Чазенія

аповесць Уладзіміра Караткевіча From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

«Чазенія» — рамантычная аповесць беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, упершыню апублікаваная ў часопісе «Маладосць» у 1967 годзе. Таксама вядомая як «паэма ў прозе», аб чым гавораць і песенныя назвы главаў. У цэнтры аповесці ляжыць каханне маладых вучоных: фізіка Севярына Будрыса і натураліста Гражыны Арсайла — абое родам з паўночна-заходняй Беларусі. Падзеі адбываюцца ў далёкім Прыморскім краі РСФСР, першыя тры главы ва Уладзівастоку, далей героі перамяшчаюцца ў запаведнік Тыгравая падзь, сканчваецца кніга ў Маскве. Назву аповесці дала далёкаўсходняя вярба чазенія (Chosenia arbutifolia) — гонкае, прыгожае, святлолюбівае дрэва, што расце на бясплодных галечніках уздоўж горных рэк, там, дзе нішто болей не расце.

Хуткія факты Чазенія, Жанр ...
Remove ads

Задума

Задума напісаць твор пра мужных людзей, пра першабытную прыроду з’явілася ў Караткевіча падчас наведвання ў 1965 г. Далёкага Усходу і Прыморскага края. Піьсменнік адзначаў, што штуршком для напісання аповесці сталі ўражанні, атрыманыя падчас паездкі, а героі яго аповесці маюць рэальных прататыпаў. Не апошнюю ролю ў задуме гэтага твора адыграла і трагедыя ў Хірасіме.[1]

Сюжэт

Севярын Будрыс — малады фізік, удзельнік нейкага таямнічага, але вельмі значнага праекта, карацей, засакрэчаны вучоны. Цяжкая, магчыма, занадта бесчалавечная для яго ўзнёслай натуры праца, смерць блізкага сябра — усё гэта разладжвае яго нервовую сістэму. І начальства адпраўляе Будрыса ў бестэрміновы адпачынак у самы далёкі, які толькі можна ўявіць, савецкі горад — Уладзівасток. Але і тут жахлівыя атамныя сны пераследуюць Севярына. Аднойчы ён знаёміцца з Васілём Паўлавым — выбітным майстрам паруснага спорту з вялікай душой наросхрыст. Гэтае знаёмства крыху дапамагае яму акрыяць. Падчас салюту ў гонар перамогі над Японіяй у Амурскім заліве, вір натоўпу выштурхоўвае да парапета, дзе стаіць Будрыс, маладую дзяўчыну. Яны знаёмяцца, а пасля Севярын праводзіць дзяўчыну да катэра, што меў забраць яе ў запаведнік Тыгравую падзь. За гэтых некалькі гадзін Будрыс высветліў, што дзяўчыну завуць Гражынай, што яна натураліст і што яе продкі ўдзельнічалі ў паўстанні 1863 года, і паабяцаў прыехаць да яе ў запаведнік першым жа катэрам.

Thumb
Караткевіч быў уражаны жыццястойкасцю і самаахвярнасцю чазеніі. «Яна пры поўнай адсутнасці спрыяльных умоў, фактычна на камянях, пышна раскідала свой султан драбналістых галін там, дзе іншыя б дрэвы загінулі.»

Але катэра праз шторм не было, і нецярпліваму Севярыну прыйшлося дабірацца праз бурлівым морам спачатку з аватнутным Паўлавым на ягонай шкарлупінцы, пасля па паспакайнелым моры на сейнеры. Далей яго вяла таёжная сцежка, везла дрызіна, падстаўляў плячо перавал — і ў рэшце рэшт Севярын аказаўся ў «штаб-кватэры» запаведніка, дзе яго гасцінна сустрэў начальнік Захар Іракліевіч Дзянісаў. На наступны дзень Будрыс у суправаджэнні белай лайкі Амура выправіўся ўверх па цячэнні ракі Тыгравай і без асаблівых прыгод, але з мехам фларыстычных уражанняў, дайшоў да паляўнічай хаткі, побач з якой сустрэў Гражыну і яшчэ двух навукоўцаў — мужа і жонку, — што дапамагалі ёй у вывучэнні матылёў і неўзабаве тактоўна сышлі на іншую стаянку.

Севярын і Гражына размаўлялі, лавілі рыбу, гатавалі вячэру, і ва ўсіх гэтых няхітрых справах дзяўчына станавілася ўсё болей роднай, зразумелай і жаданай. Тым не менш, за спрэчкаю паміж фізікам і лірыкам паміж імі прабегла прафесійна-светапоглядніцкая шчыліна, якая да ночы чамусьці ператварылася ў прорву. Гражына пакінула Севярына каля вогнішча і пайшла ў хатку. І тут на дапамогу ледзь не згасламу каханню прыйшоў крыху не адэкватны леапард, які напужаў Амура і, хоць і сам спужаўся Севярына, стаў хадзіць коламі і пакрыўджана выць. Севярын перабраўся ў хату і лёг побач з Гражынай, але толькі пасля сну з сінхрафазатронам дзяўчына (нарэшце!) убачыла ягоную душу, і вось тут ужо полымя кахання асвятліла ўсю паляўнічую хатку. Новы дзень адзначыўся паходам у джунглі, дзе каханне запалала яшчэ мацней; а новая ноч — канчатковай перамогай Будрыса і Амура над леапардам, які, захвастаны абвугленымі доўбнямі, прызнаў паразу і сышоў назаўжды.

Далей было расстанне і абяцанне Гражыны прыехаць ва Уладзівасток з першым (або з другім) катэрам, але Будрыс і Амур чакалі дарэмна. Гражына вырашыла, што такое моцнае каханне не зможа палаць усё жыццё і абавязкова згасне, а гэтага яна не перажыве, і паспешліва ўцякла ад Севярына. Аб гэтым ён даведаўся з ліста, які атрымаў ад цяжарнай Гражыны праз два з паловай месяцы ўжо ў Маскве, на ранейшай працы. І, хоць дзяўчына просіць не шукаць яе, Севярын ведае, што абавязкова яе знойдзе.

Remove ads

Крытыка

А. Русецкі гаворыць што ў творы «б’ецца неспакойная, трывожная думка нашага сучасніка пра будучае чалавецтва, пра адказнасць за асобу, за кожнага чалавека, за грамадства і цывілізацыю». Польскі даследчык Ф. Няўважны лічыць, што аповесць «Чазенія» — гэта твор «пра сілу жыцця, трываласць дружбы, пра сілу кахання і спачування, магутнасць дабра, чалавечнасці і праўды, што выяўлена не толькі ў вобразах галоўных герояў, іхніх сяброў, але таксама ў з’явах прыроды, якая выступае тут, хто ведае, ці не галоўным героем і паказчыкам прагрэсу». Даследчык Г. С. Гарадко адзначае, што У. Караткевіч вырашае ўзнятыя праблемы «не проста на аснове асабістых узаемаадносін герояў, а галоўным чынам праз адносіны персанажаў твора да гэтых праблем». А. Мальдзіс сцвярджае: «„Чазенія“ — гэта ўзнёслы гімн першабытнай далёкаўсходняй прыродзе, Усурыйскай тайзе».

Асобныя даследчыкі вызначаюць жанр «Чазеніі» як «аповесці рамантызаванай, паэтычнай і дынамічнай» (С. Андраюк). Іншыя лічаць яе «паэмай у прозе, дзе спалучаны лірыка-рамантычны пачатак з эпічным дзечннем» (А. Русецкі, Ф. Няўважны).

Аўдыёспектакль

У 2018 акцёры Купалаўскага тэатра запісалі аўдыёспектакль паводле «Чазеніі». Усяго ў запісе прынялі ўдзел каля паўсотні акцёраў, уключаючы тых, чыімі галасамі яшчэ ў 1986 загаварылі героі кнігі «Каласы пад сярпом тваім» — Віктар Манаеў, Уладзімір Рагаўцоў, Валянцін Салаўёў.[2]

Зноскі

Remove ads
Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads