Вінаградарства
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вінагра́дарства з'яўляецца галіной аграпрамысловага комплексу і накіравана на вырошчванне высокіх ураджаяў сталовага і тэхнічнага вінаграда для забеспячэння насельніцтва свежым і сушоным вінаградам (разынкамі, кішмішам, карынкай), а вінаробства і кансервавую прамысловасць — сыравінай.
Вінаградарства мае чатыры вытворчыя кірункі:
- сталовае вінаградарства — вытворчасць свежага вінаграду для мясцовага спажывання, вывазу і захоўвання;
- вінаградарства як сыравінная база вытворчасці сушанага вінаграду — вырошчванне кішмішна-разынкавых сартоў;
- вінаградарства як сыравінная база вінаробнай прамысловасці (выкарыстоўвае каля 80 % усяго вінаграду);
- вінаградарства як сыравінная база кансервавай прамысловасці.
Адрозніваюць вінаградарства ўкрыўное і неўкрыўное, арашальнае і неарашальнае, або багарнае, коранеўласнае і прышчэпленае на марозаўстойлівых і філаксераўстойлівых прышчэпах.
Вінаградарства з'явілася ў старажытнасці ў краінах Міжземнамор'я, Блізкага Усходу, Сярэдняй Азіі.
Сусветная вытворчасць вінаграду складае штогод 57— 60 млн т. Больш як палову яго атрымліваюць у Італіі, Францыі, ЗША, Іспаніі, Турцыі. Далей ідуць Аргенціна, Іран, ПАР, Грэцыя, Румынія, Партугалія, Германія, Расія, Чылі, Аўстралія, Азербайджан, Бразілія, Малдова.
Прамысловае вінаградарства развіта паміж 34—52° паўн. ш. і 20—40° паўд. ш. У Еўропе паўночная мяжа вырошчвання прамысловага вінаграду праходзіць праз Парыж, Льеж, Дзюсельдорф, Камянец-Падольскі, Саратаў. Прамысловае вінаградарства характарызуецца інтэнсіўнасцю, патрабуе вял. капіталаўкладанняў і значных затрат працы. У ім выкарыстоўваецца механізацыя многіх працаёмкіх работ: тэрасавання, плантажу, пасадкі, рыхлення міжрадкоўяў, унясення ўгнаенняў, укрывання і адкрывання кустоў, устаноўкі шпалераў, барацьбы са шкоднікамі і хваробамі і інш. Прысядзібнае аматарскае вінаградарства пашыраецца далей на поўнач.