![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/1/1a/Biological_cell.svg/langbe-640px-Biological_cell.svg.png&w=640&q=50)
Лізасома
From Wikipedia, the free encyclopedia
Лізасомы (ад грэч. λύσις — раствараю і sōma) — структуры цытаплазмы клетак жывельных і раслінных арганізмаў, якія здольны расшчапляць бялкі, вугляводы, ліпіды, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды; маюць у сабе больш за 50 гідралітычных ферментаў. Адкрыты К. Дэ Дзювам.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/1/1a/Biological_cell.svg/640px-Biological_cell.svg.png)
Гэта невялікія мембранныя пузыркі ў клетцы, якія адшнуроўваюцца ад цыстэрнаў комплексу Гольджы і ўтрымліваюць набор стрававальных ферментаў. Клеткавыя арганоіды памерам 0,2 — 0,4 мкм, адзін з відаў везікул. Гэтыя аднамембранныя арганоіды — частка вакуома (эндамембраннай сістэмы клеткі). Розныя віды лізасом могуць разглядацца як асобныя клеткавыя кампартменты.
Лізасомы — шарападобныя цельцы, якія ўтрымліваюць гідралітычныя ферменты і абмежаваны мембранай. Адрозніваюць першасныя, неактыўныя, або гідралазныя, пухірыкі, другасныя (актыўныя) лізасомы і астачавыя цельцы. Другасныя лізасомы атрымліваюцца пры аб'яднанні з фагасомай, пінацытознымі вакуолямі або з змененымі арганеламі самой клеткі (цэлі). Яны забяспечваюць завяршэнне ўнутрыцэлевага пераварвання. Калі расшчапленне ідзе не да канца, у фагалізасоме застаюцца неператраўленыя прадукты і яна ператвараецца ў астачавае цельца (тэлалізасому), якое мае пластковую будову, змяшчае пігменты.
У цэлях такіх органаў, як печань, ныркі і іншыя, акрамя лізасом выяўлены пераксісомы. Гэта цельцы, пабудаваныя накшталт лізасом, аднак яны маюць большыя памеры (0,3—1,5 мкм) і ўтрымліваюць ферменты акіслення амінакісляў і разбурэння перакісу вадароду, таксічнага для цэлі. Другасныя лізасомы, якія ўтвараюцца ў клетках пратыстаў, звычайна называюць стрававальнымі вакуолямі.
Парушэнне функцыі лізасом вядзе да лізасомных хвароб намнажэння.