Ля касцёла
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ля касцёла ці Ля касцёла. Нядзельны дзень[1] — карціна мастака Фердынанда Рушчыца, напісана ў Багданаве ў 1899 годзе. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь[2], куды паступіла ў 1957 годзе ад ленінградскага калекцыянера Абрама Шустэра. Да 2015 года была адзінай у Беларусі карцінай мастака. Памер карціны складае 102 х 76 см[3].
Remove ads
Гісторыя
Стварэнне

Ідэя напісання карціны, у якой кампазіцыйнай камінатай стаў бы касцёл у Багданаве, узнікае ў Рушчыца яшчэ ў 1898 годзе. У снежні гэтага года ён стварае цэлы шэраг накідаў і эскізаў. Пошукі кампазіцыйнага рашэння карціны ў студзені 1899 года Рушчыц робіць не з натуры, а па памяці, знаходзячыся тым часам у Пецярбургу, дзе бярэ ўдзел у выставе «Мира искусства»[4].
Канцом мая датаваны першыя накіды, блізкія да фінальнага варыянта кампазіцыі пейзажа. Рушчыц прыходзіць да кампазіцыі, у якой касцёл і званіца ўзяты фрагментарна ў нізкім пункце позірку (замест ранейшага высокага), фланкуюць прастору першага плана, паміж імі — сілуэты дрэў на фоне неба. Жнівеньскія накіды распрацоўваюць гэтую ж схему. Паралельна з’яўляецца іншы, дыяганальны ракурс на касцёл са званіцай. Відаць, што Рушчыц выбірае паміж двума варыянтамі[4].

9 і 10 жніўня 1899 года з’яўляюцца эскізы, у якіх кампазіцыя набліжаецца да канчатковай версіі. У эскіз ад 10 жніўня ўкампаваны фігуры тых, хто моляцца, ў тым выглядзе, у якім яны пасля былі намаляваны на карціне[4].

Накід ад 4 верасня адрозніваецца ўвагай да дэталяў і носіць дакументальны характар, што кажа пра тое, што ён быў зроблены з натуры. Верагодна, менавіта ён стаў фінальным падрыхтоўчым накідкам да карціны «Ля касцёла», бо больш позніх датаваных эскізаў ці накідаў не выяўлена[4].
Шэраг дэталяў у карціне зменены для дасягнення мастацкіх мэт: няма касцёльнай агароджы, якая закрывае гарызонт, менш дрэў, іншыя ракурсы на касцёл і званіцу і суадносіны прапорцый паміж імі — званіца на палатне зменшана ў памеры адносна касцёла[4].
Пейзаж быў напісаны ў 1899 годзе і атрымаў аўтарскую назву «Святочны дзень» (польск.: Dzień świąteczny), а ў сваім дзённіку Рушчыц коратка называў яго проста «Касцёлік»[4]. Творы напісаны 29-гадовым Рушчыцам усяго праз два гады пасля заканчэння Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу ў 1899 годзе і пасля трохмесячнага еўрапейскага падарожжа, якое ўзбагаціла яго палітру[3].
На выстаўках
У пачатку 1900 года Рушчыц прывёз на Акадэмічную выставу ў Санкт-Пецярбург тры карціны: «Вечаровы спакой», «Святочны дзень» (па каталогу выставы — «Нядзельны дзень») і «Баладу» — па альбомах з эскізамі бачна, што праца над імі вялася адначасова[4].
Карціны перад выставай агледзеў Архіп Куінджы (1841—1910), настаўнік Рушчыца па Акадэміі мастацтваў, які выказаў па іх сваё меркаванне. Для Рушчыца было важнае меркаванне Куінджы, ён нават запісаў яго ў сваім дзённіку: «Ага! Моцна. У сіні той жа недахоп, што і ў „Зямлі“ быў»[4].
