Сяргей Уладзіміравіч Фамін

From Wikipedia, the free encyclopedia

Сяргей Уладзіміравіч Фамін
Remove ads

Сяргей Уладзіміравіч Фамін (29 красавіка (12 мая) 1906, в. Пепелеўка, Мсціслаўскі павет, Магілёўская губерня, цяпер Манастыршчынскі раён, Смаленская вобласць, Расія — 4 снежня 1941, Ярэга, Комі АССР) — беларускі паэт.

Хуткія факты Сяргей Уладзіміравіч Фамін, Асабістыя звесткі ...
Remove ads

Біяграфія

Вучоба і праца

Нарадзіўся ў сям’і вясковага настаўніка. Скончыў Мсціслаўскую сямігодку, а затым Магілёўскі педтэхнікум (1925). Два гады настаўнічаў на Барысаўшчыне ў вёсцы Ратучыцы, потым паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1930 годзе. У 1925 годзе прыняты ў літаб’яднанне «Маладняк». Пасля расколу «Маладняка» ўваходзіў у «Пралетарска-сялянскую беларускую літаратурную суполку» («Пробліск»; ліпень 1927 — студзень 1928). Выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру ў Беларускім сельскагаспадарчым інстытуце. Аб яго педагагічнай і творчай працы ў Горках А. Зарэцкі, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, былы вучань рабфака ўспамінаў: «…Пачатак новага навучальнага года на рабфаку пры Беларускім сельскагаспадарчым інстытуце. Рускую мову і літаратуру на першым курсе вядзе Сяргей Уладзіміравіч Фамін, малады чалавек ніжэй сярэдняга росту, хуткі, з парывістымі рухамі, натхнёны твар. Чорны ахайны касцюм часта быў асыпаны крошкамі крэйды, калі Фамін з запалам тлумачыў студэнтам правілы марфалогіі з прывядзеннем прыкладаў на чорнай дошцы, якая вісела на сцяне. У нашай групе Фамін вучыў чамусьці нядоўга, але запомніўся ён як ніводзін са шматлікіх выкладчыкаў рабфака» [1]

Remove ads

Арышт і расстрэл

Пры сельскагаспадарчым інстытуце ў 1930 годзе існавала шматтыражная газета «За пролетарские кадры». Пры ёй быў літаратурны гурток студэнтаў, якім кіраваў С. Фамін. 4 студзеня 1935 года яго арыштоўваюць. А.Зарэцкі ўспамінае, што арыштавалі ўсіх гурткоўцаў. Іх абвінавачвалі ў арганізацыі контррэвалюцыйнай групы. Праз трыццаць гадоў ён сустрэў аднаго з гурткоўцаў М. Стэльмашука, які паведаміў: «Арыштавалі нас па ілжываму даносу аднаго са студэнтаў-стукачоў. У лагерах строгага рэжыму прабылі па пяць-восем і больш гадоў, а потым таго, хто застаўся ў жывых, адправілі ў межы прызначанай мясцовасці».

Кіраўніка гуртка ў маі 1935 года прыгаварылі да расстрэлу, замененага 10 гадамі пазбаўлення волі. Накіраваны ва Ухтпячлаг НКВД у Комі АССР. Працаваў у тапаграфічнай партыі. Спатрэбілася другая прафесія, якую ён набыў у Горацкім аэрафотатапаграфічным тэхнікуме. У зняволенні вывучаў італьянскую мову, завучваў вершы Дантэ Аліг’еры ў арыгінале. Працягваў пісаць у зняволенні; некаторыя вершы занатоўваў у лістах да родных. [2]. Паўторна арыштаваны ў лагеры 29 верасня 1941 года. 2 кастрычніка 1941 года над С. Фаміным адбыўся другі суд, і зноў паэта абвінавачваюць у стварэнні контррэвалюцыйнай арганізацыі і прыгаварылі да выключнай меры пакарання. 4 снежня 1941 года паэта не стала.

У 1957 і 1958 гадах абодва прыгаворы былі адменены. І паэт быў рэабілітаваны.

Творчасць

Яшчэ школьнікам дасылаў карэспандэнцыі ў мясцовыя газеты. З вершамі дэбютаваў у 1924 годзе (газета «Соха и молот»). З 1925 года пісаў па-беларуску. Публікаваўся ў часопісах «Маладняка» — «Полымя», «Маладняк Барысаўшчыны». Асобным выданнем выйшла паэма «Балота» (1927). Падрыхтаваў да друку ў 1929 годзе кнігу вершаў «Дымнае жыта», але тады яна не была апублікавана. З 1930 г. творчая актыўнасць рэзка знізілася, Фамін амаль перастаў пісаць і друкавацца. У друку з’явіліся разгромныя рэцэнзіі на яго паэзію. Працягваў пісаць у зняволенні; некаторыя вершы занатоўваў у лістах да родных.

Перакладаў з украінскай мовы вершы У. Сасюры. Вершы С. Фаміна перакладаліся на ўкраінскую і рускую мовы. На яго вершы напісаны песні.

Remove ads

Ацэнка яго творчасці

Класік беларускай літаратуры М. Гарэцкі ў кнізе «Маладняк» за пяць гадоў" называў яго сярод найлепшых або характэрных паэтаў у сучасным складзе «Маладняка». І далей характэрызуючы яго творчасць пісаў: « Фамін — вельмі эмацыянальны паэт, прычым эмацыянальнасць яго звязана з грамадскімі матывамі. Таксама ўласцівымі яму з’яўляюцца матывы кахання. Вершы даволі мызучныя»[3]. Больш падрабязна М.Гарэцкі разглядае яго творчасць у раздзеле «Біяграфічна-крытычны слоўнік сучасных выдатных і тыповых маладнякоў» гэтай кнігі. Ён аналізуе яго паэму «Балота» і адзначае: «У паэме новы змест і новая форма. Вольны верш, гармонік, песенны склад, народны размах пачуцця, пафас новага будаўніцтва, радасць, што „на балоце грае маём сталь“, успаміны аб нядобрым мінулым дзеля параўнаня яго з новым жыццём…» Робіць ён крытычную заўвагу, што «…каханне тут уплецена не зусім удала, бо мала звязана з першым ходам дзеяння ў паэме». У цэлым М.Гарэцкі адзначае, што «Вершы ў яго — плаўныя, мілагучныя, у апошніх вершах — адшліфаваныя. Вобразнасць — прыгожая і эмацыянальная. У яго вершах — выразны ўхіл у навізну, у мадэрнізацыю старых класічных форм». І яшчэ: «У першых вершах шмат было ў яго расіянізмаў і некаторых неправільнасцей налнул. Цяпер ён — адзін з тых маладнякоўцаў, што швярнулі сур’ёзную ўвагу на культуру мовы» [4].

Сучасны літаратуразнаўца Г. Юрчанка лічыў, што «…яго паэзія ў маладнякоўскім вянку ззяла адметнай і прывабнай кветкай. Не страціла яна пазнавальнага і эстэтычнага значэння і ў наш час» [5]. А Л. Савік і М. Скобла аналізуючы творчасць С.Фаміна пісалі: «Маладнякоўскія настроі, асаблівасці стылю і мовы новай маладой генерацыі паэтаў выразна праявіліся і ў ягонай творчасці, жыццесцвярджальнай сваім пафасам. Усё гэта было характэрна і для вершаў, і для паэм „За новыя дні“ і „Родная даль“. У паэме „Балота“ (1927), прысвечанай беларускай вёсцы, аўтар імкнуўся супаставіць старое і новае, паказаць тыя змены ў жыцці сялянства, што прынеслі рэвалюцыйныя пераўтварэнні. Паэма і ў тэматычных, і ў жанравых адносінах была напісана ў лепшых традыцыях таго часу» [6].

Remove ads

Творы

  • Балота: (паэма) / Сяргей Фамін. — Менск [Мінск] : выданне ЦБ «Маладняка», 1927. — 23 с.
  • Дымнае жыта: вершы, паэмы, пераклады / Сяргей Фамін. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. — 138с., [5] л. іл., партр.

Вершы ў зборніках і часопісах

  • Вершы // Наша слова.—1992.—№ 19.—С. 4
  • « Прощай! Подходит час разлуки…»: На квадратах окон…": /Стихи/ // Нёман.—1991.—№ 8.—С. 117—118.
  • Развітанне: Верш// Анталогія беларускай паэзіі.—У 3-х т. Т. 2.— Мн.: 1961.—С. 443.
  • Черные пни; Покос; Старый друг: Стихи// Нёман.— 1989.— № 12.— С. 19 — 22

У сеці

Зноскі

  1. Зарецкий, А. Что помнится: Воспоминания о С. Фомине //Сов. студент (Горки).1989.2 нояб.
  2. Г. Юрчанка «Не мог не пісаць…» Ленінскі шлях, 1991. 27 красавіка
  3. Маладняк за пяць год. У кн.: Максім Гарэцкі. Успаміны, артыкулы. Дакументы — Мн.: 1984. С.253-254
  4. Маладняк за пяць год. У кн.: Максім Гарэцкі. Успаміны, артыкулы. Дакументы — Мн.: 1984. С.292-293
  5. Лёс паэта // Ленінскі шлях, 1989. 10 студзеня
  6. Паэт з Манастыршчыны: Сяргей Фамін // Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай ўлады / уклад. Л. Савік, М. Скобла. — Мінск: 2008. — 696 с.

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads