Кніга данін Казіміра

кніга Метрыкі Вялікага княства Літоўскага часоў валадарства вялікага князя Казіміра Ягелончыка From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Кніга данін Казіміра — найстарэйшая кніга Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага.

Захавалася ў спісах канца XVI — пачатку XVII ст.[1] у складзе 3-й кнігі запісаў (паводле сучаснай нумарацыі). Адрозніваецца ад іншых кніг Метрыкі тым, што змяшчае ў асноўным не поўныя тэксты дакументаў, выданых Канцылярыяй ад імя гаспадара, а толькі «запісы» (рэгесты) — кароткае іх апісанне з асноўнымі звесткамі.[2]

Створана пасля 1475 года, складальнікі спрабавалі ўпарадкаваць запісы і абралі для гэтага геаграфічны прынцып[3]. Невядома чаму, але прынамсі ў захаваных спісах канца 16 — пачатку 17 ст., прынцып не вытрыманы для ўсіх запісаў, побач геаграфічных груп частка запісаў змешчана ў адвольным парадку. Таксама ўнутры геаграфічных груп запісы храналагічна не ўпарадкаваны, а адны і тыя асобы атрымлівалі наданні ў розныя гады, што ўскладняе датаванне.[1]

Часта запісы згрупаваны, а дата з месцам выдання (эсхатакол) ёсць толькі для апошняга запісу ў групе. На думку літоўскага даследчыка Эўгеніюса Савішчэваса, магчыма, зыходныя дакументы мелі аднолькавыя эсхатаколы і складальнікі Кнігі данін адкінулі іх пры запісе, каб не паўтарацца. Аднак, ёсць групы запісаў, выданых відавочна розным часам, але з адным эсхатаколам для апошняга ў групе, што яўна супярэчыць меркаванню Савішчэваса.[1]

Такім чынам, пэўна датаваць запісаныя дакументы цяжка, для некаторых, паводле ўскосных прыкмет (імёны пісараў, ураднікаў, датычных складанню дакумента, іцінерарый гаспадара, параўнанне з іншымі дакументамі і іншага), можна вызначыць часавыя межы, але не заўсёды прыкметы ёсць і ў такім разе датаваць дакумент немагчыма. Так, сустракаецца датаванне 1440—1492 гадамі, то-бок агульным часам валадарства караля і вялікага князя Казіміра, або карацейшымі, але ўсё адно значнымі прамежкамі часу, напрыклад, 1440—1458 гадамі, то-бок да смерці Яна Гаштольда.[3]

Упершыню апублікавана Мітрафанам Доўнар-Запольскім ў 1897 годзе, потым двойчы перавыдавалася — у 1910 годзе ў складзе «Рускай гістарычнай бібліятэкі[ru]» і ў 1998 годзе ў літоўскім выданні 3-й кнігі запісаў. Не раз вывучалася і вывучаецца гісторыкамі.[3]

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads