Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Дарапеевічы)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Свята-Раства-Багародзіцкая царква — праваслаўны храм у в. Дарапеевічы Маларыцкага раёна. Помнік драўлянага дойлідства. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Remove ads
Гісторыя
У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1671 годзе з дрэва. У 1902 г. з усходняга боку прыбудавана апсіда. У 1964 г. прыход скасаваны, адноўлены ў 1988 г.
Архітэктура

Адносіцца да тыпу аднавежавых культавых будынкаў, яе архітэктура блізкая да абарончых готыка-рэнесансных мураваных храмаў XVI—XVII стст. Спачатку царква ўключала прамавугольны асноўны аб’ём, завершаны квадратным у плане верхам, і вежу-званіцу з захаду, у ніжнім ярусе якой знаходзіліся бабінец і хоры. Унутраную прастору храму замыкаў з усходу вялікі разны алтар. Увесь будынак па перыметры абкружала адкрытая слупавая галерэя — «кружганак». У 1902 г. царква рэканструявана. Трохзрубную падоўжна-восевую кампазіцыю (на невысокім бутавым падмурку) утвараюць прамавугольныя ў плане асноўны аб’ём, званіца і алтарная апсіда. Асноўны аб’ём і ніжэйшая за яго апсіда накрытыя вальмавымі дахамі, завершанымі цыбулепадобнымі купалкамі на глухіх васьмерыках. Двухярусная чацверыковая званіца з шатровым дахам з галоўкай. Сцены знадворку гарызантальна ашаляваныя, умацаваныя лапаткамі, расчлянёныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аформленымі плоскімі ліштвамі. Верхні ярус званіцы дэкарыраваны двухпралётнымі арачнымі вокнамі.
Remove ads
Інтэр’ер
У інтэр’еры апсіда адмежавана драўляным разным іканастасам. Абразы: «Спас Пантакратар» (17 ст.), «Ражджаство Багародзіцы» (17 — 18 ст.), «Хрышчэнне», «Ісус Хрыстос» (абодва 19 ст.).
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Remove ads
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Дарапеевічы)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Дарапеевічы) на сайце Radzima.org
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Дарапеевічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads