Тэатральны рэжысёр
From Wikipedia, the free encyclopedia
Тэатральны рэжысёр — асоба ў тэатры, якая паводле сваёй творчай задумы кіруе работай усіх удзельнікаў пастаноўкі (акцёраў, сцэнографа, кампазітара і інш.), знітоўвае ўсе элементы спектакля і падпарадкоўвае іх раскрыццю ідэйна-мастацкай сутнасці драматычнага твора. Рэжысёрская задума ўключае ідэйнае вытлумачэнне (інтэрпрэтацыю) п’есы, вызначэнне яе жанру, стылю і адпаведна манеру акцёрскага выканання, характарыстыку персанажаў, вырашэнне спектакля ў часе і прасторы (тэмп, рытм, мізансцэны, арганізацыя сцэнічнай пляцоўкі), а таксама прынцыпы мастацкага афармлення спектакля (з мастаком і кампазітарам)[1].
У залежнасці ад асаблівасцей п’есы, яе тэмы, ідэі, жанру, стылю і іншыга вынікае форма спектакля. Галоўная сфера дзейнасці ў рэжысёрскім мастацтве — работа рэжысёра з акцёрам на рэпетыцыі над увасабленнем пастановачнай задумы спектакля. Адносіны паміж рэжысёрам і акцёрам у працэсе работы маюць характар творчага ўзаемадзеяння. Рэжысёрскае мастацтва прайшло шлях ад спалучэння ў адной асобе драматурга, выканаўцы і рэжысёра да трансфармацыі рэжысёра як асноўнага творчага інтэрпрэтатара і арганізатара сцэнічнага твора[1].