Першабытнае грамадства
From Wikipedia, the free encyclopedia
Першабытнае грамадства (абшчынна-родавае, родавае грамадства) — умоўная назва перыяду ў гісторыі чалавецтва ад з’яўлення чалавека да з’яўлення першых класавых грамадстваў або паводле іншага вызначэння да з’яўлення пісьмовай гісторыі, т.б. да з’яўлення пісьменнасці. Часавыя межы перыяду вызначаюцца прыблізна ад 2,5 млн гадоў таму да 8-5 тыс. гадоў таму, але і ў наш час існуюць перыферыйныя грамадствы, якія жывуць першабытнаабшчынным ладам. Тэрмін «дагістарычны» ўвайшоў ва ўжыванне ў XIX стагоддзі. У шырокім сэнсе слова «дагістарычны» дастасавальны да любога перыяду да вынаходства пісьменства, пачынаючы з моманту ўзнікнення Сусвету, але ў вузкім — толькі да дагістарычнаму мінулагу чалавека. Паколькі, па вызначэнні, аб дадзеным перыядзе няма пісьмовых крыніц, пакінутых яго сучаснікамі, інфармацыю пра яго атрымліваюць, абапіраючыся на звесткі такіх навук, як археалогія, этналогія, палеанталогія, біялогія, геалогія, антрапалогія, археаастраномія, паліналогія.
Паколькі пісьменнасць з’явілася ў розных народаў у розны час, да шматлікіх культур тэрмін «дагістарычны» альбо не ўжываецца, альбо яго сэнс і часавыя межы не супадаюць з чалавецтвам у цэлым. У прыватнасці, перыядызацыя дакалумбавай Амерыкі не супадае па этапах з Еўразіяй і Афрыкай. У якасці крыніц аб дагістарычных часах культур, да апошняга часу пазбаўленых пісьменства, могуць быць вусныя паданні, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Першабытнае грамадства характарызуецца калектыўнай працай і спажываннем. Пачало складвацца больш як 1,5 млн г. назад. Развівалася разам са станаўленнем чалавека, удасканаленнем метадаў выкарыстання гатовых дароў прыроды, а потым і развіццём прадукцыйных сіл.