Памяць з адвольным доступам
From Wikipedia, the free encyclopedia
Памяць з адвольным доступам, аператыўная памяць (англ.: random-access memory, RAM) — від камп’ютарных прыладаў для захоўвання інфармацыі. На сённяшні дзень існуе ў выглядзе інтэгральных схем, якія дазваляюць мець доступ да захаванай інфармацыі ў любым парадку (г. зн. адвольна). «Адвольна» ў гэтым выпадку падкрэслівае тое, што любая частка інфармацыі можа быць атрымана за пэўны час, незалежна ад яе месцазнаходжання і суадносін з папярэдняй часткай.
Тэрмін «памяць з адвольным доступам» часта асацыююць з энергазалежнымі тыпамі памяці (такімі як DRAM), дзе інфармацыя губляецца пасля адключэння сілкавання. Многія іншыя тыпы памяці таксама з’яўляюцца памяццю з адвольным доступам, у тым ліку большасць тыпаў памяці толькі для чытання і флэш-памяць (г. зв. NOR-flash).
Абмен данымі паміж працэсарам і аператыўнай памяццю адбываецца:
- непасрэдна,
- альбо праз звышхуткую памяць 0-га узроўню — рэгістры ў АЛП, ці пры наяўнасці кэша — праз яго.
Даныя, якія знаходзяцца ў аператыўнай памяці, даступныя толькі ў той час, калі на модулі памяці падаецца напружанне, г. зн. камп’ютар уключаны. Знікненне на модулях памяці сілкавання, нават кароткачасовае, вядзе да скажэння ці поўнага знішчэння даных у АЗП.
Энергазберагальныя рэжымы працы мацярынскай платы камп’ютара дазваляюць пераводзіць яго ў рэжым «сну», што значна скарачае узровень спажывання камп’ютарам электраэнергіі. Для захоўвання зместу АЗП у гэтым выпадку ўжываюць запіс зместу аператыўнай памяці ў спецыяльны файл (у сістэме Windows XP ён называецца hiberfil.sys), альбо ў спецыяльны падзел (swap-partition у сістэме gnu/linux).
У агульным выпадку, аператыўная памяць утрымлівае даныя аператыўнай сістэмы і запушчаных на выкананне праграм, таму ад аб’ёму аператыўнай памяці залежыць колькасць задач, якія адначасова можа выконваць камп’ютар.
Аператыўная запамінальная прылада, АЗП — тэхнічная прылада, якая рэалізуе функцыі аператыўнай памяці.
АЗП можа быць выраблена як асобны блок ці ўваходзіць у канструкцыю, напрыклад аднакрыштальнай ЭВМ ці мікракантролера.