21 лютага ў Сяргея Дзягілева спадарыня Аляксандра Боткіна, дачка мецэната і калекцыянера мастацтва Паўла Траццякова, якая пасля смерці бацькі ў 1898 годзе ўвайшла ў Апякунскай Рады Траццякоўскай галерэі, патлумачыла Рушчыцу, чаму ў яго нічога не купілі: Ілля Астравухаў, сябра Рады і куратар Траццякоўскай галерэі, галасаваў за «Баладу», а яна і Валянцін Сяроў, яшчэ адзін член Рады, былі за «Касцёлік»[5].
Крытык А. Нікалаеў у часопісе «Мир искусства» пісаў пра Рушчыца, што «…асабліва добры быў яго эцюд яснага вясновага дня дзесьці ў Літве, са старажытнай драўлянай царквой»[6][3].
У чэрвені 1900 года карціна разам з іншымі карцінамі з пецярбургскай выставы, а таксама з карцінамі «Зямля» і «Грэбля», выстаўлялася на выставе Таварыства заахвочвання прыгожых мастацтваў у Варшаве, у салоне Крывульта. Як адзначаў аглядальнік газеты «Kurier Warszawski»[7][3]:
![]() |
Выстаўлены «Касцёлак» — гэта зноў знак глыбокага адчування прыроды і душы, якая перапоўнена паэзіяй. Палатно гэта аж дыхае свежасцю. У яго фарбах адчуваецца восень і дыханне раніцы, усе напісана смела, з тэмпераментам і жыццем… | ![]() |
Вядома, што да 1902 года карціна «Ля касцёла» знаходзілася ва ўласнасці аўтара. У 1902 годзе Рушчыц выстаўляў яе ў Венскім сэцэсіёне на выставе Таварыства польскіх мастакоў «Sztuka», членам якога з’яўляўся з 1900 года[8][4]. Сведчаннем гэтага падарожжа служаць і захаваныя мытныя налепкі на нямецкай мове аб выплаце пошліны, калі карціна перапраўлялася з Кракава праз Германію ў Вену[3].
Пасля 1902 года
Гісторыя бытавання карціны ў перыяд з 1902 па 1957 гады не праяснена. У 1957 годзе карціна была набыта Дзяржаўным мастацкім музеем БССР у ленінградскага архітэктара і калекцыянера Абрама Ігнатавіча Шустэра (1903—1978), які збіраў у асноўным творы заходнееўрапейскага жывапісу[4]. Верагодна, у прамежку паміж 1902—1913 гадамі карціну набыў ягоны бацька, купец першай гільдыі Ігнат Майсеевіч Шустэр (1863—1913), правадзейны член Фондавага аддзялення Санкт-Пецярбургскай біржы, родапачынальнік вядомай дынастыі пецярбургскіх калекцыянераў Шустэраў. Ігнат Шустэр збіраў выключна карціны рускай акадэмічнай школы[9].
Тагачасная дырэктарка музея, Алена Аладава, прапанавала прадаць карціну ёй разам з партрэтам Булгака Івана Хруцкага і тады не атрыбутаваным «Партрэтам Траццяковай» Апалінарыя Гараўскага. Карціна была набытая за вельмі невялікую цану, усяго 1200 рублёў[9].
Упершыню была апублікавана ў 1958 годзе ў музейным альбоме[10][3]. У поле зроку польскіх даследчыкаў карціна трапіла толькі ў 1964 годзе, калі выстаўлялася на персанальнай выстаўцы Рушчыца ў Варшаве і была апублікавана ў каталогу выставы[11][4].
