Нацыянальны архіўны фонд Беларусі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Нацыянальны архіўны фонд Рэспублікі Беларусь (НАФ Рэспублікі Беларусь) — гістарычна сфарміраваная і пастаянна папаўняльная сукупнасць дакументаў, якія маюць гістарычную, навуковую, сацыяльную, эканамічную, палітычную або культурную каштоўнасць, адлюстроўваюць матэрыяльнае і духоўнае жыццё беларускага народа і падлягаюць пастаяннаму захоўванню. НАБ Беларусі з’яўляецца адзіным метакомплексам матэрыяльных носьбітаў доўгачасовай сацыяльнай памяці, створаных у розныя гістарычныя перыяды ў працэсе дзяржаўнай, эканамічнай, грамадска-палітычнай, сацыяльна-культурнай дзейнасці[1].
Remove ads
Гісторыя фарміравання НАФ
Ідэі аб’яднання архіўных дакументаў у адзіны метакомплекс і стварэння цэнтралізаванай сістэмы захоўвання з’явіліся яшчэ ў XVI стагоддзі. Паступова сфарміраваліся дзве асноўныя канцэпцыі арганізацыі архіўнай справы: усеагульная цэнтралізацыя ў форме Дзяржаўнага архіўнага фонду (ДАФ) і ліберальная цэнтралізацыя, якая легла ў аснову сучаснага паняцця Нацыянальнага архіўнага фонду (НАФ)[1].
Дзяржаўны архіўны фонд
Паняцце «Дзяржаўны архіўны фонд» (ДАФ) было сфармулявана ў пачатку ХХ стагоддзя ў асяроддзі расійскіх рэфарматараў архіўнай справы. Яно атрымала афіцыйнае вызначэнне ў дэкрэце Савета Народных Камісараў РСФСР «Аб рэарганізацыі і цэнтралізацыі архіўнай справы» ад 1 чэрвеня 1918 года. Фонд базаваўся на прынцыпе поўнай цэнтралізацыі архіўнага матэрыялу — усе дакументы, якія мелі значэнне для дзяржавы, падлягалі перадачы ў дзяржаўныя архівы[1].
У Беларускай ССР склад і структура ДАФ былі вызначаны Палажэннем ад 28 мая 1927 года. Да яго былі аднесены архівы дарэвалюцыйных землеўладальнікаў, цэркваў, манастыроў, прамысловых прадпрыемстваў і дзяржаўных устаноў. Асобна вылучаліся дакументы беларускага паходжання, вернутыя з-за межаў рэспублікі. ДАФ БССР рэгулярна папаўняўся дакументамі дзейных устаноў[1].
У 1941 годзе быў створаны Дзяржаўны архіўны фонд СССР, які аб’яднаў архіўныя фонды саюзных рэспублік у агульнасаюзную сістэму. Гэта была сукупнасць дакументаў, што належалі савецкай дзяржаве і мелі палітычную, эканамічную, культурную або навуковую каштоўнасць. У той жа час з ДАФ выключаліся дакументы, што захоўваліся ў партыйных, асабістых і ведамасных архівах, а таксама матэрыялы ў прыватнай уласнасці і за межамі краіны[1].
Пасля Другой сусветнай вайны паняцце ДАФ распаўсюдзілася на іншыя краіны сацыялістычнага лагера — Польшчу, Чэхаславакію, Югаславію, Балгарыю і Венгрыю. Аднак з набыццём суверэнітэту краінамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы і зменай ідэалагічнай парадыгмы мадэль дзяржаўнай цэнтралізацыі паступова саступіла месца больш гнуткай сістэме[1].
Нацыянальны архіўны фонд
Паняцце «Нацыянальны архіўны фонд» было ўведзена ў шэрагу краін, у тым ліку Польшчы, Іспаніі, Італіі, і з 1990-х гадоў — у Рэспубліцы Беларусь. Яно грунтуецца не на прынцыпе дзяржаўнай уласнасці, а на ідэі аховы цэласнасці дакументаў, якія маюць гістарычную, навуковую або грамадскую значнасць[1][2].
У Беларусі пачатак новага этапу архіўнай палітыкі быў пакладзены ў 1991 годзе з абвяшчэннем дзяржаўнага суверэнітэту. Важным этапам стала прыняцце Закона «Аб Нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь» 6 кастрычніка 1994 года, які ўпершыню юрыдычна замацаваў структуру і функцыі архіўнай сістэмы краіны. Закон замацаваў двухузроўневую структуру НАФ: дзяржаўную і недзяржаўную часткі, што адлюстроўвала новы прававы статус дакумента як аб’екта ўласнасці, які можа захоўвацца і ў недзяржаўных установах, і ў прыватных асоб, але адначасова застаецца часткай нацыянальнай архіўнай спадчыны[1][2].
Такі статус і структура НАФ былі канчаткова зафіксаваны ў Палажэнні аб Нацыянальным архіўным фондзе Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 20 верасня 1996 года. Дакумент вызначаў парадак уліку, захоўвання, выкарыстання дакументаў НАФ, а таксама прававыя аспекты ўласнасці на іх[2].
Працэс удасканалення паняцця працягваўся і ў наступныя гады. У 1999 годзе была прынята новая рэдакцыя Закона аб НАФ, якая пашырыла класіфікацыю архіваў, закладвала механізм стварэння і вядзення Дзяржаўнага фондавага каталога НАФ і замацавала абавязак арганізацый ствараць архівы для дакументаў НАФ[2].
Закон «Аб архіўнай справе і справаводстве ў Рэспубліцы Беларусь» ад 25 лістапада 2011 года прынёс далейшае ўдасканаленне паняцця НАФ. У ім архіўныя дакументы ўпершыню былі вызначаныя як аб’ект аховы і ўліку незалежна ад формы ўласнасці і месца захоўвання. Быў уведзены новы механізм класіфікацыі архіваў і паняцце дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу — Дзяржаўнага фондавага каталога НАФ, які быў зарэгістраваны ў 2001 годзе і з 2012 года даступны анлайн. Гэты каталог змяшчае інфармацыю пра больш за 50 тысяч фондаў, якія знаходзяцца на пастаянным захоўванні ў беларускіх дзяржаўных архівах[2].
Remove ads
Структура НАФ
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб архіўнай справе і справаводстве» (2011, з зменамі і дапаўненнямі ад 18 красавіка 2022 г., арт. 9) НАФ падзелены на дзве часткі[1]:
Дзяржаўная частка НАФ
Да дзяржаўнай часткі НАФ адносяцца дакументы:
- Вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на ўсіх этапах яе развіцця.
- Дзяржаўных арганізацый (пасольстваў і інш.), якія знаходзіліся або знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь.
- Арганізацый, доля дзяржаўнай уласнасці ў статутным фондзе якіх складае больш за 50 працэнтаў.
- Грамадскіх арганізацый і партый, якія ўтварыліся да ўвядзення іх рэгістрацыі ва ўстаноўленым парадку (першая партыя зарэгістравана ў 1992 г., законы аб грамадскіх аб’яднаннях і палітычных партыях прыняты ў 1994 г.).
- Рэлігійных арганізацый, якія ўтварыліся да аддзялення царквы ад дзяржавы (да прыняцця Дэкрэта СНК РСФСР аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы ад 2 лютага 1918 г.).
- Іншыя дакументы, якія захоўваюцца або падлягаюць захоўванню ў дзяржаўных сховішчах (архівах, музеях і бібліятэках) Рэспублікі Беларусь.
Недзяржаўная частка НАФ
Недзяржаўную частку НАФ складаюць дакументы, якія знаходзяцца ва ўласнасці[1]:
- Грамадскіх арганізацый і партый з 1992 г.
- Рэлігійных арганізацый пасля 1918 г.
- Прыватных асоб (іх сем’яў, родаў).
- Іншых недзяржаўных арганізацый, уключаных у спісы камплектавання дзяржаўных архіваў.
Тыпы дакументаў
НАФ складаецца з дакументаў розных відаў і на розных носьбітах, сабраных у працэсе дзейнасці[1]:
- дзяржаўных органаў;
- прадпрыемстваў і арганізацый незалежна ад форм уласнасці;
- грамадскіх аб’яднанняў і партый;
- фізічных асоб.
НАФ фарміруецца з дакументаў арганізацый (асоб), уключаных у спісы крыніц камплектавання дзяржаўных архіваў. Дакументы НАФ захоўваюцца ў дзяржаўных, тэрытарыяльных архівах, архівах арганізацый, а таксама ў музеях і бібліятэках. Дзяржава прадпрымае меры па вяртанні дакументаў, якія з’яўляюцца гістарычнай і культурнай спадчынай беларускага народа, але знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь — яны, у адпаведнасці з заканадаўствам, могуць стаць часткай НАФ як копіі на правах арыгіналаў[1].
Remove ads
Класіфікацыя дакументаў НАФ па перыядах
Дакументы НАФ у залежнасці ад часу паходжання падзелены на[1]:
- Дакументы дакастрычніцкага перыяду (да 7 лістапада (25 кастрычніка) 1917 г.). Захоўваюцца асобна ад дакументаў іншых гістарычных перыядаў.
- Савецкага перыяду (да 19 верасня 1991 г.).
- Постсавецкага перыяду (перыяд суверэннай Рэспублікі Беларусь).
Асобнае захоўванне дакументаў, якія ўтварыліся ў розныя гістарычныя перыяды, забяспечваецца арганізацыяй сеткі архіваў. У адпаведнасці з гэтай прыкметай дакументы, створаныя да 1917 г., захоўваюцца ў гістарычных архівах, якія адносяцца да разраду некамплектавальных[1].
Класіфікацыя дакументаў НАФ па значэнні
У залежнасці ад маштабу і характару дзейнасці арганізацый ажыццяўляецца аднясенне іх дакументаў да комплексаў рэспубліканскага і мясцовага значэння[1].
- Аднясенне дакументаў НАФ да комплексаў, якія маюць рэспубліканскае значэнне, ажыццяўляецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання па архівах і справаводстве.
- Аднясенне да комплексаў дакументаў, якія маюць мясцовае значэнне, — органамі кіравання па архівах і справаводстве аблвыканкамаў і г. Мінска.
Комплексы дакументаў рэспубліканскага значэння
Да комплексаў дакументаў рэспубліканскага значэння адносяцца[1]:
- Фонды цэнтральных арганізацый і мясцовых устаноў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і інш.
- Фонды акупацыйных органаў кіравання і грамадскіх арганізацый 1918—1920 гг. і 1941—1945 гг.
- Фонды вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і цэнтральных органаў кіравання БССР.
- Фонды вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і цэнтральных органаў кіравання Рэспублікі Беларусь.
Комплексы дакументаў мясцовага значэння
Да комплексаў дакументаў мясцовага значэння адносяцца[1]:
- Фонды губернскіх, акруговых, абласных, валасных і г.д. устаноў, якія дзейнічалі пасля 7 лістапада (25 кастрычніка) 1917 г.
- Фонды прадпрыемстваў, якія дзейнічаюць (дзейнічалі) на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
- Фонды мясцовых арганізацый камуністычнай партыі і іншых грамадскіх арганізацый.
- Фонды ўстаноў Заходняй Беларусі 1919—1939 гг.
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads