Ларыса Фёдараўна Шчыракова
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ларыса Фёдараўна Шчыракова (нар. 13 красавіка 1973) — беларуская журналістка, краязнаўца, палітычная зняволеная рэжыму Лукашэнкі.
Remove ads
Біяграфія
Нарадзілася 13 красавіка 1973 года ў Гомелі. Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны. Па спецыяльнасці працавала настаўніцай гісторыі і англійскай мовы ў школе.
Пазней захапілася журналістыкай і займалася ёй прафесійна з 2008 года. Супрацоўнічала з рознымі незалежнымі медыя, больш за іншых — з тэлеканалам «Белсат»[1][2].
З 2009 года рэалізоўвала праекты Еўрапейскай камісіі для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, працуючы з ліквідаванай уладамі ў 2021 годзе моладзевай групай «Талака» над стварэннем і распаўсюджваннем відэаматэрыялаў грамадскай накіраванасці ў Гомелі.
У 2012 годзе Шчыракова сыграла галоўную ролю ў дакументальна-мастацкай стужцы «Палута Бадунова — успомніць і не забыць»[3][патрэбна лепшая крыніца]. Фільм пра Палуту Бадунову паводле кнігі Валянціны Лебедзевай пачала здымаць сама, але потым звярнулася да рэжысёра Валерыя Мазынскага[4].
Таксама мела ўласны праект «Забітыя і забытыя», у якім здымала відэасюжэты пра рэпрэсаваных Сталіным жыхароў Гомельшчыны і змяшчала іх на сваім канале YouTube[5][патрэбна лепшая крыніца].
Remove ads
Палітычны пераслед, суды і зняволенне
За прафесійную дзейнасць журналістку больш за 40 разоў каралі адміністрацыйнымі штрафамі[6][7]. За асвятленне паслявыбарчых акцый пратэсту 2020 года суды ёй сутак не прызначалі, бо Шчыракова адна гадавала непаўналетняга сына[8].
6 снежня 2022 года журналістку арыштавалі пасля ператрусу ў яе доме, сына змясцілі ў прытулак[9]. 16 снежня 2022 года сумеснай заявай васьмі арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі ПЭН, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Прававая ініцыятыва, Шчыракову прызналі палітычнай зняволенай[10].
27 жніўня 2022 года ў Гомельскім абласным судзе пачаўся закрыты працэс над палітвязынкай[11]. Шчыракову абвінавацілі паводле артыкулаў 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса[1]. Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, яна «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месэнджары і ўліковыя запісы ў сацсетках перадала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Таксама яна нібыта "ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя‑, відэа‑, фота- і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат»[12].
31 жніўня 2023 года суддзя Мікалай Доля прысудзіў палітвязынцы 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штраф 100 базавых велячынь (3700 BYN) з частковай канфіскацыяй маёмасці[11][13][12].
Шчыракова, якая ў 2021 годзе яшчэ да прызнання «Белсата» экстрэмісцкім фармаваннем, публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі, не прызнала сваёй віны і не падавала апеляцыю на прысуд, палічыўшы гэта марным[12]. Вырак набыў моц, і 22 верасня 2023 года асуджаную журналістку ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў» МУС[14]. Неўзабаве Шчыракову этапавалі з гомельскага СІЗА № 6 ў жаночую папраўчую калонію № 4 у Гомелі адбываць тэрмін[12].
У калоніі яна працавала швачкай. Па словах праваабаронцаў і былых зняволеных, умовы працы палітычных зняволеных цяжкія, а заробкі мізэрныя[15][патрэбна лепшая крыніца].
Remove ads
Вызваленне і прымусовы вываз з Беларусі
11 верасня 2025 года, калі Ларысе быць у няволі заставалася 4 месяцы, яе вызвалілі, і ў складзе 51 палітзняволеных прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву[16].
«Я думала: я застануся, о`кей, задушыцеся, я адсяджу, але потым я зараблю сабе права жыць у сваёй краіне. Але выйшла, што гэта ілюзія. І нягледзячы на тое, што я адсядзела і мне засталося толькі чатыры месяцы, усё роўна мне не далі магчымасці застацца ў сваёй краіне», – распавяла «Белсату» былая палітзняволеная[17].
12 верасня 2025 года падчас прэс-канферэнцыі з выдваранымі з Беларусі палітвязнямі, Ларыса Шчыракова расказала падрабязнасці пра сваё ўтрыманне ў калоніі[18].
Асабістае жыццё
Сына Святаслава Ларыса выхоўвала адна. З-за арышту маці 6 снежня 2022 года сын быў змешчаны ў дзіцячы дом. Праз месяц адтуль яго забраў пад апеку бацька, які жыў у Расіі, бо іншым родзічам хлопца не аддалі[19].
Падчас зняволення Шчыраковай у гомельскім СІЗА ў 2023 годзе памерла яе маці, на пахаванне якой яе не адпусцілі[20].
Міжнародная падтрымка
Прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Метсола выказала безумоўную салідарнасць са Шчыраковай і ўсімі незалежнымі журналістамі, якія знаходзяцца ў турмах Лукашэнкі[21].
Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) і саюзы французскіх журналістаў SNJ, SNJ-CGT, CFDT-Journalistes зрабілі адмысловую заяву, у якой заклікалі да безадкладнага вызвалення Шчыраковай[22].
Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север (Maja Sever) напісала і перадала Шчыраковай ліст з цёплымі словамі падтрымкі[23].
Абавязкі сімвалічнай «хроснай» Шчыраковай узяла на сябе Вэндзі Чэмберлен, дэпутатка Палаты абшчын Вялікабрытаніі[24].
Remove ads
Узнагароды
У кастрычніку 2023 года Шчыракова атрымала прэмію Free Media Awards за сваю журналісцкую дзейнасць[25].
Крыніцы
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
