Паданне аб паходжанні Гомеля

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Паданне аб паходжанні Гомеля — узор вуснай народнай творчасці, прыклад народнай этымалогіі тапоніма «Гомель», якая тлумачыць яго паводле словаўтваральнай мадэлі «выклічнік+назоўнік»[1]. Адна з першых пісьмовых фіксацый прыпадае на 1926 г.[2] Паводле акадэмічнага выдання беларускага фальклору 1983 г. паданне мае назву «Адкуль Гомель»[3].

Апісанне

Згодна з паданнем тапонім «Гомель» паходзіць ад папераджальных выкрыкаў «Го! Мель!», якімі плытагоны, сплаўляючы лес па лукавіне ракі Сож, паведамлялі сваім таварышам пра небяспеку сесці на мель. Паводле іншай версіі, гэта рабіў наўмысна пастаўлены на бераг чалавек.

Версіі падання

І. М. Пульнер пераказаў паданне ў наступным выглядзе:

«Па рацэ Сожу (яна працякае каля самога Гомеля), — апавядае старая легенда, — неяк спускаліся плытагоны. Набліжаючыся да месца размяшчэння цяперашняга Гомеля, яны заўважылі вялікія мелі і, жадаючы папярэдзіць ідучых следам пра небяспеку, закрычалі «Го, — мель, Го, — мель! Адсюль і пайшло імя Гомелю»[2].

С. М. Лебедзеў прывёў такую версію падання:

«Узвышша, на якім стаіць Гомель, размяшчаецца на лукавіне ракі Сож, па якой у даўнія часіны сплаўлялі вялікую колькасць плытоў. У верхняй частцы лукавіны былі вялікія мелі, дастаўляючы плытагонам значныя непрыемнасці. Плытагоны, якія плылі паперад, убачыўшы пасяленне на ўзвышшы і ведаючы, што тут ёсць небяспечныя мелі, крыкам засцерагалі таварышаў, якія плылі ззаду: «Го! Го! — мель! мель!». Адсюль атрымалася назва Гомель»[4].

Некалькі адрозную версію фалькларыст А. І. Гурскі занатаваў у 1981 г.:

«Там, дзе цяпер стаіць Гомель, пасярэдзіне ракі Сож некалі было намыта шмат пяску. Каб плыты і баркі, што плылі па рацэ, не ўзбіліся на мель, на беразе каля гэтага месца заўсёды стаяў чалавек і крыкам папярэджваў:

— Го! Мель! Го! Мель!

Вось і пайшло — Гомель»[3].

Remove ads

Інтэрпрэтацыі падання

С. Лебедзеў характарызаваў паданне як «дабрадушна-іранічнае дапушчэнне»[4]. Тапаніміст В. А. Жучкевіч адносіў гэтае паданне да шэрагу «наіўных легенд», знаходзячы ў іх «прымітывізм і спрашчэнства»[5].

Thumb
Сплаў лесу на р. Сож каля Гомеля, пачатак ХХ ст.
Thumb
Астравы на р. Сож каля Гомеля (карта 1799 г.)

Мовазнавец і фалькларыст Я. Н. Рапановіч характарызаваў этымалогію падання як ненавуковую[6]. Філолаг і краязнаўца А. Рогалеў мяркуе, што ў паданні абыграны факт рэальнага існавання водмеляў на р. Сож насупраць гомельскага парка[7]. Мяркуючы па картаграфічных матэрыялах канца XVIII — пачатку XX с. (напр., «План мястэчка Гомля» 1799 г.[8]), на ўчастку р. Сож між сучасным гомельскім рачным портам і ярам Кіеўскі спуск існаваў буйны востраў, які падзяляў раку на вузкія рукавы, чым мог ускладняць перамяшчэнне плытоў і іншых плаўсродкаў. Перашкоды на рацэ таксама ўзнікалі з прычыны зямельных работ і намыву пяску дажджамі з берагу (напр., улетку 1906 г.[9]). Занятак сплавам лесу па р. Сож у раёне Гомеля з пісьмовых крыніц вядома не пазней за 1738 г.[10], застаючыся актуальным аж да 1980-х гг.[11] Такім чынам, паданне сфарміравалася на аснове знаёмых гамяльчанам рэаліяў, перанесеных па сюжэце ў больш старажытныя часы.

Паколькі ў ключавых дарэвалюцыйных публікацыях даследчыкаў Гомеля і Гомельшчыны другой паловы XIX — пачатку ХХ ст. (Л. Вінаградаў, Е. Раманаў, Хв. Жудро, І. Сербаў, Дз. Даўгяла) указанняў на гэтае падання няма, яго з'яўленне варта адносіць да перыяда не раней за першую палову ХХ в. На позняе паходжанне падання ўказвае і тое, што ў ім абыгрываецца форма «Гомель», якая зацвердзілася на працягу другой паловы XVI — XVIII ст., а не больш старажытныя варыянты назвы горада — «Гомій», «Гомей»[12].

Паданне ў культуры

  • Змест падання іранічна абыграны ў вершы Ігара Шклярэўскага «Гомель» (1981 г.)[13].
  • Матывы падання адлюстраваліся ў скульптурнай кампазіцыі В. Далгова «Лодачнік», устаноўленай у Гомелі на Кіеўскім спуску (2007 г.)[14].
  • Сюжэт падання быў пакладзены ў аснову аматарскага анімацыйнага фільма «Легенда пра Гомель» (2019 г.), створанага навучэнцамі гомельскага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі[15][16].
  • Комікс паводле падання зрабіў мастак Ян Мяльніцкі (2019 г.)[17][18].
Remove ads

Гл. таксама

Зноскі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads