Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар езуітаў (Мсціслаў)
каталіцкі комплекс у горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар езуітаў — каталіцкі сакральны комплекс у Мсціславе. Помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў 1730—1738 гг., перабудаваны ў першай палове XIX ст. пад Мікалаеўскі сабор.
Remove ads
Гісторыя
Былы езуіцкі кляштар з прыналежнымі да яго пабудовамі заснаваны ў пачатку XVII ст. па загадзе караля Жыгімонта ІІІ Вазы. Калегіум заснаваны згодна з дакументам 1711 г. У 1730 г. настаяцель Ян Навамірскі заклаў камень пад новы мураваны касцёл, будаўніцтва якога завяршылася ў 1738 г[1].
У 1817 г. касцёл апісваўся як «даволі пышны» з дзвюма вежамі, накрыты гонтай. Калегіум — мураваны двухпавярховы, гонтай накрыты, значнага рамонту не патрабаваў. Іншыя мураваныя пабудовы: канвікт (пансіён), аптэка, школа, — даволі прыстойныя і абсталяваныя. Драўляныя будынкі свірна, стайні патрабавалі рамонту[1].
Пасля скасавання ордэна езуітаў (1820 г.) касцёл стал прыходскім; у 1842 г. (1833 г.) перабудаваны пад Мікалаеўскі сабор, кляштар — пад Мікалаеўскі манастыр; потым будынкі манастыра прызначаны пад духоўнае вучылішча Тупічэўскага манастыра[1].



У 1838 г. быў складзены каштарыс на капітальны рамонт будынка калегіума. Прадугледжвалася разабраць аварыйныя ўчасткі сцен і змураваць нанава, перарабіць нанава аконныя і дзвярныя праёмы, падлогу, скляпенні, галандскія печы, дах накрыць жалезам. У 1841—1842 гг. асноўныя рамонтныя работы былі выкананы. Пабудаваны двухпавярховы корпус для манахаў, над адным са старых будынкаў надбудаваны другі паверх, манастыр абгароджаны мураванай сцяной з трыма капліцамі на вуглах. У 1859 г. у аднапавярховым флігелі размясцілася мсціслаўскае казначэйства. У сакавіку 1877 г. мсціслаўскі Мікалаеўскі другакласны мужчынскі манастыр быў скасаваны, замест яго заснаваны бялыніцкі. Мікалаеўская царква стала гарадскім саборам. У 1897 г. адрамантаваны будынак вучылішча і наглядчыцкі корпус з перамуроўкай сцяны памерам 6-7 аршын. У 1909 г. адбываўся рамонт Мікалаеўскага сабора. Пры наведванні ў 1913 г. епіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім Канстанцінам г. Мсціслава адзначалася, што Мікалаеўскі сабор «и по наружному виду, и по внутреннему убранству и необыкновенной чистоте оставляет впечатление весьма отрадное: видна любовь к церковному благолепию и благоукрашению храма…»[1].
У час Вялікай Айчыннай вайны касцёл быў напалову зруйнаваны, былі знішчаны інтэр'еры. Пасля 1945 г. будынак часткова адрамантаваны і прыстасаваны пад раённы Дом культуры. З 2000 г. знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі[1], але працы спыніліся на этапе кансервацыі. Касцёл стаіць замураваны[2].
Remove ads
Архітэктура
Касцёл
Касцёл — двухнефная мураваная базіліка з трансептам і дзвюхвежавым галоўным фасадам. Цэнтральны неф завершаны масіўнай паўкруглай алтарнай апсідай. Дзвух'ярусныя крылы трансепту ўрэзаныя ў высокія бакавыя нефы. Галоўны фасад падзелены на два ярусы вузкім карнізам і завершаны развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры і чацверыковымі вежамі па баках (верхнія ярусы не зберагліся). У 1842 г. надбудаваны вялікі драўляны купал на цыліндрычным светлавым барабане (не захаваўся). Сцены аздобленыя шырокімі пілястрамі. Праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі завяршэннямі.
Інтэр'ер
Унутры касцёла магутныя калоны з пілястрамі злучаныя папружнымі аркамі падзяляюць храм на тры нефы. У паўночна-заходняй частцы размешчаныя высокія хоры. Памяшканне над хорамі, нефы і бакавыя алтары перакрытыя крыжовымі скляпеннямі, у апсідзе — конха з распалубкамі.
Кляштар

Да касцёла прылягаюць з паўночнага боку галоўнага фасада аднапавярховы мураваны будынак аптэкі, з паўднёвага каля апсіды двухпавярховы прамавугольны ў плане корпус калегіума. Два вуглы будынку і сярэдзіна паўночна-ўсходняй сцяны ўмацаваныя магутнымі контрфорсамі. Сістэма планіроўкі калідорная з аднабаковым размяшчэннем памяшканняў. Калідор і пакоі першага паверху перакрытыя крыжовымі скляпеннямі, другога — плоскай столлю, ва ўсходнім куце размешчаная вузкая двухмаршавая лесвіца.
Remove ads
Зноскі
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Кляштар езуітаў і касцёл Міхаіла ў Мсціславе(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 кастрычніка 2022. Праверана 27 ліпеня 2017.
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads