Касцёл Святога Антонія Падуанскага (Віцебск)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Касцёл Святога Антонія — каталіцкі храм з кляштарам, знаходзіўся ў Віцебску на Ратушнай плошчы праз дарогу ад Ратушы.
Комплекс Віцебскага бернардынскага кляштара складаўся з касцёла і кляштарнага корпуса, якія ўтваралі замкнёны ўнутраны двор. У 1961 годзе савецкія ўлады зруйнавалі касцёл і кляштар (захаваліся падмуркі).
Remove ads
Гісторыя
Кляштар быў фундаваны ў 1676 годзе ваяводам віцебскім Янам Антоніем Храпавіцкім, у 1685 г. пастаўлены першыя драўляныя будынкі. Праз кароткі час ён згарэў і быў наноў адбудаваны з дрэва ў 1700 г. Падчас пажару 1733 г. касцёл зноў згарэў. У 1737 г. пачалося будаўніцтва мураванага касцёла і кляштара на сродкі Казіміра і Тэклі (з Ларскіх) Саковічаў. У 1768 г. касцёл быў асвечаны ў імя Св. Антонія беларускім біскупам-суфраганам Феліксам Тавянскім.
У 1832 г. кляштар бернардзінцаў скасаваны. У 1843 г. касцёл стаў парафіяльным і дзейнічаў да 1920-х гадоў. Спустошаны кляштарны корпус у 1855 г. перайшоў да дзяржаўных устаноў.
У 1920-х гадах касцёл закрылі, некалькі гадоў тут працаваў «Музей атэізму», дзе захоўваліся мошчы Еўфрасінні Полацкай. У 1940-я гады спецыяльнай пастановай кляштар быў зруйнаваны.
Будынак касцёл пацярпеў у гады Другой сусветнай вайны, але асноўныя канструкцыі знаходзіліся ў задавальняючым стане. Будынак лічыўся помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. Тым не менш, 7 красавіка 1958 г. намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Мікалай Сабельнікаў аддаў загад трэсту добраўпарадкавання “здзейсніць абрушэнне скрыні былога касцёла па вул. Леніна ў г. Віцебску 15 красавіка 1958 г. з 5 гадзін да 6 гадзін раніцы”. Што і было выканана[1].
У канцы 2017 года Міністэрства культуры Беларусі ўхваліла эскізную прапанову па аднаўленні касцёла. Архітэктары Яўген Калбовіч і Ігар Рацько (навуковы кіраўнік праекта) выканалі прадпраектныя работы і ўстанавілі дакладнае месца размяшчэння старога падмурка касцёла, раскапаўшы яго частку. Касцёл прапануецца аднавіць, ссунуўшы яго на некалькі метраў ад першапачатковага месца, улічваючы сучаснае становішча і загружанасць вул. Леніна, адной з галоўных магістралей горада[2]. Супраць гэтай прапановы выступіла Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Паводле старшыні таварыства Антона Астаповіча, пераносіць помнік з яго гістарычнага месца недапушчальна, бо гэта будзе «псеўдааднаўленне», якое «парушае і міжнародныя методыкі, і прынцыпы, закладзеныя ў нацыянальных нарматыўна-прававых актах і ў тэхнічных нарматыўных дакументах»[3].
Remove ads
Архітэктура
Трохнефавы будынак меў толькі чатыры ўнутраныя апоры, дзякуючы чаму яго вонкавы контур плана блізкі да квадрата (без рызніц абапал галоўнага алтара). У адрозненне ад большасці касцёлаў Беларусі вонкавы фасад гэтага касцёла мае абрысы, якія развіваюцца ў шырыню. Магчыма, што гэтая шырокасць была выклікана вялікай працягласцю самой Ратушнай плошчы, для якой быў неабходны расцягнуты па гарызанталі фасад.
Фасад меў трохчасткавае чляненне: дзве вежы і шырокая паласа паміж імі, якая адпавядала сярэдняму нефу. Кожная частка стылістычна блізкая да пануючага ў той час віленскага барока, для якога характэрны стройныя, выцягнутыя па вертыкалі ажурныя сілуэты. Бернардзінскі касцёл дзякуючы свайму расцягнутаму агульнаму абрысу гарманаваў з распасцёртай па гарызанталі масай кляштара.
Remove ads
Інтэр'ер
Паўкруглую апсіду ў інтэр'еры запаўняў магутны 2-ярусны барочны алтар, падсвечаны 2 высокімі бакавымі арачнымі аконнымі праёмамі. Першы ярус алтара быў вырашаны карынфскай каланадай, што несла крапаваны прафіляваны антаблемент, другі ўяўляў сабой прамавугольны шчыт з ляпным пано «Глорыя» і бакавымі валютамі з фігуркамі анёлаў. Ідэнтычна, але ў меншым маштабе, былі вырашаны кулісныя алтары. Падлога была выкладзена тэракотавай пліткай. Сярод касцельнага начыння вылучаўся абраз-палатно «Св. Іасафат» у фігурнай разной раме ў стылі ракако.
Галерэя
Фасад і план касцёла і кляштара ў XIX ст. Касцёл у 1867 г. Касцёл і кляштар (справа) на малюнку Напалеона Орды (1875) Касцёл у 1910 г. Галоўны алтар - На паштовай марцы Беларусі, 1999
Зноскі
- Якімовіч Ю.А. Сілуэты старога Віцебска : гісторыка-краязнаўчая экскурсія / Рэд. і падрыхт. да друку: Л.У. Хмяльніцкая. – Мінск, 2019. – 240 с.
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads