Рэспубліка Сербская Краіна
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Рэспу́бліка Се́рбская Кра́іна, скарочана РСК (сербск.: Република Српска Крајина) — былая непрызнаная дзяржава, якая існавала з 1991 па 1995 на тэрыторыях Рэспублікі Харватыі, населеных пераважна сербамі.
За кароткі час этнічны склад насельніцтва РСК значна змяніўся:
- у сярэдзіне 1991 года на гэтых тэрыторыях пражывалі 469 700 чалавек, з іх палова сербы — 52,3 %, далей харваты — 35,8 % і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў — 11,9 %[1]
- ужо ў 1993 годзе ў РСК жылі амаль толькі сербы — 91 % (харваты — 7 %, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў — 2 %), пры агульнай колькасці насельніцтва 433 600 чалавек[2].
Remove ads
Гісторыя
РСК была створана ў адказ на дзеянні харвацкіх рэспубліканскіх уладаў, якія ўзялі курс на аддзяленне ад Югаславіі, і выражала імкненні сербскага насельніцтва гэтых тэрыторый застацца ў складзе Югаславіі.
Большая частка тэрыторыі РСК была занята харвацкімі войскамі ў 1995 годзе. Рэшта РСК паводле Эрдуцкага пагаднення пры дапамозе ААН была мірна інтэгравана ў Харватыю ў 1998 годзе.
Незалежнасць РСК не была прызнана ніводнай дзяржавай, уключаючы і Саюзную Рэспубліку Югаславію.
Remove ads
Геаграфія




Плошча РСК складала 17 040 квадратных кіламетраў[3].
Сталіцай РСК быў горад Кнін з насельніцтвам каля 12 000 чалавек. Апроч яго, іншымі буйнымі гарадамі былі Вукавар (33 000) і Петрынья (19 000).
Адміністрацыйны падзел
У РСК налічвалася шэсць гісторыка-геаграфічных рэгіёнаў, размешчаных у трох эксклавах-аўтаномных абласцях[3][4][5][6]. Асноўнай тэрытарыяльнай адзінкай была супольнасць, у якую, як правіла, уваходзілі адносна буйны населены пункт, што быў яе цэнтрам, і навакольныя сёлы, вёскі і хутары. Усяго ў складзе РСК налічвалася 28 супольнасцей[4].
- Аўтаномная вобласць Кнінская Краіна.
- Рэгіён Паўночная Далмацыя. Плошча 3450 км²[5]. Межамі Паўночнай Далмацыі з поўначы быў Вэлебіт, з усходу — Дынарскія Альпы, з поўдню — Косава-Поле і Пятрова-Поле, з захаду — Задар і ўзбярэжжа Адрыятыкі. Да гэтага рэгіёна адносіліся Кнін, Бэнкавац, Абровац, Дрніш і Задар[7].
- Рэгіён Ліка. Плошча 4808 км²[5]. Межамі Лікі з поўначы быў горад Плашкі, з усходу — рака Уна, на поўдні — рака Зрманя, на захадзе — лінія Мэдак-Тэслінград. Фактычна, Ліка знаходзіцца паміж гор Вэлебіта, Плешэвіца і Мала-Капэле. У рэгіёне знаходзяцца Плітвіцкія азёры. У РСК да Лікі адносіліся супольнасці Карэніца, Доні-Лапац, Грачац і Плашкі[8].
- Рэгіён Кордун. Плошча 2306 км²[5]. Межамі Кордуна былі: на поўначы — рака Купа, на ўсходзе — рака Гліна і мяжа з Босніяй і Герцагавінай, горы Плешэвіца і Мала-Капэла на поўдні і ракі Мрэжніца й Корана — на захадзе. Да Кордуну адносіліся супольніцтвы Слунь, Крняк, Вргінмост і Войніч. У эканамічным плане вылучаўся горад Тапуска[9].
- Рэгіён Баня. Плошча 3456 км²[5]. Дакладныя межы гэтага рэгіёна не былі вызначаныя. У складзе Баніі былі супольнасці Гліна, Пятрыня, Кастайніца, Двор-на-ўні і частка супольнасці Цапраг[10].
- Аўтаномная вобласць Заходняя Славонія.
- Рэгіён Заходняя Славонія. Агульная плошча Заходняй Славоніі была 5062 км²[5], аднак пад кантролем РСК было ўсяго 558 км², бо восенню 1991 года харвацкія сілы правялі шэраг наступаў, узяўшы пад кантроль большую частку вобласці. Паўночнай мяжой была рака Драва, усходняй — раён супольнасцей Доні-Міхоляц і Араховіца, паўднёвай — рака Сава, а заходняй — рака Ілава. Фармальна, у складзе Заходняй Славоніі былі супольнасці Окучані, Пакрац, Дарувар, Грубышна-Поле, Падраўска-Слатына, часткі супольнасцей Выравітыца, Араховіца і Славонска-Пожэга. Аднак на практыцы РСК кантралявала толькі Окучані і частку Пакраца[11].
- Аўтаномная вобласць Усходняя Славонія, Баранья і Заходні Срэм.
- Рэгіён Усходняя Славонія, Бараня, Заходні Срэм. Плошча 2511 км²[5]. На паўначы межавала з Венгрыяй, на ўсходзе — мяжа з СРЮ, паўднёвая мяжа праходзіла паміж Дунаем і Савай, заходняя — уздоўж Осіека й Вінкоўцаў, якія знаходзіліся пад харвацкім кантролем. У складзе гэтай вобласці былі супольніцтвы Вукавар, Тэня, Даль, Бэлі-Манастыр, Міркоўцы і часткі супольнасцей Осіек, Вінкоўцы і Жупаня[12].
Remove ads
Рэлігія
Большасць грамадзян Сербскай Краіны вызнавалі праваслаўе. Тэрыторыя РСК знаходзілася пад юрысдыкцыяй Сербскай Праваслаўнай царквы. У краіне знаходзіліся сербскія праваслаўныя храмы і манастыры. Найбольш буйнымі, старажытнымі і вядомымі з’яўляліся манастыры Драгавіч, Гомір’е, Крка, Крупа і Лепавіна. Падчас баявых дзеянняў многія сербскія цэрквы былі разбураны або значна пашкоджаны. Так у 1993 годзе харвацкія войскі разбурылі сабор Святога Мікалая і рэзідэнцыю Горнакарлавацкай епархіі. Усяго ў 1990—1995 гг. было разбурана 78 праваслаўных цэркваў[13], 96 царкоўных будынкаў, 10 могілак, адна патрыяршая рызніца, царкоўны музей, дзве царкоўных бібліятэкі і два архівы[14]. 94 царквы і 4 манастыры былі разрабаваны[14].
Харвацкая меншасць вызнавала каталіцтва. Шмат якія каталіцкія цэрквы былі таксама цалкам ці часткова разбураны сербскімі параваеннымі фармаваннямі падчас баявых дзеянняў.
Патокі бежанцаў (сербаў з Харватыі, харватаў з Босніі і Герцагавіны) прывялі да істотнай змены этна-канфесійнай карціны.
- Манастыр Драгавіч
- Манастыр Гомір’е
- Манастыр Крка
- Руіны сабора Святога Мікалая, 2005
- Манастыр Крупа
Сучаснае становішча
Цяпер ёсць Урад Рэспублікі Сербская Краіна ў выгнанні.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads