Свята-Мікалаеўская царква (Вільнюс)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Царква́ перанясе́ння мо́шчаў свяці́целя Мікала́я Цудатво́рцы (літ.: Šv. Nikolajaus Stebukladario palaikų Pernešimo cerkvė) — праваслаўная царква ў Вільні (Літва), адзін з яе найстарэйшых мураваных храмаў. Знаходзіцца ў Старым горадзе на вуліцы Дзіджойі, 12 (Вялікая, літ.: Didžioji g. 12). Помнік архітэктуры мясцовага значэння[1].
Remove ads
Гісторыя
Паводле падання, першая драўляная царква на месцы цяперашняе з’явілася прыкладна ў 1340 годзе[2]. Меркавана ў ёй былі пахаваны віленскія мучанікі (цяпер знаходзяцца ў царкве Святога Духа). А ўжо ў 1350 Ульяна Цвярская, другая жонка князя Альгерда, загадала ўзвесці новы, мураваны храм, пра што нагадвае таблічка ў адной з капліцаў царквы.

У 1514 занядбаная царква зноў была перабудавана вялікім гетманам Канстанцінам Астрожскім ў гатычным стылі. У 1609 паводле прывілею караля Жыгімонта Вазы была перададзена ўніятам, як і яшчэ адзінаццаць віленскіх храмаў.
У 1740-х царква была цалкам знішчаная пажарам і перабудаваная ў барочным стылі.

У 1839 расійскія ўлады зачынілі мясцовую ўніяцкую парафію і вярнулі храм праваслаўным. З 1845 ён стаў прыходскім.

Пасля здушэння паўстання 1863 года ён быў цалкам перабудаваны ў новавізантыйскім стылі з уласнай ініцыятывы віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Абноўленая царква мела стаць чарговым сімвалам расійскага панавання ў месце, стаўшы пятым праваслаўным храмам у Старым горадзе. Злева ад уваходу была прыбудавана капліца ў гонар Св. Міхаіла Архангела, нябеснага заступніка М. Мураўёва. У лістападзе 1866 царква была пераасвечана. Удзел генерал-губернатара ў перабудове царквы быў увекавечаны на мармуровай таблічцы з заходняга боку царквы.
Па II сусветнай вайне царква была зачынена, але ў 1947 рэжым пагадзіўся адчыніць яе. У 1949—1956 была праведзена рэстаўрацыя, а ў 1961 храм стаў прыходскім.
Remove ads
Архітэктура
Цяперашні храм пабудаваны ў новавізантыйскім стылі з характэрнымі элементамі віленскага барока. Звонку пафарбаваны ў белы колер і розныя адценні ружовага і чырвонага, багата дэкараваны фрызамі і барэльефамі. Вокны паўкруглыя альбо завершаныя спічастыя. Вылучаюцца таксама дэкараваныя падобным чынам бленды (некаторыя з намаляванымі выявамі святых).
Галоўны ўваход у святыню абрамлены сціплым парталам паўкруглых дзвярэй, калідор знаходзіцца пад стрэлападобнай вежай, завершанай залатым крыжам, а дабудаваная ў XIX стагоддзі апсіда завершана купалам, таксама з крыжам. Купал атачае шэраг цыбулепадобных сігнатурак.
Remove ads
Зноскі
- Pilnas aprašas(літ.) // Duomenų bazė Voruta. — Kultūros paveldo departamentas prie Kultūros ministerijos. Архівавана з першакрыніцы 9 студзеня 2014.
- Vladas Drėma. Dingęs Vilnius. Vilnius: Vaga, 1991. ISBN 5-415-00366-5. P. 178. (літ.)
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads