Юстыніян I
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Юстыніян, Юсцініян (лац.: Flavius Petrus Sabbatius Iustinianus) (482—565) — візантыйскі імператар у 527—565 гг. і праваслаўны тэолаг. Спрабаваў аднавіць моц, памеры, дзяржаўны строй Рымскай імперыі, якой яна была да ўнутраных звадаў і рэгулярных нападаў варварскіх плямёнаў, таксама імкнуўся прымірыць монафізіцтва з праваслаўем. Лічыцца адным з найвялікшых кадыфікатараў класічнага рымскага права.
Remove ads
Біяграфія
Узыходжанне на прастол
Пачаў палітычную кар'еру з саўладарства са сваім дзядзькам Юстынам I, пасля смерці якога ў 527 г. стаў неабмежаваным гаспадаром дзяржавы і царквы. Адразу пасля каранацыі стаў праводзіць ваенныя кампаніі супраць варварскіх народаў: усходніх готаў у Італіі, вестготаў у Іспаніі і вандалаў у Афрыцы, у мэтах аднаўлення імперскай улады ў заходняй частцы Рымскай імперыі (Гл.далей: Заходняя Рымская імперыя). Праводзіў абарончыя войны супраць персаў і славян, якія рэгулярна здзейснялі набегі на візантыйскія тэрыторыі.
У сувязі з гэтымі матэрыяльна затратнымі войнамі імператар быў вымушаны пайсці на празмернае павышэнне падаткаў, што ў 532 г. прывяло да масавых непарадкаў (Гл.далей: Паўстанне Ніка), якія былі задушаныя з дапамогай жонкі Юстыніяна, імператрыцы Феадоры. Нягледзячы на апазіцыю свайго асяроддзя і на сур'ёзнае бязладдзе ў Канстанцінопалі, Юстыніян у неспрыяльных умовах здолеў скончыць вайну з персамі, якая доўжылася з 527 г.
У 529 г. Юстыніян адмяніў усе філасофскія школы ў Афінах, у тым ліку Акадэмію Платона. Гэтая падзея часта разглядаецца як канец антычнасці.
Аднаўленне імперыі
Юстыніян 22 чэрвеня 533 г. паслаў у Афрыку войска ад 15000 да 16000 пехацінцаў і вершнікаў пад камандаваннем Велізарыя, аднаго з лепшых генералаў старога свету. Дзве бітвы пад Карфагенам скончыліся захопам караля вандалаў Гелімера (вясна 534 г.) і знішчэннем вандальскага каралеўства ў Афрыцы, якое стала візантыйскай правінцыяй.
Адразу ж пасля 535 г. з колькасцю 9000 чалавек Велізарый пачынае заваёву Італіі. Завалодаўшы спачатку Сіцыліяй у канцы 535 г., заваяваў Неапаль (лістапад 536 г.) і 9 снежня 536 г. увайшоў у Рым, дзе апынуўся пад аблогай ўсходне-гоцкага караля Віцігеса, але аблога хутка была знятая з дапамогай ваеннай падтрымкі Юстыніяна. Пасля 540 г. была ўзятая Равэна, такім чынам Італія вярнулася ў імперыю.
Кампаніяй на поўначы кіраваў сам імператар Юстыніян, які прыйшоў да ракі Савы і Дуная, і прыкладна ў 535 г. узяў Сінгідунум. У Іспаніі Юстыніян вызваліў толькі Андалусію і прыбярэжныя раёны на паўднёвым усходзе.
У той жа час персы парушаюць раней заключаны «вечны мір» і спусташаюць горад Антыёхію. Але імператар здолеў заключыць новы мірны дагавор. На Балканах яшчэ пасля чацвёртага стагоддзя паўстала новая пагроза: славяне, што пражывалі ў раёнах Балтыкі, Віслы, Карпат і Прыпяці, пад сталым ціскам заваёўнікаў з Азіі былі падзеленыя на тры вялікія групы і пачалі рухацца ў некалькіх кірунках. Заходняя група славян размясцілася паміж Эльбай і Дунаем, усходняя — паміж Днестрам і Донам. Паўднёвыя славяне пачалі рухацца ў напрамку Ніжняга Дуная. Тут яны штогод рабавалі тэрыторыю Візантыі, некаторыя плямёны траплялі пад уладу гунаў і разам з імі спусташалі правінцыі Фракію, Ілірыю, Грэцыю, нават падыходзілі пад Канстанцінопаль (538, 540, 558).
Духоўная дзейнасць
Юстыніян вылучыўся не толькі як рэстаўратар Рымскай Імперыі, але і хрысціянскай царквы. Ён імкнуўся ўсімі сіламі захаваць палітычнае і духоўнае адзінства імперыі, якая ўлучала ў сябе розныя народы, асабліва намагаўся захаваць царкву і праваслаўную веру. Клопат пра веру ён праяўляе ў сваёй велізарнай заканадаўчай дзейнасці, асабліва ў «Новым заканадаўстве», а таксама ў «Кодэксе», які рэгуляваў царкоўнае жыццё біскупаў і епархій, манастыроў і манаскага жыцця, а таксама кіраванне царкоўнай маёмасцю.
Corpus Iuris Civilis
У спробе вярнуць славу Рымскай імперыі Юстыніян утварае камітэт з 16 юрыстаў, які ўзначальвае Трыбаніян, і патрабуе ад іх збіраць і ўсталёўваць усю прававую спадчыну класічнага перыяду рымскага права.
Вынік іх працы, Corpus Iuris Civilis (Працы па грамадзянскім праве), складаецца з чатырох частак: Кодэкс Юстыніяна — збор прававых актаў з часу Адрыяна да Юстыніяна; Digestae — збор актаў рымскіх юрыстаў; Institutiones — вытрымкі ад дзвюх папярэдніх прац з каментарамі, распрацаваныя ў якасці навучальнага дапаможніка, і Novelle — збор актаў перыяду праўлення Юстыніяна.
Смерць
Памёр, не пакінуўшы спадчынніка, наступнікам на стальцы стаў яго пляменнік Юстын II.
Remove ads
Гл. таксама
- Візантыя
- Кодэкс Юстыніяна
Зноскі
- Любкер Ф. Iustinianus // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 707–708.
- Ив. Гр. Феодора // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1904. — Т. XLIа. — С. 894–895.
- Юстиниан // Малая советская энциклопедия / под ред. Н. Л. Мещеряков — 2 — Советская энциклопедия, 1936.
Remove ads
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
