Свята-Мікалаеўская царква (Пескі)

From Wikipedia, the free encyclopedia

Свята-Мікалаеўская царква (Пескі)map
Remove ads

Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны храм у аграгарадку Песках Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі.

Хуткія факты Свята-Мікалаеўская царква, Краіна ...
Remove ads

Гісторыя

Thumb
Абраз Святой Параскевы са Свята-Мікалаеўскай царквы, 1642

Пабудавана ў 1868—1870 гадах на месцы драўлянага струхлелага храма па праекце гродзенскага архітэктара Мікалая Ціхвінскага[1]. Грошы на ўзвядзенне — 8634 рублёў — былі выдзелены ўладальнікам маёнтка Масты Аляксандрам Азнабішыным.

Царкву, разлічаную на 300 прыхаджан, асвяцілі 6 снежня 1870 года, аб чым сведчыць надпіс на прастольным крыжы. Яна стала цэнтрам прыхода Ваўкавыскага благачыння, які па звестках 1899 года аб’ядноўваў 2145 вернікаў і 10 вёсак. Пры храме дзейнічалі царкоўна-прыходскае апякунства, царкоўная школа і народнае вучылішча, налічвалася 103 дзесяціны зямлі[2].

У 1919 годзе святаром царквы стаў Васіль Іванюк. 7 жніўня 1929 года храм наведаў архіепіскап гродзенскі Алексій. У 1931 годзе настаяцелем прыхода стаў Канстанцін Краскоўскі, дзякуючы якому царква за савецкім часам не зачынялася[3].

З 2008 года настаяцелем прыхода з’яўляецца айцец Віктар Шнайдар. Пры храме дзейнічае нядзельная школа.

Remove ads

Архітэктура

Thumb
Інтэр’ер

Помнік архітэктуры сінадальнага напрамку рэтраспектыўна-рускага стылю. У аснове кампазіцыі кубападобны аб’ём малітоўнай залы, над чатырохсхільным дахам якога ўзведзены цыбулепадобны купал на васьмігранным барабане. Да аб’ёму далучаны паўкруглая апсіда і прамавугольная трапезная. Да фасада дабудавана двух’ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай. Фасады крапаваны вуглавымі лапаткамі і аркатурнымі фрызамі, расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах, арачны ўваходны праём аформлены кілепадобным парталам. У бутавую агароджу ўбудавана 3-арачная брама.

З гэтай царквы паходзіць абраз «Прападобная Параскева з жыціем» 1642 года (дошка, тэмпера, 114х80х2,5) — адзін з трох падобных у Беларусі. Першапачаткова ён меў значна большыя памеры, аднак быў абрэзаны. Абраз знаходзіцца ў калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры[4].

Remove ads

Зноскі

  1. Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 78
  2. Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века. Том I, 1899. — С. 72—73
  3. Наталля Шэўчык.. 146 гадоў гучыць тут малітва да Бога . Зара над Нёманам №1 ад 5 студзеня 2017 (5 студзеня 2017). Праверана 4.5.2020.(недаступная спасылка)
  4. Карэлін У.Р., Мельнікаў М.П.. Датаваныя абразы Гродзеншчыны (недаступная спасылка) 171–175. Мн.: Белпрынт: Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, выпуск 6, 2005. (2007). Архівавана з першакрыніцы 19 кастрычніка 2020. Праверана 04.05.2020.

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads