Свіцязянкі

From Wikipedia, the free encyclopedia

Свіцязянкі
Remove ads

Свіцязя́нкі — міфічныя істоты возера Свіцязь у Карэліцкім раёне, адмена русалак[1]. Паданні пра свіцязянак, у якіх ператварыліся зямныя жанчыны або дзяўчаты праз пэўныя трагічныя падзеі, былі шырока распаўсюджаны на Свіцязі і ў ваколіцах за 20-30 км ад возера, а на мяжы 1810—1820-х гадоў прыцягнулі ўвагу маладых паэтаў-рамантыкаў з ліку філаматаў, асабліва Адама Міцкевіча, які прысвяціў Свіцязі і свіцязянкам тры балады ў сваім першым паэтычным зборнік (1822), які зрабіў яго славутым.

Thumb
Свіцязянка, Казімір Альхімовіч, 1898—1900 гады.

Паводле першай з іх, «Свіцязь[pl]», у свіцязянак ператварыліся жанчыны горада Свіцязі, затопленага багамі на іх просьбу, каб унікнуць ганьбавання варожым рускім войскам, што тым часам перамагло вялікага князя літоўскага Міндоўга і яго саюзніка князя Мірскага або Тугая, уладара горада Свіцязі. Сцвярджалі, што часта можна было чуць у возеры іх стогны. Уяўлялі іх як белатварых дзяўчат з даўгімі распушчанымі валасамі. Злоўленая ў невад свіцязянка апавядала сумную гісторыю свайго горада. На яго месцы з’явілася незвычайна прыгожае возера, а на яго чыстай паверхні расцвілі незвычайныя кветкі (у якія ператварыліся былыя жыхары Свіцязі). Калі трыумфуючыя захопнікі пачалі зрываць кветкі («цары», паводле балады Міцкевіча «Свіцязь»), яны аказаліся атрутнымі, і ўсе яны загінулі. Пад атрутнай кветкай Міцкевіч меў на ўвазе лабелію Дортмана (Свіцязь — адно з нямногіх азёр Беларусі, дзе яна расце).

Другая балада, «Свіцязянка[pl]*» (напісаная ў жніўні 1821 года з нагоды імянін каханай Міцкевіча Марылі Верашчакі), расказвае пра выпрабаванне, якому свіцязянка, якая спачатку выдае сябе за звычайную дзяўчыну, паддае закаханага ў яе юнака-стральца. Закаханы хлопец пры развітанні з дзяўчынаю клянецца, што ніколі не падмане яе і не здрадзіць ёй. Але праз нейкі час на беразе возера хлопец бачыць прыгажуню-свіцязянку, што ўсплывае з хваль. Зачараваны прывабнасцю прыгажуні, спакушаны хлопец пачынае мілавацца з ёй, забыўшыся пра сваю нядаўнюю клятву. У гэты момант апынулася, што дзяўчына і Свіцязянка — адна асоба. Аднак здрада была здзейснена, і душа маладога чалавек, які гіне, пакараная вечным бадзяннем у наваколлі. Магчыма, прытулкам ёй служыць лістоўніца, якая расце на беразе возера і служыць сведкам як ілжывай клятвы, так і пакарання; паводле германскіх і заходнеславянскіх міфаў, лістоўніца часта прытуляла душы людзей, якія загінулі гвалтоўнай або звышнатуральнай смерцю. (У беларускім перакладзе балады заміж лістоўніцы фігуруе ясакар, ад чаго містычны намёк аўтара губляецца). У адрозненні ад першай балады, тут свіцязянка выступае як унікальная істота, а не прадстаўніца цэлай шматлікай групы свіцязянак. У 1843 годзе «Свіцязянка» пакладзеная на музыку славутым кампазітарам Станіславам Манюшкам, а яшчэ раней цешчай Міцкевіча Марыяй Шыманоўскай. Польскі кампазітар Эўгеніюш Мараўскі ў 1922 годзе напісаў балет «Свіцязянка».

Thumb
Rybka (паводле балады Адама Міцкевіча), Людвік Курэла, 1869 год.

Трэцяя балада, "Рыбка"[pl], апавядае пра нешчаслівы лёс беднай дзяўчыны Крысі (Крыстыны). Яна ў роспачы, бо мужчына, якога яна кахае, выбірае іншую жанчыну для шлюбу. Праз нейкі час Крыся нараджае дзіця, і ад роспачы кідаецца ў ваду, але не гіне, а ператвараецца ў чароўную рыбку. Штодня пэўны добры чалавек прыносіць да вады немаўля і кліча маці дзіцяці, каб тая яго пакарміла. З вады выскоквае рыбка і ператвараецца ў напалову жанчыну, напалову рыбу — свіцязянку. Кармленне паўтараецца кожную раніцу і вечар, і часам Крыся скардзіцца на сваю горкую долю «сёстрам-свіцязянкам». Аднойчы ўвечары слугу, які прынёс дзіця на кармленне, давялося схавацца, бо здраднік з маладой жонкай прыйшлі да возера. Калі яны доўга не вярталіся, слуга знайшоў іх ператворанымі ў валуны. З гэтага моманту рыбка-свіцязянка ўжо больш не з’яўлялася.

Вялізарная папулярнасць балад Міцкевіча, якія паслужылі сімвалічным пачаткам польскага рамантызму, зрабіла свіцязянак свайго роду мемам, адным з паэтычных сімвалаў гістарычнай Літвы. Яны паслужылі натхненнем для некалькіх наступных пакаленняў літаратараў, мастакоў і кампазітараў. Блізкі сябар Міцкевіча Ян Чачот адразу ж па выхадзе зборніка «Паэзія» перапісаў сваю баладу «Свіцязь», дадаўшы да яе ўступ, у якім выказаў захапленне творамі свайго сябра, чыя фантазія здолела «звіць» для свіцязянак ажно «тры вянкі» (балады «Свіцязь», «Свіцязянка» і «Рыбка»):

Taк, дoбpa, што сёння жывая
Фaнтaзiя бapдa з-пaд Hёмнa
Зaбeглa туды, дзе гaйдae
Шыр вoднyю Cвiцязь няўтoмнa,
I там cвiцязянaк cycтpэлa,
І звіць тры вянкі ім здaлeлa.[2]

аднак, разам з тым Чачот не ўтрымаўся папракнуць Адама Міцкевіча, што ў сваіх баладах той занядбаў фальклор, народныя паданні і занадта многа прыдумляў[3].

Пазней сам Міцкевіч яшчэ раз згадаў свіцязянак у славутай эпічнай паэме «Пан Тадэвуш»:

Святло ў канаве ў стужкі дробненькія рвецца,
А плынь, іх падхапіўшы, знесці ўдаль імкнецца,
А зверху жменямі бляск месяца кладзецца,
Як быццам Свіцязянка, сеўшы на раўніне,
Адной рукой ваду лье з шклянага начыння,
Другою з фартушка кідае ў хвалі тыя
Зачараваных скарбаў плiткi залатыя.

Свіцязянак згадвалі ў творах польскія літаратары Юльюш Славацкі, Люцыян Сяменскі, Антоні Ланге[pl] і іншыя[4]. Свіцязянак малявалі Казімір Альхімовіч, Людвік Курэла і іншыя; некаторыя з карцін — сімвалічных пейзажаў Свіцязі (напрыклад, аўтарства Юліяна Фалата), змяшчаюць выяву лістоўніцы, што таксама адсылае да сюжэту балады «Свіцязянка».

У 2007 годзе на возеры Свіцязь (у вадзе паблізу берага) ўсталявана скульптурная кампазіцыя «Свіцязянка» аўтарства Уладзіміра Церабуна[5].

Remove ads

Гл. таксама

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads