ён памёр у турме Камп Бойра ў 1971 годзе пасля арыштаў з-за аперацыі «Мар-Вердэ». У Мартэн Сісэ было шасцёра дзяцей[8]; яна жыла ў Балтыморы, штат Мэрыленд, ЗША[5].
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads