From Wikipedia, the free encyclopedia
Касцёл Святога Войцеха і кляштар бенедыкцінак — рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Мінску. Дзейнічаў з 1-й паловы XVII ст. да 1870-х гадоў. Займаў пляц на Высокім Рынку на Зборавай вуліцы (цяпер раён кінатэатра «Перамога»).
Славутасць | |
Касцёл Святога Войцеха і кляштар бенедыкцінак | |
---|---|
53°54′05″ пн. ш. 27°33′17″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | архітэктура барока[d] |
Дата скасавання | 1964 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Комплекс складаўся з мураваных будынкаў касцёла і 2-павярховага кляштарнага корпуса з прыбудовай, капліцы, капеланіі, 2 флігеляў, бровара, свірана, стайні і іншых пабудоў, а таксама саду. Тэрыторыю кляштара акружаў высокі мур, які меў некалькі брам. Усе кляштарныя пабудовы зруйнавалі ў 1960-я гады, да нашага часу захаваліся падмуркі касцёла.[1][2]
Мінскі бенедыкцінскі кляштар заснаваў віленскі канонік Войцех Сялява, які купіў у горадзе два дамы з іншымі пабудовамі ў С. Друцкага-Горскага і А. Сакалінскага і перадаў іх ордэну. Адпаведны ўклад ад 4 мая 1633 года пацвердзілі 14 ліпеня 1633 года кароль Уладзіслаў IV і віленскі біскуп С. Война.[3] Першыя манашкі перасяліліся сюды з нясвіжскага бенедыкцінскага кляштара.
Ад пачатку комплекс быў драўляным, але ўжо ў 1647—1649 гадах намаганнямі віленскага ваяводы Крыштафа Хадкевіча і яго жонкі Соф’я, народжанай Горскай-Друцкай, архітэктар А. Кромер узвёў мураваны касцёл у гонар Св. Войцеха, біскупа і мучаніка. Мураваны кляштарны корпус збудавалі на сродкі К. К. Свірскай.[3] Мецэнатамі кляштару былі Марцыбела Зянкевіч, Сусанна і Алена Станкевіч, Сусанна Навадворская і інш.
У вайну 1654—1667 гадоў усе драўляныя кляштарныя пабудовы былі спалены, значна пашкоджана і разрабавана мураваная святыня. Кляштар адбудавалі ў 1670-я гады, касцёл асвяціў біскуп Мікола Слупскі.
У 1682 годзе ўвесь комплекс рэканструявалі, апроч таго ўзвялі новы мураваны кляштарны корпус. У 1780-я гады комплекс кляштара зноў рэканструявалі паводле праекта архітэктара Т. Раманоўскага ў стылі сталага барока, але будаўніцтва вежаў-званіц завяршылася толькі ў 1803 годзе.
Станам на канец XVIII — пачатак XIX стст. ва ўладанні кляштара было 3 фальваркі, 8 вёсак, 3 карчмы, млын і каля 93 валокі зямлі. У 1799 годзе ў ім жылі 22 манашкі. Пры кляштары дзейнічала школа, дзе, паводле Яна Ходзькі, вучылася 18 дзяўчат (толькі 6 з іх плацілі на навучанне[3]).
Па задушэнні паўстання 1863—1864 гадоў расійскія ўлады зачынілі кляштар бенедыкцінак (1871), канфіскавалі будынкі ў каталікоў і перадалі іх праваслаўнаму ведамству пад жаночы Праабражэнскі манастыр. У 1872 годзе пачалася перабудова барочнага комплексу ў рэтраспектыўна-рускім стылі, Праабражэнскі-Варварынскі храм і манастыр былі асвечаны 2 лютага 1874 года[4].
У пачатку 1920-х гадоў савецкія ўлады ліквідавалі менскі жаночы праваслаўны манастыр. Некаторы час праваслаўная царква ў будынку былога касцёла дзейнічала, але ў 1930-я гады яе прыстасавалі пад клуб. У сярэдзіне 1960-х гадоў комплекс касцёла і кляштара ўзарвалі. Пазней з левага боку ад падмуркаў касцёла збудавалі будынак гарадской пракуратуры з чырвонай цэглы.
Пасля рэканструкцыі 1780—1803 гадоў касцёл уяўляў сабой прамавугольны ў плане 1-нефны аб’ём з 5-граннай апсідай, памерамі 70 на 20 локцяў (каля 46×13 м). Святыня мела 2-схільны чарапічны дах, больш нізкі над прэзбітэрыем. Галоўны фасад, звернуты да вуліцы, завяршаўся франтонам крывалінейнага абрысу. Яго фланкіравалі 2 высокія 3-ярусныя вежы з купальнымі завяршэннямі. Фасад быў насычаны вытанчанай архітэктурнай пластыкай: тонкапрафіляваны раскрапаваны карнізны пас падзяляў яго на два ярусы, а пілястры — на тры часткі, аконныя праёмы мелі мяккую лучковую абмалёўку.[5]
Інтэр’ер пад цыліндрычнымі скляпеннямі ўпрыгожвалі пяць 2-ярусных алтароў: галоўны алтар Св. Войцеха, алтары Тадэвуша Апостала, Святой Сям’і, святых патрыярхаў Бенедыкта і Схаластыкі, Беззаганага Зачацця Дзевы Марыі. У галоўным драўляным алтары быў абраз Маці Божай з Дзіцяткам, напісаны на палатне, у срэбнай з пазалотай і рубінамі шаце. У 2-м ярусе быў абраз Св. Войцеха, увенчвала кампазіцыю разьбянае Укрыжаванне. Падлогу ў прэзбітэрыі касцёла пакрывалі пліткі чорнага мармуру, у санктуарыі яна была цаглянай. Сакрысція мелася адна, на хорах стаялі арганы на 10 галасоў. Побач з хорамі каля бакавой сцяны была адмысловая галерэя, дзе падчас святаў выступалі музыкі.[6]
Пры перабудове касцёла на царкву верхнія ярусы вежаў і франтон разбурылі, замест іх паставілі 5 глухіх цыбулепадобных купалаў над асноўным аб’ёмам і драўляную абшытую жалезам 3-ярусную шатровую званіцу ў цэнтры галоўнага фасада.[3]
Да заходняга фасада касцёла далучаўся 2-павярховы, прамавугольны ў плане, кляштарны корпус пад вальмавым дахам. Насуперак архітэктуры касцёла ён меў сціплае пластычнае вырашэнне, фасады рытмічна падзяляліся прамавугольнымі аконнымі праёмамі.[5]
Цікавай была сістэма ацяплення будынка — ад печак у тоўшчы сцен і пад падлогай былі пракладзены своеасаблівыя керамічныя каларыферы, якія давалі дадатковае цяпло. Корпус бенедыкцінак разлічваўся на 15 келляў, тым не менш у кляштары часам знаходзілася да 28 законніц, а разам з навіцыяткамі, вучаніцамі і служачымі насельніцтва дасягала 90 чалавек.
У комплекс кляштара таксама ўваходзіў сад, які паводле інвентара 1804 года налічваў 150 фруктовых дрэваў і агарод.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.