![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/c/c6/Tampereen_taistelun_aikana_tuhoutunutta_Tammelan_kaupunginosaa_%252826696844330%2529.jpg/640px-Tampereen_taistelun_aikana_tuhoutunutta_Tammelan_kaupunginosaa_%252826696844330%2529.jpg&w=640&q=50)
Грамадзянская вайна ў Фінляндыі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Грамадзянская вайна ў Фінляндыі (фінск.: Suomen sisällissota, шведск.: Finska inbördeskriget) — вайна 1918 года, якая вялася за кіраўніцтва і кантроль над краінай паміж Белай Фінляндыяй і Фінскай Сацыялістычнай Рабочай Рэспублікай (Чырвоная Фінляндыя) падчас пераходу краіны ад Вялікага Княства ў складзе Расійскай імперыі да незалежнай дзяржавы. Сутыкненні адбываліся ў кантэксце нацыянальных, палітычных і сацыяльных хваляванняў, выкліканых Першай сусветнай вайной (Усходні фронт) у Еўропе. Вайна вялася паміж Чырвонай гвардыяй, якой кіравала частка Сацыял-дэмакратычнай партыі, і Белай гвардыяй[en], якой кіраваў сенат[en] і тыя, хто выступаў супраць сацыялізму. У канцы вайны па просьбе фінскага грамадзянскага ўрада белым дапамагала Германская імперская армія. Ваенізаваныя фармаванні чырвоных, якія складаліся з рабочых і сялян, кантралявалі гарады і прамысловыя цэнтры паўднёвай Фінляндыі. Ваенізаваныя белагвардзейскія фармаванні, якія складаліся з землеўладальнікаў і прадстаўнікоў сярэдняга і вышэйшага класаў, кантралявалі сельскую мясцовасць цэнтральнай і паўночнай Фінляндыі і кіраваліся генералам Манэргеймам.
Грамадзянская вайна ў Фінляндыі | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Першая сусветная вайна, Грамадзянская вайна ў Расіі і Рэвалюцыі 1917–1923 | |||
![]() Будынкі ў Тамперэ, разбураныя падчас бітвы | |||
Дата |
|
||
Месца | Фінляндыя | ||
Вынік |
Перамога белых
|
||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
![]() |
У перадваенныя гады Фінляндыя зазнала хуткі рост насельніцтва, індустрыялізацыю, урбанізацыю і рост шырокага рабочага руху. Палітычная і дзяржаўная сістэмы краіны знаходзіліся ў нестабільнай фазе дэмакратызацыі[en] і мадэрнізацыі. Паступова паляпшалася сацыяльна-эканамічнае становішча і адукаванасць насельніцтва, узрастала нацыянальная самасвядомасць і культура. Першая сусветная вайна прывяла да распаду Расійскай імперыі, выклікаўшы вакуум улады[en] ў Фінляндыі, а наступная барацьба за дамінаванне прывяла да мілітарызацыі і эскалацыі крызісу паміж левым рабочым рухам і кансерватарамі. Чырвоныя правялі няўдалае поўнамаштабнае наступленне ў лютым 1918 года, забяспечаныя зброяй з боку Савецкай Расіі. У сакавіку пачалося контрнаступленне белых, узмоцненых ваеннымі атрадамі Германскай імперыі ў красавіку. Вырашальнымі сутыкненнямі сталі бітвы за Тамперэ[en] і Выбарг[en], выйграныя белымі, і бітвы за Хельсінкі[en] і Лахты[en], выйграныя нямецкімі войскамі, якія прывялі да поўнай перамогі белых і нямецкіх войск. Палітычны гвалт[en] быў часткай вайны. Каля 12 500 чырвоных вязняў памерлі ў лагерах ад недаядання і хвароб. У канфлікце загінулі каля 39 тысяч чалавек, з якіх 36 тысяч былі фінамі.
Адразу пасля вайны фіны перайшлі ад расійскага кіравання ў сферу ўплыву Германіі. Планавалася стварыць падкантрольную Германіі фінскую манархію. План быў спынены паражэннем Германіі ў Першай сусветнай вайне, і Фінляндыя замест гэтага стала незалежнай дэмакратычнай рэспублікай. Грамадзянская вайна падзяліла нацыю на дзесяцігоддзі. Фінскае грамадства было ўз’яднана праз сацыяльныя кампрамісы, умераную пасляваенную палітыку, рэлігію і эканамічнае аднаўленне.