Сыхэюань

From Wikipedia, the free encyclopedia

Сыхэюань
Remove ads

Сыхэюань (кіт.: 四合院) — традыцыйны кітайскі будынак. Сі (四) перакладаецца як «чатыры», гэта значыць чатыры будынкі, хэ (合) — спалучэнне, саюз, юань (院) — двор. Па прынцыпе сыхэюань будаваліся не толькі кітайскія дамы, але таксама манастыры, імператарскія палацы і установы.

Thumb
Сыхэюань

Гісторыя

Паводле археалагічных дадзеных, першыя дамы сыхэюань з’явіліся яшчэ ў эпоху Заходняй Чжоу  (укр.). У старажытнасці ўвесь дом сыхэюань займала адна вялікая сям’я, якая складалася з некалькіх пакаленняў. Будынак сімвалізаваў яе багацце і росквіт. У простых сем’ях кожны будынак у сыхэюань складаўся з аднаго пакоя. У багатай сям’і ў кожным будынку магло быць некалькі пакояў. Гэта адбілася і ў мове: слова фан-цзы (房子) азначае як будынак, так і пакой.

Канфуцыянскія нормы выразна паказвалі, дзе павінен пражываць той ці іншы член сям’і. У вялікім доме для сям’і з некалькіх пакаленняў, у цэнтральнай частцы галоўнага дома жыў старэйшы кіраўнік сям’і, у правай частцы галоўнага дома (усходняй) — жонка гаспадара дома, у левай (заходняй) — наложніца. Усходні флігель займаў старэйшы сын і яго жонкі, заходні флігель — малодшы сын са сваёй сям’ёй. Калі ў сям’і быў дарослы ўнук, то ён жыў у доме насупраць галоўнага (паўднёвым). Незамужнія дочкі, якім правілы прыстойнасці забаранялі мець зносіны з староннімі, жылі ў заднім доме.

Пасля ўтварэння КНР шматлікія дамы сыхэюань ператварыліся ў так званыя «двары з вялікай цеснатой» (大杂院) або трушчобы сыхэюань (накшталт савецкіх камуналак  (руск.)), у якіх пражывала некалькі сем’яў, па адной у кожным будынку-пакоі. Для павелічэння жыццёвай прасторы шчыльна забудоўваліся панадворкі. Сур’ёзная праблема старых сыхэюань у тым, што ў іх звычайна адсутнічаюць сучасныя бытавыя зручнасці, у тым ліку прыбіральні. Аднак жыхары не спяшаюцца пакідаць свае цесныя жытлы. У такіх дамах жывуць на працягу многіх пакаленняў. Паміж суседзямі ўсталёўваюцца цесныя, амаль роднасныя адносіны.

У пачатку 1970-х гадоў навукоўцамі ў Пекінскім хутуне Хоўінфан (后英房胡同) былі выяўленыя руіны старадаўняга дома сыхэюань эпохі Юань.

Калі пачаўся бурны эканамічны рост у Кітаі ў 1990-х гадах, гэта прывяло да яшчэ большай цеснаты насельніцтва ў раёнах традыцыйнай забудовы. У многіх гарадах муніцыпальныя ўлады прынялі рашэнне аб зносе старых кварталаў і будаўніцтве на іх месцы сучасных шматпавярховых дамоў.

Па дадзеных праграмы ААН па населеных пунктах на 2008 год, у Пекіне налічвалася каля 400000 традыцыйных дамоў сыхэюань. Сярод іх каля 500 маюць гістарычнае і культурнае значэнне. Большасць з іх былі пабудаваны ў эпоху Цын.

Некаторыя сыхэюань зараз займаюць музеі і мемарыяльныя дамы, у прыватнасці тыя, дзе жылі пісьменнік Лу Сінь, драматург і празаік Лао Шэ, пісьменнік і першы прэзідэнт Кітайскай акадэміі навук Го Можо  (укр.), кітайскі пісьменнік, гісторык і грамадскі дзеяч Маа Дунь, кітайскі акцёр пекінскай оперы Мэй Ланьфан і многія іншыя.

У апошні час кітайскія будынкі там, дзе дазваляе плошча свабоднай зямлі, зноў сталі будаваць у традыцыях сыхэюань. Зрэшты з’явіліся новыя будаўнічыя матэрыялы, забяспечаны ўсе бытавыя зручнасці. У рамках праграмы экалагічнай мадэрнізацыі такія дамы нярэдка абсталююць сонечнымі батарэямі.

Remove ads

Будаўніцтва

Абавязкова будаваўся ў адпаведнасці з прынцыпамі кітайскай геамантыі  (руск.) (фэн-шуй). Ні адзін элемент у ім не быў выпадковым. Усё мела свае значэнне ў адпаведнасцю з вучэннем пра пяць элементаў, гарманізуючы навакольную прастору і жыццё чалавека. Правільна пабудаваны дом спрыяў поспеху і даўгалеццю свайго гаспадара і членаў яго сям’і.

Апісанне

Thumb
План сыхэюань

Будынкі сыхэюань Пекіна лічацца класічным узорам. У іншых раёнах Кітая ў залежнасці ад кліматычных умоў, даступнага будаўнічага матэрыялу, мясцовых традыцый існавалі свае тыпы дамоў, як правіла, варыяцыі сыхэюань.

У найпростым варыянце сыхэюань ўяўляе сабой чатырохкутны двор, арыентаваны па баках свету, па перыметры якога пабудавана 4 аднапавярховых будынкі са звернутымі ўнутр вокнамі. У залежнасці ад памераў сям’і і яе дабрабыту існавалі шматлікія варыяцыі з захаваннем агульнай структуры.

У багатых дамах, палацах або манастырах магло быць некалькі двароў, звязаных адзін з адным разнастайнымі праходамі і пераходамі. Як правіла, новыя двары, калі дазваляла свабодная зямля, прыбудоўваліся з заходняга і ўсходняга боку. Двары ў манастырах звычайна былі выцягнутыя па лініі поўнач-поўдзень.

Вонкавыя сцены традыцыйных кітайскіх дамоў маюць маленькія вокны ці не маюць іх зусім. Звонку прыкметныя толькі сцены з прыбранымі варотамі ў двор. Уваход у сыхэюань звычайна размяшчаецца ў паўднёва-ўсходнім баку будынка, што лічыцца спрыяльным знакам. Ён называецца дамень (大门) — вялікія, або галоўныя вароты. Іншая іх назва чжаймэнь (宅门), то ёсць вароты ў рэзідэнцыю. У палацах князёў яны складаліся з пяці праёмаў, з якіх адкрываліся трое цэнтральных. Часта перад галоўнымі варотамі ўсталёўвалі фігуры львоў або іх падабенства, якія выконвалі функцыі ахоўнікаў.

Каля багатых дамоў ставілі спецыяльныя тумбы, каб было зручна садзіцца ў сядло. Акрамя таго, над дзвярыма пісалі добрыя пажаданні: іерогліфы «даўгалецця», «шчасця», «выканання жаданняў» і гэтак далей.

Галоўныя вароты вядуць у невялікі квадратны дворык, які, у сваю чаргу, вядзе да вузкага вонкавага двара ваюань (外院). Па цэнтры паўночнай сцяны размяшчаюцца прыбрана аздобленыя другія вароты эрмень (二门), прайшоўшы праз якія можна трапіць ва ўнутраны двор неюань (内院). У невялікіх сядзібах знешні двор мог адсутнічаць, галоўныя вароты адразу вялі праз невялікі дворык ва ўнутраны двор.

За другімі варотамі знаходзіцца экран інбі (影壁) — даслоўна «сцяна адлюстраванняў», або"сцяна ценяў". Ён абараняе жыллё ад старонніх поглядаў і злых духаў. Амаль усе вароты і праходы ўладкованыя такім чынам, што чалавек практычна ніколі не бачыць анфіладу памяшканняў, погляд пастаянна ўпіраецца ў сцяну або экран, увесь час трэба паварочваць. Дзякуючы гэтаму нават на вельмі невялікай тэрыторыі ствараецца ілюзія вялікай напоўненай прасторы.

Насупраць уваходу, з паўночнага боку сядзібы размяшчаецца галоўны дом — чжэнфан (正房), прызначаны для пражывання кіраўніка сям’і з жонкай і, калі ёсць, наложніцамі. Калі сям’я была багатай, то галоўны дом мог складацца з трох, пяці і нават сямі пакояў. У гэтым выпадку, у цэнтральным пакоі, які называўся тан’у (堂屋) або чжунтан (中堂), ладзілі алтар для пакланення продкам. Тут жа збіралася ўся сям’я, прымалі ганаровых гасцей. У невялікіх дамах з двух бакоў ад галоўнай залы звычайна знаходзяцца спальня і кабінет.

Галоўны дом звычайна самы вялікі ў сядзібе. Дзякуючы таму, што вокны галоўнага дома выходзяць на поўдзень, ён атрымлівае больш за ўсё цяпла і святла. Асабліва гэта важна зімой.

У Пекіне з паўночнага боку галоўнага дома мог быць прыбудаваны яшчэ адзін пакой. Такая прыбудова называецца лааху вейба («хвост тыгра» — 老虎 尾巴). З заходняга і ўсходняга бакоў галоўнага дома часта прыбудоўваліся флігелі, якія называюцца эрфан («пакоі-вушы» 耳房), паколькі нагадваюць вушы на галаве чалавека. Часам ззаду, калі дазвалялі памеры ўчастка, разбівалі невялікі сад.

Будынкі з заходняга і ўсходняга боку называюцца сянфан (флігелі 廂房). Яны атрымліваюць менш сонечнага святла, чым галоўны дом. Тут жылі малодшыя члены сям’і і іншыя сваякі. Да іх таксама маглі прыбудоўвацца «пакоі-вушы».

Дом з паўднёвага боку называецца даацзофан («пакой насупраць сядзення» 倒座房), у якім згодна з традыцыяй, гаспадар сядзеў са звернутым на поўдзень тварам. Паколькі вокны ў ім глядзяць на поўнач, ён атрымлівае мінімальную колькасць сонечнага святла. Там прымалі наведвальнікаў, елі, вучыліся. Там жа маглі знаходзіцца памяшканні для слуг.

Ззаду галоўнага будынка нярэдка будавалі задні дом хоучжаафан (后罩房). Як правіла, ён ніжэй галоўнага дома, але сустракаюцца варыянты двухпавярховых будынкаў. Там жылі незамужнія дочкі і служанкі.

Будынкі звычайна злучаюцца галерэямі (廊 лан), якія выконваюць не толькі дэкаратыўныя, але і ўтылітарныя функцыі, абараняючы сцены дома і яго насельнікаў ад сонца і дажджу. У цёмны час сутак у іх запальвалі лямпы, якія адкідвалі святло ў сад. Паміж галерэяй і сцяной у кутах дома часта ладзілі мініяцюрныя сады з камянямі і бамбукам.

У сядзібе маглі знаходзіцца іншыя флігелі, якія называліся цюньфан (群房). Звычайна яны будаваліся з заходняга ці ўсходняга боку сыхэюань. Там размяшчаліся кухні, а таксама жылі слугі.

У дварах сыхэюань уладкоўваліся невялікія сады. Самым прыбраным быў унутраны двор перад галоўным домам, дзе спрабавалі хоць бы ў мініяцюры ўзнавіць усе неабходныя элементы кітайскага саду: каменную горку або асобныя камяні мудрагелістай формы, вадаём, карлікавыя дрэвы, кветкі. Часта ставілі каменныя басейны, у якіх плавалі залатыя рыбкі. Калі дазваляла прастора, то ўнутры маглі яшчэ пабудаваць галерэі, якія падзялялі прастору. Сад унутры сыхэюань ператвараўся ў гасціную або некалькі пакояў пад адкрытым небам, дзе ўсе члены сям’і збіраліся разам у вольны час. А пакоі, у сваю чаргу, адкрываліся насустрач саду, з’яўляючыся яго працягам.

Remove ads

Значэнне

Структура сыхэюань выконвала важныя ахоўныя функцыі. Жыццё сям’і адбывалася ўнутры замкнёнай прасторы, прыхаваная ад старонніх вачэй. Паўночныя і заходнія сцены, як правіла, былі глухімі і вышэйшымі за іншыя, абараняючы дом ад халодных вятроў і пылавых бур, асабліва частых на поўначы краіны.

Загнутыя дагары карнізы адводзілі дажджавую ваду ад падмурка, хоць лічылася, што яны, у першую чаргу, не даюць трапіць у дом злым духам, адкідаючы іх далей, нібы па трампліне. Тоўстыя крытыя чарапіцай дахі захоўвалі цяпло зімой і забяспечвалі прахалоду летам.

У розных правінцыях Кітая сыхэюань мелі свае асаблівасці. Так, у паўночна-заходніх правінцыях (Ганьсу або Цынхай) сцены будавалі значна вышэй, чым у Пекіне, а дамы мацней выцягнутыя па лініі поўнач-поўдзень, каб абараніць жылыя памяшканні ад халодных вятроў і пылавых бур, якія прыходзяць з пустыняў на паўночным захадзе. У правінцыі Сычуань і на далей на поўдзень, наадварот, будынкі мацней выцягнутыя з усходу на захад, каб яркае сонца не так моцна выгравала двор. На паўночным усходзе Кітая, дзе шмат зямлі і досыць халодны клімат, унутраныя двары вялікія, каб атрымліваць больш сонечнага святла.

Многія дамы сыхэюань знаходзяцца ў цэнтральных гістарычных раёнах горада. Гэта дазваляе лёгка адкрыць сваю ўласную справу і атрымаць прыбытак. Часта такія сядзібы перарабляюць пад гатэлі і рэстараны, ці проста здаюць пакоі ў арэнду.

Remove ads

Кошт

Сыхэюань на рынку нерухомасці каштуюць вельмі дорага. Цэны пачынаюцца прыкладна ад 7 000 юаняў за 1 м². У раёнах Дунчэн і Сычэн цэны пачынаюцца ад 40 000 юаняў за квадратны метр, а ў Шычахай могуць дасягаць 100 000—150 000 юаняў за квадратны метр. Так, напрыклад, у 2005 годзе сыхэюань плошчай 2000 метраў у Шычахай быў прададзены за 6 млн долараў.

Гл. таксама

Зноскі

    Спасылкі

    Loading related searches...

    Wikiwand - on

    Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

    Remove ads