Рыфма
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ры́фма (стар.-грэч.: ῥυθμός — суразмернасць) — паўтаральная сугучнасць асобных словаў ці іх частак на адных і тых жа месцах у вершаваных радках. Усталяванасцю пазіцыі рыфма адрозніваецца ад іншых відаў гукавых паўтораў, што сустракаюцца ў вершы. Часцей за ўсё рыфма бывае ў канцы радкоў, таму яе часам не зусім дакладна вызначаюць як сугучнасць клаўзул.
Аднак паэзія, апрача найбольш пашыраных канцавых рыфмаў, ведае рыфмы пачатковыя, калі сугучныя словы стаяць у пачатку суседніх радкоў, і ўнутраныя, калі адно з сугучных словаў знаходзіцца ў сярэдзіне, а другое — ў канцы аднаго і таго ж радка. Сустракаюцца вершы, у якіх усе словы або частка словаў аднаго радка рыфмуюцца з усімі словамі або часткай словаў другога радка (пантарыфма). Што да характару сугуччаў, то ў іх вырашальную ролю адыгрывае перш за ўсё супадзенне націскных галосных, а ўжо затым — паслянаціскных і пераднаціскных зычных і галосных гукаў.
Рыфма — не абавязковая прымета верша. Антычная паэзія, напрыклад, рыфмаў не ведала. Не было яе і ў найбольш даўніх жанрах усходнеславянскага фальклору (былінах, думах, галашэннях і г. д.).