Талочныя песні
народныя абрадавыя песні / From Wikipedia, the free encyclopedia
Тало́чныя пе́сні[1], талаковыя песні[1], талачанскія песні[1] — разнавіднасць каляндарна-абрадавых песень, якія суправаджалі працу земляроба на талацэ.
У залежнасці ад віду сезонных работ сярод талочных песень вылучаюць 3 групы:
- песні веснавой талакі,
- жніўныя талочныя песні,
- песні восеньскіх талок.
Самая шматлікая група — песні вясновай талакі[1]. Яна прадвызначыла прыроду жанру, добра перадае атмасферу працы, характэрны радасны настрой. Талочным песням уласціва антытэза, іронія, дасціпны гумар. У песнях часта гучыць зварот да гаспадара, у якім удзельнікі талакі ў незласлівай форме нагадваюць пра працу і разлік за яе, у жартоўнай форме дакараюць за нібыта недастатковае частаванне работнікаў, залішнюю ашчаднасць гаспадыні. У некаторых песнях гучаць заклёны на добры ўраджай, але пераважаюць бяседныя тэмы пра каханне, перажыванні маладой у чужой сям’і. У веснавых песнях пераважае вобраз талочніцы — вясёлай і дасціпнай жанчыны, галоўнай удзельніцы талакі.
У жніўных песнях адлюстроўваецца карціна жніва, вобразы жней. Жніўныя талочныя песні выконваліся ў час застолля пры калектыўнай апрацоўцы лёну, азімай сяўбе, малацьбе.
На тэрыторыі сучаснай Беларусі талочныя песні былі пашыраны паўсюдна, а найбольш шырока — на Падзвінні[1].