З 1964 года знаходзіцца ў экспазіцыі Дзяржаўнага мастацкая музея БССР[3], пасля Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Remove ads
Апісанне
Мастак неаднаразова звяртаўся да тэмы мясцовага храма, адлюстроўваў яго з розных ракурсаў. Выдатны прыклад беларускага драўлянага дойлідства другой паловы XVII стагоддзя Касцёл Міхаіла Арханёла, які выяўлены на карціне, на жаль, да нашага часу не захаваўся — згарэў падчас Другой сусветнай вайны. Мы маем магчымасць бачыць яго, дзякуючы фатаграфіям сябра Рушчыца, Яна Булгака, а карціна дазваляе адчуць настрой вясновага цёплага дня, адчуць яднанне зямлі, святла, людзей, нябёсаў, гулкімі гукамі, якія льюцца з палатна.[1]
Карціна выканана ў характэрным для Рушчыца стылі сімвалічнага пейзажу: людзі ніколі не трапляюць у цэнтр глядацкай увагі, іх вобразы размытыя і падкрэслена безаблічныя — мастак прапаноўвае нам у кожным намаляваным ім чалавеку пазнаць сябе і стаць саўдзельнікам таго ці іншага яго твора.[2]
Яркі блакіт вясновага неба, палосы цёплых прамянёў сонца на драўляных збудаваннях працяты асаблівым пранізлівым каханнем і лагодай. Бачны бабінец старэнькага ўрослага ў зямлю касцёла. У яго ўпаўзаюць пахілыя старэчыя фігуркі быццам чарада доўгіх дзесяцігоддзяў, што прайшлі перад яго позіркам; старыя паважна стаяць наводдаль. Гракі на голых галінках дрэў; экспрэсіўныя бела-ружовыя аблокі, надзвычайная блакітная пранізлівасць неба, а ўдалечыні — сінія ўзгоркі і невыказны сум.[2] На ажыўшай зямлі свята — ізноў вярнуліся вясна і жыццё.[1]
Remove ads
Цікавыя факты
Беларускі дыпламат Уладзімір Шчасны (1948—2020), шчыры аматар творчасці Рушчыца, быў закаханы ў гэтую карціну настолькі, што заказаў рэстаўратару яе жывапісную копію, якую павесіў на ганаровае месца ў сваім доме. Ён прагнуў штодзённага кантакта з карцінай, паказваў яе шматлікім гасцям. Лічыў, што гэта карціна, як ніякая іншая, перадае асаблівы настрой і духоўную сутнасць Заходняй Беларусі[3].
Гл. таксама
Зноскі
- Фердинанд Рущиц (1870 – 1936). К 140-летию со дня рождения художника (руск.). Нацыянальны мастацкі музей РБ. Праверана 23 снежня 2011.(недаступная спасылка)
- Барыс КРЭПАК. Богданаўская “святыня думання” Фердынанда Рушчыца (недаступная спасылка). «Культура». Праверана 23 снежня 2011.
- Надзея Усава. НАШ СЦІПЛЫ КАСЦЁЛАК. «НЯДЗЕЛЯ. ЛЯ КАСЦЁЛА» ФЕРДЫНАНДА РУШЧЫЦА: МАСТАЦКІ ЭПІГРАФ ДА НЕРЭАЛІЗАВАНАГА ПРАЕКТА(недаступная спасылка)
- Шаблон:Крыніцы/Рушчыц Ф. Дзённік
- Николаев А. Художественная хроника. Наши выставки / /Мир искусства. — 1900. — № 7-8. — С. 152
- Z salonow artystycznych (O nowym salone Krywylta) // Kurier Warszawski. — 1900. -№ 312.27.10
- Baranowa, A. Krytycy wiedeńscy o «Sztuce» — Ludwig Hevesi, Hermann Bahr, Berta Zuckerkandl / A. Baranowa // Stulecie Towarzystwa Artystów Polskich «Sztuka» (Ars vetus et nova / Instytut Historii Sztuki, Uniwersytetu Jagiellońskiego ; 4), Kraków 2001. — S. 65-77. Abb. 1-10
- Государственный художественный музей БССР / сост. Е. В. Аладова; авт. вступ. ст. П. Герасимович. — М.: Советский художник, 1958. — 127 с.
- Ferdynand Ruszczyc: 1870—1963: Katalog: Muzeum narodowe w Warszawie. / Pod red. J. Ruszczycówny. — Warszawa: Toruńska Drukarnia Dziełowa, 1964. — 164 s. — s. 53
Remove ads
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads