Рэфармацыя ў Рэчы Паспалітай
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэфарма́цыя ў Рэ́чы Паспалі́тай — рэлігійны і грамадскі рух, які пастуляваў змены ў Царкве. Існаваў ад 20-х гадоў XVI стагоддзя да сярэдзіны XVII стагоддзя, калі канчаткова перамагла контррэфармацыя. Рэфармацыя ў РП характарызавалася дынамічным развіццём у XVI—XVII стст., а пасля такі самы імклівы заняпад, ажно да поўнай маргіналізацыі і страты ўплыву на пачатку XVIII стагоддзя[1]. На думку некаторых даследчыкаў, у адрозненне ад іншых еўрапейскіх дзяржаў, дзе прыводзіла да ўзмацнення манархічнай улады, толькі ў Рэчы Паспалітай Рэфармацыя адначасова паслабіла і каралеўскую, і царкоўную ўлады[2].
Рэфармацыя ў РП ад пачатку абмежавалася толькі верхнімі і сярэднімі класамі грамадства, у асноўным у местах паўночнай і заходняй Польшчы, на Келеччыне, Любельшчыне і Жмудзі. Так і не аказала значнага ўплыву на вясковае насельніцтва; выняткам былі толькі мяшканцы заходняга памежжа. У РП амаль не было магутных пратэктараў, якія б падтрымлівалі гэты рух; магнаты трактавалі змену вызнання як сваю прыватную справу і як частку «залатой шляхецкай вольнасці». Толькі на Літве такія магнаты, як Мікалай Радзівіл Чорны і Ян Кішка падтрымалі Рэфармацыю. Становішчу Рымска-каталіцкай царквы сур’ёзнай пагрозы не было.
У Рэчы Паспалітай з’явіліся тры рэфармацыйныя плыні: першым прыйшло лютэранства, следам — кальвінізм, а астатнім — г.зв. арыянства, або рух польскіх братоў. Рэфармацыя дала значны ўнёсак у развіццё польскай мовы, культуры і літаратуры, што стала прычынай ажыўлення навукі і асветы праз развіццё адукацыі і выдавецкай справы. Яе дзеячамі сталі шмат выбітных пісьменнікаў, тэолагаў і вучоных.